– Нешта ты надта турбуешся пра свайго пажа, Саколіч. Штосьці тут не так, – прыжмурыўся паляк, а потым, падумаўшы, дадаў: – А можа, гэта і не паж зусім? Можа, ты дзеўку з сабой возіш ды за пажа выдаеш?
– Ды што ты такое кажаш?! – ускінуўся Міхал. – Ты што паклёпнічаеш на мяне? Хочаш чалавека са світы Радзівілавай пакрыўдзіць? Пайшла! – пляснуў ён па крыжы Басінага каня, а сам пусціўся следам, пакінуўшы Годыеўскага ззаду.
Але той нагнаў іх і нечакана сарваў з галавы дзяўчыны берэт. Валасы рассыпаліся па плячах. Яна збянтэжана азірнулася.
– Усё ж такі дзеўку з сабой возіш! – сказаў паляк, кінуўшы берэт на зямлю, і, сплюнуўшы, пагнаў каня ў іншы бок.
Міхал нахіліўся да зямлі і падняў берэт.
– Трымай, Баська. Табе патрэбна больш надзейная ахова, чым я. Прыйдзецца прасіць пана князя Мікалая.
У зале перад камінам сядзеў вялікі канцлер і маршалак земскі – Яго Мосць пан князь Мікалай Радзівіл Чорны. Ён уважліва слухаў Міхала, які прасіў яго ўзяць пад сваю ахову Басю.
– А адкуль у цябе гэтая паненка? – спытаў князь.
– Яна дачка аднаго збяднелага шляхціча. Я неяк спыніўся ў яе бацькі. Калі я збіраўся ехаць, дык паклікаў разам са мной, і мы збеглі, – распавёў юнак ужо даўно складзеную гісторыю.
Вялікі канцлер усміхнуўся ў вялікую чорную бараду, за якую і атрымаў сваю мянушку.
– Ну і што ты збіраешся рабіць далей?
– Ваша Мосць, я… я, ну… я не ведаю, – працягнуў юнак, чырванеючы.
– Добра, Міхал, зараз нешта прыдумаем, – сказаў князь і загадаў паклікаць жонку – пані княгіню Альжбэту.
У залу ўвайшла маладая кабета, нават не кабета, а дзяўчына – Басі здалося, што княгіня не нашмат старэйшая за яе. Князь Мікалай распавёў жонцы гісторыю Міхала і Басі, яны аб нечым пашапталіся, а потым княгіня падышла да дзяўчынкі і ўзяла яе за руку.
– Хадзем са мной!
– К-куды? – заікаючыся ад нечаканасці, спытала Бася. Князь і княгіня засмяяліся.
– Хадзем, не бойся, – усміхнулася кабета. – Будзеш маёй прыдворнай паннай!
Бася азірнулася на юнака.
– Міхалачак! – прамямліла яна.
– Басенька! – усклікнуў Міхал.
– Не хвалюйцеся! Гэта не на доўгі час. Як паедзем у Кракаў, дык пабачыцеся! – сказала княгіня.
– Дзякуй, Ваша Мосць! Дзякуй! – Міхал кінуўся на калены перад князем.
– Хадзі ўжо, Трышчан! – насмешліва сказаў Радзівіл і, убачыўшы, што твар Міхала заліўся пунсовай фарбай, ад шчырай душы зарагатаў.
Раздзел 8
Як і абяцаў, Міхал вярнуўся ў Вільню праз месяц і адразу ж адправіўся да княгіні Альжбэты, каб паведаміць ёй пра тое, што ўжо час ехаць у Кракаў, дзе рыхтавалася каранацыя Барбары Радзівіл. Па загадзе пана князя Мікалая Міхал павінен быў суправаджаць працэсію. На прыёме ў княгіні юнаку ўсё карцела спытаць пра Басю. За той час, што яны не бачыліся, ён надта змаркоціўся па ёй. Княгіня гэта заўважыла і, хітра прыжмурыўшы вочы, сказала:
– Бачу, ты жадаеш спытаць пра пані Барбару. Міхал засаромлена ўсміхнуўся і кіўнуў.
– Не хвалюйся, з ёю ўсё добра. Ведаю, табе карціць хутчэй пабачыцца з паннай, але ў нас вельмі мала часу на зборы, таму, калі рушым з Вільні, пад’язджай да маёй карэты. Яна будзе разам са мной.
Міхал адвітаўся і пайшоў з прыёмнай залы. Пакінуўшы палац Радзівілаў, ён адразу ж паскакаў дадому. Каля брамы яго сустрэла карміцелька. Пасля доўгіх прывітанняў і моцных абдымкаў пані Катажына пачала распавядаць Міхалу:
– Ох, прыходзіла наша Барбара! Такая прыгажуня – нават вачэй адвесці нельга! Сукня ядвабная, валасы прыбраныя, розныя ўпрыгожанні! І трымае сябе як! Адразу відаць, што паненка шляхетная! А кажа дык толькі пра цябе: хутчэй бы Міхалачак прыехаў, як ён там жыве… Такая прыгажуня. Вось як убачыш яе, дык адразу абдумаешся і ажэнішся з ёй!
– Карміцелька, зноў ты за сваё! – прабурчаў Міхал.
Але кабета, зрабіўшы выгляд, што не пачула слоў юнака, узялася далей ва ўсіх фарбах апісваць Басю. А Міхал, махнуўшы рукой на спрэчкі, уважліва слухаў.
Праз некалькі дзён з Вільні рушыла доўгая працэсія, якая суправаджала княгіню Радзівіл да Кракава. Сама княгіня ехала ў велізарнай карэце, у якую былі запрэжаны васьмёра коней. Самыя набліжаныя прыдворныя панны сядзелі разам з ёй, астатняя світа ехала на канях ці ў вазках.
Адразу ж па выездзе Міхал накіраваўся да карэты. Ён пакланіўся ў сядле, вітаючы княгіню і паннаў, і стаў вачыма шукаць Басю. Хаця княгіня і сказала, што дзяўчынка будзе тут, яе нідзе не было відаць. Міхал нават уявіць не мог, як яна будзе выглядаць. Ён жа прызвычаіўся, што Бася – «хлапчук»! Раптам над вухам пачуўся дзявочы голас:
– Пане Міхалу, ці вы мяне не пазнаеце?
Міхал з маркотным тварам абярнуўся і ледзь не паваліўся з каня. Панны вакол захіхікалі, а княгіня сказала:
– Вось жа! А мне заўсёды так хвалілі пана Саколіча! Маўляў, ён вельмі выдатна трымаецца ў сядле!
Панны зарагаталі яшчэ гучней, а Міхал, разявіўшы рот і вылупіўшы вочы, то чырванеў, то бялеў: перад ім на беласнежнай кабылцы сядзела прыгожая паненка ў багатым, сшытым па апошняй модзе строі і футры. Раптам яна пакінула ўсміхацца і, нахмурыўшыся, з такой знаёмай інтанацыяй ціха спытала:
– Ну што ты ўтаропіўся ў мяне, нібы я страшыдла якое?