Малады нявопытны пісьменнік, якога армія, вайна на пяць гадоў адарвалі ад роднай моўнай стыхіі і якому шмат якія партызанскія рэаліі адкрылі былыя партызаны, сачыніў для таго часу нядрэнны раман, і тады ацэнены высока (Сталінская прэмія), і праз амаль шэсць дзясяткаў гадоў мне не сорамна пачынаць збор твораў «Глыбокай плынню».
Не магу не адзначыць, што добрым памочнікам у пакуль што таемнай для мяне працы быў Іван Сяргеевіч Бібікаў, старшыня Пракопаўскага сельсавета, былы партызан з трагічнай біяграфіяй – немцы і паліцыі па-зверску забілі ўсю яго сям’ю – траіх дзяцей, жонку, цешчу» [2, с. 450–451].
I калі задума рамана «Глыбокая плынь» узнікла адразу, то сюжэт аповесці «Гандлярка і паэт» пісьменнік выношваў многія гады. У той жа навеле «Сюжэты» знаходзім наступнае: «Ды, можа, трыццаць гадоў жыў вобраз жанчыны, пра якую я пісаў, з якой пазнаёміўся на Лагойскім тракце. Вольта (і ў жыцці Вольта) была пляменніцай нашай гаспадыні. У выхадныя, у святы Вольта з дачкой-вучаніцай наведвала цётку…
Гаспадыня з гонарам паведаміла, што Вольта – падпольшчыца. Але ад самой весялухі я не выцягнуў нічога такога, што магло стаць сюжэтам хоць бы аповесці.
А потым я убачыў яе на Камароўскім рынку, яна бойка гандлявала гароднінай. Тэта мяне расчаравала: падпольшчыца – гандлярка!.. Як мы тады глядзелі на гандляроў! (У навеле «Сябры» я пісаў, як мае «прагрэсіўныя» сябры паставіліся да аповесці: гераіня – гандлярка, жах! «Дапісаўся партыйны аўтар да ручкі»).
А гады праз два, калі я ўжо меў кватэру ў цэнтры і забыўся на былых гаспадароў, аднойчы адвячоркам сустрэў Вольту на вуліцы з партфельчыкам. Павіталіся бадай узрадавана.
– Куды вы?
– У школу.
– Бацькоўскі сход?
– Не. Я вучуся ў вячэрняй школе, ужо ў дзясятым…
Падпольшчыца, гандлярка, вучаніца… Вобраз! I доўга-доўга ён жыў, доўга прасіўся галоўнай гераіняй у раман. Была ў сюжэце «Сэрца на далоні». Але з’явілася пакутніца Зося Савіч. У «Снежных зімах» ёй месца не было: там не падполле – партызаны. I раптам… Сяджу ў Саюзе пісьменнікаў. Кірую. Заходзіць жанчына, незнаёмая. Расказвае сумную гісторыю. У пачатку вайны ў лагеры ў Драздах яе сястра выкупіла палоннага раненага чырвонаармейца. Такіх немцы прадавалі міласэрным жанчынам. Гады два хлопец жыў у яе, ірваўся ў бой, пісаў вершы. Памёр. А сшытачак застаўся. I жанчына вырашыла прынесці яго нам, у Саюз пісьменнікаў, можа, надрукуем.
Вершы былі пачаткоўскія, хоць глыбока патрыятычныя, гнеўна антыфашысцкія. Але не ўчынак жанчыны – столькі берагла сшытак! – не вершы мяне ўразілі. Адразу, уміг, як бліскавіцай, высвеціўся сюжэт з Вольгай: во што яна робіць – выкупляе палоннага, паэта. Яго пакахала, з ім уключылася ў барацьбу. За ім ідзе на смерць.
Так з’явілася «Гандлярка і паэт» [2, с. 466–467].
У 1977 г. аповесць «Гандлярка і паэт» была вы л у чана на Дзяржаўную прэмію СССР. Але прэмія не была прысуджана з-за інтрыг А. Асіпенкі, Н. Пашкевіча, У. Юрэвіча: гэтыя літдзеячы на пасяджэнні Савета па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве выступілі супраць. Так, У. Юрэвіч вельмі растрывожыўся, што I. Шамякін забыўся на прынцып гістарызму: Вольга Ляновіч – дачка патомнага рабочага, і на працягу дзесяцігоддзяў жыцця ва ўмовах сацыялістычнага грамадства ў яе не павінна было застацца ні граму прадпрымальніцкай жылкі. Аргумент: Вольга сама працуе ў вагонным дэпо, скончыла восем класаў школы. Ну ніяк не можа яна гандляваць на Камароўцы! У савецкай школе гандляваць не вучылі! Нават векавы жаночы боль за тых, хто пакутуе (маецца на ўвазе выкуп з плена Алеся Гапанюка), крытык змог павярнуць ў цынічнае русла: «Гэта хутка прынаравіўшаяся да акупацыйнага рэжыму жанчына, свая сярод паліцаяў, сумавала не па мужу, а па мужчыне». А Н. Пашкевіч даказваў усім прысутным, што не было ніякіх рабаўніцтваў крамаў і складоў у першыя дні бамбёжкі Мінска: «Людзі акуратна стаялі ў чэргах у чаканні хлеба на чале з міліцыянерам». Аргумент Н. Пашкевіч прывёў таксама жалезны: ён тры разы быў у акупаваным горадзе і нічога такога не бачыў Але ж I. Шамякін таксама нічога не выдумваў у сваёй аповесці: ён абапіраўся на ўспаміны, аповеды тых людзей, якія жылі ў акупаваным Мінску з першага дня акупацыі і да вызвалення, а не былі тры разы ў акупаваным горадзе. Пацверджанне гэтаму можна знайсці ў кнізе гісторыка I. Ю. Варанковай «Двадцать второго июня, ровно в четыре часа…», дзе адзначана наступнае: «Примечательно, что неприглядные факты беспорядков в Минске в этот период безвластия впервые были обнародованы не историками, а народным писателем Беларуси И. П. Шамякиным в его повести «Торговка и поэт», изданной в 1976 г.» [1, с. 204].