– Не разумею, у чым праблема! Мабыць, Ключ надта нізка стаіць? Давай узнімем яго вышэй, – прапанавала Бася.
Міхал асцярожна абхапіў Аснову і ўзняў яе над тумбачкай. У сярэдзіне канструкцыі нешта скрыгатнула. Бася паднесла свечку да Венеры і ўбачыла, што гэта гайдаецца цэнтральная паўсфера, якую дзяўчынка ўвесь час паварочвала, каб Аснова не хілілася на бок. Яна машынальна перасунула на імгненне руку са свечкай уніз, як раптам на тыльны бок далоні пляснулася гарачая кропля.
– Ану, чакай, – Бася пасвяціла зараз проста ўнутр.
Нутраная поласць паўсферы была залеплена воскам, але ад паднесенага полымя ён імгненна растаў і выцек вонкі, ачысціўшы адтуліну. У горле дзяўчынкі перасохла, свечка пачала выслізгваць з пальцаў. Міхал шумна задзьмуў полымя. Пажару ім яшчэ сёння не хапала!
– Ты бачыў? – ледзь здолела вымавіць Бася.
– Што? – Міхал паспеў не на жарт перапудзіцца пры выглядзе яе збялелага твару.
– Ды там разьба ўнутры! – усклікнула дзяўчынка. – Пан Альбрыхт, паглядзіце хутчэй!
Стары не зводзіў з яе незразумелага позірку. Бася схапіла Аснову і пацягнула яе да пана Альбрыхта. Паставіўшы Ключ на ложак, яна ўключыла лямпу, якую знялі з тумбачкі, і асвяціла ёю самы цэнтр канструкцыі.
– Бачыце? – усхвалявана спытала яна. – Туды мусіць штосьці ўшрубоўвацца. Эль-Анабі ўсё ж меў рацыю: ёсць яшчэ адзін элемент.
– Неверагодна! – Пан Альбрыхт узяўся нервова аглядаць поласць паўсферы. – Значыцца, усе высілкі не былі дарэмнымі. Трэ неадкладна пераправерыць усё, што ведаем пра Ключ, усю інфармацыю, што мы займелі. Здаецца, я маю адну невялічкую здагадку наконт гэтай разьбы… Спадзяюся, вы гатовы зноўку ўзяцца за пошукі, мадэмуазэль?
– Я? – У дзяўчынкі зноў заружавелі шчокі ад азарту. – Вядома, я гатова!
– Бася, збірайся дамоў, – пачула яна голас Міхала.
Дзяўчынка павярнулася да сябра, не разумеючы, што ён такое кажа.
– Я сказаў: збірайся дамоў. Нам час ісці, – юнак быў непрыхільны. – Цябе чакаюць бацькі.
Бася хацела была запярэчыць яму, што яна не можа зараз, калі высветлілася столькі новага, усё пакінуць і вярнуцца да бацькоў. Але, угледзеўшыся ў строгае аблічча Міхала, зразумела, што не мусіць спрачацца з ім. Яна кінула ў торбу нататнік з ручкай і пачала запіхваць стос з раздрукоўкамі, але, прыгадаўшы, што пан Альбрыхт тады ўвогуле застанецца без запісаў пра Ключ, выняла аркушы і паклала побач з самім Ключом.
– Да пабачэння, – ціхенька развіталася яна са старым і паслухмяна патупала ў вітальню.
– Я сёння яшчэ вярнуся, – сказаў Міхал і пайшоў следам за дзяўчынкай.
– Выдатна! Я буду чакаць вас у сваім кабінеце, – незнаёмым паўнахабным голасам сказаў яму наўздагон пан Альбрыхт. – Толькі ключы ад кватэры аддайце, будзьце так ласкавы.
Міхал бромкнуў ключамі, кінуўшы іх на камоду. Яны з Басяй апрануліся і пайшлі з кватэры старога.
– Чаго ты з ім так? – спытала дзяўчынка ў Міхала, калі яны ўжо ішлі па вуліцы.
– Як «так»?
– Не ведаю. Неяк злосна.
– А ён з намі не злосна? – сярдзіта перапытаў юнак. – Ты думаеш, ён добранькі дзядок-чараўнік?
– Не, я так не думаю, але ўсё роўна…
– Давай не будзем гэта зараз абмяркоўваць, – папрасіў Міхал, а потым дадаў ужо ласкавей: – Мо патэлефануй матулі, скажы, што ты хутка будзеш.
– Так, сапраўды! – Бася выцягнула тэлефон і выклікала нумар.
– О, Басенька, толькі ўзяла слухаўку, каб табе тэлефанаваць! Ты дзе так доўга? – пачула дзяўчынка матульчын голас.
– Я ўжо каля дома! – знарочыста бадзёра адказала Бася, хаця ёй чамусьці зноўку закарцела плакаць. – Зараз буду.
Яна хуценька адключылася, каб матуля не пачала задаваць новыя пытанні, і схавала тэлефон у кішэню. Бася некалькі разоў глыбока ўздыхнула і выцерла вочы сваёй вязанай пальчаткай, пасля чаго Міхал моцна ўзяў яе за руку і павёў дамоў.
Раздзел 20
(зноўку не апошні)
Міхал вярнуўся на Сціклю. Наблізіўшыся да антыкварнай крамы, ён убачыў машыну, у якой сядзелі некалькі мужчын суворага выгляду. Заўважыўшы юнака, яны праводзілі яго поўнымі падазронасці позіркамі, аднак, перакінуўшыся парай слоў паміж сабою, відаць, вырашылі, што яму можна дазволіць зайсці ў краму, і не сталі перашкаджаць.
Унутры знаходзіліся яшчэ два малойчыкі. Яны патрабавалі ў Міхала назвацца і патлумачыць мэту свайго з’яўлення.
– Я наведаць дзядзьку, – сказаў юнак і, матнуўшы галавою ў бок кабінета, спытаў: – Ён у сябе?
Засумаваўшы, ахоўнікі кіўнулі, не прараніўшы больш ні слова, і прынялі аднолькава задуменны выгляд. Міхал накіраваўся да дзвярэй кабінета, што былі прачынены. Ён грукнуў косткамі пальцаў па вушаку і зайшоў у пакой, дзе знайшоў пана Альбрыхта, які, як зазвычай, сядзеў за работай.
– Як міла! «Наведаць дзядзьку», – з’едліва працягнуў стары, не ўзнімаючы галавы, але, заўважыўшы, што юнак ніяк не рэагуе, кінуў на яго позірк з-пад акуляраў. – Астылі?
Юнак працягваў гэтак жа моўчкі стаяць, шчыльна сціснуўшы сківіцы.
– Вы ж, пэўна, прыйшлі сюды не для таго, каб памаўчаць і вужлакамі пайграць, – пачаў страчваць цярплівасць пан Альбрыхт. – Мабыць, патлумачыце, чым былі выкліканыя вашы даволі рэзкія паводзіны?
– Быццам вы самі не разумееце, – Міхал дапытліва паглядзеў на старога.