Бася паглядзела на яго. У абліччы пана Альбрыхта цяпер са праўды было складана пазнаць былога элегантнага дзядка, якога яна бачыла ўсяго некалькі дзён таму. Няголеныя шчокі запалі, ранейшая вострая бародка неахайна тырчала на падбароддзі, замытая бальнічная кашуля вісела мехам на згорбленых плячах.
– Што вы такое кажаце! – Дзяўчынка дакранулася да яго рукі. – Усё наладзіцца. Вось толькі крыху ачуняеце і зноўку вернецеся на Сціклю.
– Не, – крутануў галавой пан Альбрыхт. – Я не пра тое. Абапёршыся на падушкі, ён адвярнуўся ад яе і перарывіста ўздыхнуў. Бася сядзела каля яго ложка і намагалася скеміць, што б можна было сказаць, каб трошкі падбадзёрыць старога. Крыху памаўчаўшы, ён зноў загаварыў:
– Я змарнаваў на пошукі элементаў столькі гадоў, думаў, што вось ужо блізкі да сваёй мэты. А ў выніку высветлілася, што ўсё было дарэмна. Як бы я ні стараўся, мне ўсё роўна не спазнаць таямніцу Ключа.
– Пан Альбрыхт, нельга адчайвацца! – дакорліва ўсклікнула Бася. – Вы ж самі казалі, што ў вас маецца здагадка, дзе шукаць далей.
Стары перавёў на яе позірк і слаба пасміхнуўся.
– Разумееце, мадэмуазэль Барбара, у той момант я так баяўся, што вы з Міхалам пакінеце мяне… – Ён паморшчыўся. – Я блефаваў, мадэмуазэль. Я разумеў, што зайшоў вельмі далёка, але павінен прызнаць, што без вас дваіх я ўсяго толькі слабы дзед, які ні на што, як бы мне ні хацелася верыць у адваротнае, ужо не здольны. Таму, каб вы засталіся са мной, я сказаў, што маю здагадкі наконт адсутнага элемента. Гэта няпраўда. У мяне няма ніякіх здагадак. Прабачце мне.
Пан Альбрыхт некалькі разоў варухнуў падбароддзем і адвёў вочы. У Басі ад жалю сціснулася сэрца.
– Гэта нічога не значыць, – сказала яна. – Нават калі ні ў вас, ні ў каго з нас пакуль няма ніякіх зачэпак, мы не мусім спыніцца.
– Не, мая дарагая, якраз на гэтым мы і мусім спыніцца. Няхай усё застанецца так, як ёсць.
– Але ж вы не скончылі!
– Нічога. Няхай так і будзе. Я ўжо дастаткова падвяргаў вашае жыццё небяспецы. Міхал правы, гэтаму нельга працягвацца.
– Вы з ім пакуль не сустракаліся? – асцярожна спытала Бася.
– Пакуль не. Мне вельмі шкада, што так атрымалася. Але я сам вінаваты ў гэтым.
Стары заціх. Толькі Бася хацела штосьці прыдумаць, каб зноў павярнуць размову да Ключа, як у пакой увайшла медсястра з пад носам у руках.
– Выбачайце, мадэмуазэль, час харчавацца. – Пан Альбрыхт крыху павесялеў, адарваўшыся ад сумных думак. – Наколькі разумею, вы пакуль таксама яшчэ не абедалі?
– Не, – пакруціла яна галавой. – Пасля школы адразу паехала да вас.
– На жаль, нічога не маю, каб пачаставаць вас, таму прапаную пакуль развітацца і ехаць дадому пад’есці, – усміхнуўся стары. – Але спадзяюся, што вы завітаеце да мяне зноў.
– Вядома! – запэўніла яго дзяўчынка і, крытычна агледзеўшы шпітальныя стравы, удакладніла: – Мабыць, вам прывезці чагосьці смачненькага?
– Нене, – адмахнуўся пластыкавым відэльцам пан Альбрыхт. – У мяне тут спецыяльная дыета. Аднак ці не будзе з майго боку нахабствам папрасіць вас прынесці з маёй кватэры змену бялізны і некалькі цёплых рэчаў? Вечарам у палаце робіцца даволі холадна.
– Зразумела! – кіўнула Бася. – Давайце ключы, і я схаджу.
– Тады трэба паклікаць майго доктара. Яны ўсё ў мяне забралі, нават тэлефон. Уявіце, прыйшлося прасіць, каб вам хтосьці пазваніў. Магчыма, гэта прагучыць наіўна, але вы засталіся маёй адзінай су вяззю з навакольным светам, мадэмуазэль…
– Прывітанне! Ты дзе? Чаго не адгукаешся? – накінулася Бася са шквалам пытанняў, як толькі Міхал узяў слухаўку.
– Ды хадзіў высвятляць наконт працы, – патлумачыў ён.
– І што высветліў? – пацікавілася дзяўчынка, выходзячы са шпіталя на вуліцу. – Гэта тое, што мы глядзелі?
– Не зусім. Туды я пакуль не заходзіў, а гэта мне на курсах падказалі.
– І што там табе падказалі на тваіх курсах? – раўніва спытала Бася, прыгадаўшы Міхалавых калег, а дакладней каляжанак.
– Падрабязней распавяду пазней. Зараз спяшаюся на заняткі. Потым перазваню! – бадзёра выгукнуў юнак дзяўчынцы ў вуха.
– Што за сакрэты? – пакрыўдзілася яна. – Чакай!
– Ну, што там у цябе? – прабурчаў ён.
– Я пра пана Альбрыхта хацела табе сказаць.
– А што з ім? – у Міхала адразу напружыўся голас.
– Інфаркт, – шматзначным тонам паведаміла Бася, чакаючы ад сябра бурнай рэакцыі, але той прамаўчаў, і дзяўчынцы давялося пра цягнуць самой: – Ён зараз у шпіталі. Яму ўжо крыху лягчэй, але, па шчырасці, стан яго вельмі благі.
– І адкуль ты гэта ведаеш?
– Хадзіла сёння яго праведаць. Дарэчы, думаю, што з табой ён таксама хацеў бы пабачыцца, – бы між іншым паведаміла яна.
– Я не магу, – сцісла адказаў юнак.
– Што гэта значыць?
– Бася, у мяне зараз няма часу, давай потым пагаворым. Бы вай! – Ён так хутка адключыўся, што дзяўчынка нават не паспела яму запярэчыць.
– Ну добра, – прамармытала яна сабе пад нос і, крочачы да прыпынку, узялася набіраць Міхалу СМС.
«П. А. патрэбна штось з рэчаў. Ён даў мне ключы ад кватэры, хадзем разам».
«Не», – амаль адразу атрымала яна адказ.
Бася расчаравана цокнула языком, але не здалася:
«Я не буду зноў рыцца ў яго майтках!»
«І не трэба», – даслаў юнак.