Праз некалькі гадзін дзверы ў пакой расчыніліся, і ў яго ўвайшоў вясёлы і расчырванелы Міхал.
– Здароў, Баська! – гулліва ўсклікнуў ён і, плюхнуўшыся ў крэсла, бесцырымонна разваліўся ў ім.
Бася прынюхалася: ад юнака падазрона пахла півам. Дзяўчынка незадаволена зморшчылася і спытала яго:
– Хто да цябе прыходзіў?
– А, ты ўсё роўна не ведаеш! – адмахнуўся Міхал, а потым нахабным тонам дадаў: – Ну што, маркоцішся? Чым займацца будзем?
– Ага, тэлевізар паглядзім, – буркнула дзяўчынка. Міхал неўразумела зірнуў на яе.
– Не звяртай увагі, – сказала дзяўчынка і, падумаўшы, спытала: – Можа, ты маеш шахматы?
– А ты што, гуляць умееш? – здзівіўся юнак. Бася кіўнула.
– Ну, калі ты ўмееш, дык пайшлі, – з усмешкай прамовіў Міхал.
Дзяўчынка з выклікам паглядзела на юнака і пайшла следам за ім. Дастаўшы шахматы, Міхал старанна расставіў на дошцы фігуркі і нават ветліва саступіў Басі белыя, каб «даць ёй хаця які-ніякі шанец», як патлумачыў ён. Ад гэтых слоў дзяўчынка раз’юшылася яшчэ больш: у шахматы яна гуляла даволі-такі добра і не мела патрэбы ва ўсялякіх там «шанцах».
На працягу гульні Міхал распавядаў, што шахматы – забава, прызначаная выключна для мужчын, а паненкам нават і спрабаваць свае сілы не мае сэнсу – усё роўна нічым добрым для іх гэта не скончыцца: пройгрыш забяспечаны. Дзяўчынка толькі злосна пазірала на яго ды намагалася пільней сачыць за дошкай, але бесперапынная балбатня Міхала перашкаджала, і партыя скончылася Басіным паражэннем. Задаволены перамогай юнак развесяліўся яшчэ больш.
«Як дзіцянё!» – падумала Бася, спадылба пазіраючы на яго.
– Ну, я ж казаў! – радасна ўсклікнуў Міхал. – Са мной дарэмна гуляць, усё роўна выйграю!
Пачуўшы гэтую бессаромную заяву, Бася канчаткова распалілася.
– Добра! Тады давай яшчэ раз, – сказала яна, жадаючы пераканаць яго ў тым, што яна нічым не горшая.
– Ну-у-у, – працягнуў юнак, – калі табе так хочацца прайграць яшчэ раз…
Бася толькі фыркнула ў адказ. У захапленні ад сваёй першай перамогі Міхал вырашыў, што можа надта і не напружвацца – усё роўна выйгрыш дастанецца яму ўраз, – і паступова страціў пільнасць. Гэта і прывяло да Басінай дастаткова хуткай і няхітрай перамогі.
– Шах ды мат! – з трыумфам прамовіла дзяўчынка.
– Чаго? – не адразу зразумеў Міхал.
– Я перамагла.
Юнак здзіўлена азірнуў шахматную дошку і разгублена адхіснуўся на спінку стула. Урэшце ўсвядоміўшы, што ён прайграў, Міхал пакрыўджана засоп.
– Усё, час ісці спаць, – сярдзіта прабурчаў ён.
– А можа, яшчэ партыю, га? – лісліва спытала дзяўчынка.
– Не! – адрэзаў Міхал.
– Дабранач, Міхалачак! – праспявала Бася і вярнулася да сябе ў пакой, пакінуўшы юнака не ў самым лепшым настроі.
Пасля гэтага яны больш не гулялі ў шахматы, а аддавалі перавагу конным прагулкам за горадам.
Заставаўся адзін дзень да ад’езду Міхала. Яны з Басяй ехалі на канях па вуліцах Вільні, вяртаючыся дадому.
– Гэй, Саколіч! – раптам нехта паклікаў юнака.
Міхал павярнуўся і, убачыўшы чалавека, які пазваў яго, толькі азадачана ссунуў бровы, нават не павітаўшыся.
– Хто гэта? – шэптам спытала Бася.
– Станіслаў Годыеўскі, – адказаў Міхал. – Вось ужо каго не чакаў сустрэць у Вільні. Насунь берэт на вочы і апусці галаву – ці мала што можа прыйсці яму на думку.
Бася паслухалася і зрабіла хмурны твар. Незнаёмцу на выгляд было гадоў дваццаць пяць. Аблічча Годыеўскага вылучалася ўсходнім багаццем: ён быў апрануты ў падвязаны кушаком карычневы жупан з блакітным узорам, на галаве – шапка такога ж колеру з пяром. Збруя яго каня была ўпрыгожана срэбнымі бляшкамі, пад сядлом ляжала ядвабная гунька. Калі Бася не ведала б, што ў гэты час была мода апранацца на татарскі манер, яна б прыняла Годыеўскага за пасла нейкай усходняй краіны.
Пад’ехаўшы бліжэй, ён зраўняўся з канём Міхала, і з-за пляча юнака дзяўчынка здолела разглядзець твар ляха. Ён быў бы амаль прыгожым, каб не брудна-смуглы колер скуры і гнілаватыя зубы. Але, відаць, стан апошніх яго ніколькі не хваляваў, бо, убачыўшы Басю, ён агаліў іх у непрыемнай драпежнай усмешцы. Усё ў абліччы Годыеўскага нібы крычала пра яго дзёрзкасць і фанабэрлівасць. Напэўна, ён лічыў сябе неверагодна прыгожым, але ў Басі выклікаў толькі агіду. «Вось мярзотны тып!» – падумала дзяўчынка.
– Куды кірунак трымаеш? Да свайго пана? – кпліва спытаў Годыеўскі Міхала.
– У мяне няма пана, – коратка адказаў юнак. – Я сам сабе пан!
– А гэта хто з табой?
– Мой паж.
– Які ў цябе паж прыгожанькі! Можа, саступіш яго мне, га?
– Не магу. Ён мой сваяк, – адрэзаў Міхал.
– Што ж ты? Пакрыўдзіць мяне хочаш? Ці думаеш, я кепскі гаспадар?
Міхал толькі кінуў на Годыеўскага гнеўны позірк. Бася нават здзівілася, настолькі змяніўся твар сябра. Яна не падазравала, што юнак можа так моцна злавацца на каго-небудзь. «Вунь нават вочы іншага колеру зрабіліся!» – заўважыла дзяўчынка.
– Ды не бойся, не згіне твой паж! Аддай яго мне! – наступаў паляк.
– Не, – паўтарыў Міхал, адціскаючы сваім канём Басю ўбок.
Годыеўскі аб’ехаў Міхала ззаду і зраўняўся з Басяй. Дзяўчынка яшчэ больш апусціла галаву.