– Уласнае бяссілле, напрыклад, – прамовіў пан Альбрыхт. – Са мной усё было наадварот. Калі я мусіў паспрабаваць з тым люстрам, а гэта, як вы можаце здагадацца, і было менавіта тое, што вы бачылі ў маёй кватэры, я нічога не адчуваў, акрамя страху перад бацькам. Я баяўся расчараваць яго, баяўся, што буду не здатны да той прафесіі, якой займаўся мой род і да якой рыхтавалі мяне амаль з самага дзяцінства…
– Пачакайце, – перапыніла яго Бася. – Тады вы казалі, што перад гэтым самым люстрам вы ўжо некалькі разоў хадзілі ў мінулае і паспяхова вярталіся дамоў. Як жа вы маглі расчараваць бацьку, калі ў вас ужо атрымлівалася?
– Я нават не думаў, што вы будзеце такая пільная, мадэмуазэль! Вельмі добра. Значыцца, яшчэ ёсць хаця б адзін чалавек, якому мае словы падаюцца важнымі, – узрадаваўся стары. – Сапраўды, гэтае люстра, пра якое ідзе гаворка, не было першым, праз якое я прайшоў у іншае вымярэнне, але ўсё ж такі ў пэўным сэнсе яно было такім, бо гэта маё першае люстра, тое, якое прызначалася мне і адчыніць якое мусіў я, і толькі я. Дагэтуль мне насамрэч некалькі разоў выпадала праходзіць у іншы час, але гэта нельга назваць самастойнымі вандроўкамі. Папершае, люстры былі адчыненыя бацькам, ён увесь час карыстаўся імі, і ад мяне не патрабавалася шмат высілкаў, бо гэта былі ўжо распрацаваныя шляхі, як той, якім вы з Міхалам нядаўна патрапілі ў адна тысяча чатырнаццаты год. Падругое, я не знаходзіўся ў залюстроўі болей за некалькі хвілін. Гэтыя кароткія паходы былі нечым кшталту трэніровак перад першым заданнем, якое я мусіў зрабіць сам. Але мне не шанцавала. На працягу цэлага месяца я намагаў усе свае сілы, каб люстра хаця б неяк выявіла сябе. Я перарабляў наноў разлікі, ужываў самыя розныя спосабы адчынення, якім мяне вучылі, раіўся з кнігамі, нават начаваў побач з ім, але ўсё было безвынікова. Яно заставалася мёртвым. Потым у маім жыцці быў яшчэ адзін такі выпадак: калі да мяне прывезлі вашае люстра… Я пачаў заўважаць на сабе заклапочаны бацькаў позірк. Я разумеў, што восьвось яму надакучыць мая мітусня і ён будзе шукаць для мяне іншую працу, не звязаную з вандраваннямі ў часе. Я быў у роспачы. Падмануць бацькавыя спадзяванні! Я быў яго адзіным дзіцём, і мая няздольнасць працаваць з люстрамі азначала, што яго справу няма каму працягнуць, пры жывым сыне ён фактычна не меў нашчадка. А гэта было вялікім няшчасцем. Як для яго, так і для мяне. Не, ён ані разу не сказаў мне пра тое, але я сам усё разумеў і вельмі пакутаваў ад гэтага ўсведамлення. Ды неяк ноччу, калі ўсе ўжо спалі, у маім пакоі, куды я перанёс люстра, быццам з ніадкуль з’явілася дзяўчынка.
– Яна, вядома, прыйшла праз люстра, – здагадалася Бася, адразу ўспомніўшы, як сама ўпершыню патрапіла ў дом да Міхала.
– Менавіта так, – кіўнуў стары. – Спачатку я вырашыў, што заснуў, а яна мне прымроілася, але, паразмаўляўшы з дзяўчынкай, зразумеў, што гэта адбываецца насамрэч. Нейкім чынам яна здолела адчыніць люстра са свайго боку. Магчыма, так адбылося, бо нарэшце супала месцазнаходжанне люстра з абодвух бакоў, а можа, таму, што яе жаданне адчыніць іншы свет было большым за маё, бо яна залежала ад уласных мар, а я думаў толькі пра свой абавязак перад бацькам. Разлікі тут былі недарэчныя, усё адбылося нечакана і наперакор усім законам. Таму я лічу гэта сапраўдным цудам. Відаць, гэта быў лёс… Я ніяк не мог скеміць, з якой эпохі тая дзяўчынка прыйшла да мяне, і таму мы вырашылі, што калі яна здолела прыйсці ў мой час, то я здолею перайсці да яе. Што адбылося далей, мадэмуазэль?
– Люстра зачынілася, а вы патрапілі ў шпіталь, – прыгадала дзяўчынка.
– Так. Каб абышлося толькі гэтым! – з прыкрасцю ўсклікнуў стары. – Калі люстра зачынілася і я не здолеў вярнуцца, мы прыдумалі, што я ўпотайкі выйду з дома, а потым пагрукаюся ў дзверы, быццам прыйшоў з вуліцы. Быў ваенны час і яе бацькі, пашкадаваўшы асірацелага падлетка, далі мне прытулак, я пачаў жыць разам з імі і пакрысе забывацца на родныя часы. Да таго ж гэта паранейшаму быў мой дом, няхай і ў іншым стагоддзі. Акрамя люстра, якое прывяло мяне сюды, я адшукаў яшчэ адно. Мне пашчасціла, што мяне ніхто не апярэдзіў, і я спадзяваўся, што з яго дапамогай калі-небудзь здолею вярнуцца дадому, хаця яно і не вяло наўпрост да часоў, у якія я нарадзіўся. А тая дзяўчынка, мая мілая сяброўка, таксама чакала, што люстры адчыняцца яшчэ раз, бо яна марыла такім чынам выратавацца ад вайны. Я казаў ёй, што цяжкія часы можна сустрэць у любым стагоддзі, але яна працягвала чакаць, аднак люстры мяне не слухаліся… І вось у горадзе пачаліся баі за вызваленне, мы патрапілі пад бамбёжку, і дзяўчынка загінула.
– Як загінула? – міргнула Бася.
– Вось так. Імгненна. Мы не паспелі схавацца – і нас накрыла адломкамі будынка, у які патрапіў снарад. Я застаўся жывы, а яе забіла.
Пан Альбрыхт прыкрыў твар рукою і перарывіста ўцягнуў ротам паветра. Бася моўчкі пазірала на старога, не ведаючы, ці можна турбаваць яго сумныя ўспаміны далей. Але ён утаймаваўся і, не аднімаючы рукі ад вачэй, працягнуў: