13. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 160: Данные в ЦК КП(б)Б о землепользовании по состоянию на 1 апреля 1945 года по Осиповичскому, Круглянскому, Старобинскому, Мстиславскому, Петриковскому районам.
14. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 233: Стенограмма совещания партийных, советских и земельных работников Западных областей Белорусской ССР по вопросам землепользования, 27–28 декабря 1946 года.
15. «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларуси..» Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы: у 2 кн. – Кн. 2: Ліпень 1944 г. – 1956 г. / склад.: У.І. Адамушка [і інш.]. – Мінск, 2009.
16. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 159: Докладная записка в ЦК КП(б)Б от секретаря Юратишковского РК КПБ Кузнецова от 15 июня 1945 года.
17. НАРБ. – Фонд 4п. – Воп. 46. – Спр. 159: Данные в ЦК КП(б)Б о землепользовании по состоянию на 1 апреля 1945 года по Жабинковскому, Василишковскому, Зельвенскому, Ляховичскому районам.
Аднаўленне транспарту i шляхоў зносін Беларусі ў 1943–1945 гг.
У выніку паспяховага наступления Чырвонай Арміі значная частка тэрыторыі Беларусі на паўднёвым усходзе была вызвалена ад германскіх захопнікаў. 3 першых дзён вызвалення тут разгарнулася аднаўленне народнай гаспадаркі. 21 жніўня 1943 г. была прынята пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі», спецыяльным раздзелам якой быў прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленне транспарту і шляхоў зносін.
Хутчэйшае аднаўленне і будаўніцтва чыгунак, вакзалаў, пуцявых і жыллёвых будынкаў на вызваленай тэрыторыі прызнавалася неадкладнай задачай Народнага камісарыята шляхоў зносін СССР, мясцовых партыйных і савецкіх арганізацый [1, с. 11–12].
Паводле загаду Народнага камісарыята шляхоў зносін (НКШЗ) у верасні 1943 г. у Бранску была створана аператыўная трупа для кіраўніцтва Беларускай чыгункай, а 15 лістапада 1943 г. ва Унечы было сфарміравана Упраўленне Беларускай чыгункі на чале з Н. I. Краснабаевым. Упраўленне разгарнула эксплуатацыйную работу на участках Крычаў – Орша, Орша – (Лепель), Раслаўль – Крычаў, Унеча – Крычаў, Унеча – Гомель, Гомель – (Жлобін) [2, с. 512].
Аднаўленне работы чыгункі адбывалася ў вельмі цяжкіх умовах. За час Другой сусветнай вайны былі разбураны больш за 2 тыс. км галоўных шляхоў, 3,5 тыс. стрэлачных пераводаў, 60 % насосных станцый, 75 % мастоў, літаральна ўсе вакзалы [2, с. 515]. Востры дэфіцыт неабходных матэрыялаў прыводзіў да таго, што для ўзнаўлення чыгуначных шляхоў даводзілася выкарыстоўваць падарваныя, сагнутыя і зламаныя рэйкі [3, с. 312].
Заданы канчатковага адраджэння і далейшага ўмацавання транспартнай гаспадаркі ўскладаліся на спецыяльна створаныя на чыгунцы ўпраўленні будаўніча-аднаўленчых работ (УБАР), якія падпарадкоўваліся Цэнтральнаму ўпраўленню будаўніча-аднаўленчых работ НКШЗ СССР. Арганізацыя УБАР на Заходняй чыгунцы адносіцца да верасня 1943 г. [1, с. 13].
Да пачатку 1944 г. на Беларускай магістралі з ліку вызваленых ад ворага 1282 км чыгуначных пуцей было адноўлена 1247 км, здадзена ў эксплуатацыю 239 мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, 552 стрэлачныя пераводы, шэраг вытворчых і бытавых прадпрыемстваў [1, с. 13].
Найважнейшыя чыгуначныя лініі ў аднапутным варыянце з неабходнымі раз’ездамі на тэрыторыі Беларусі былі адноўлены да канца 1944 г. У 1945 г. у першачарговым парадку аднаўляліся аб’екты, якія маглі надзвычай тэрмінова забяспечыць інтэнсіфікацыю працы чыгуначнага транспарту [4, с. 101].
Да канца 1945 г. толькі на Беларускай чыгунцы было адноўлена 2574 км галоўных шляхоў, 672 км станцыйных, 1999 камплектаў стрэлачных пераводаў, 510 мастоў агульнай працягласцю 10 380 пагонных метраў, 472 будынкі. Эксплуатацыйная працягласць чыгуначных шляхоў Беларусі да канца 1945 г. дасягнула 5013 км, што складала 87 % даваеннага ўзроўню [3, с. 312].
Па выніках работы за 1945 г. ордэны і медалі атрымалі 93 работнікі беларускай чыгункі [5, с. 267].
Такім чынам, нягледзячы на вялікія цяжкасці, недасканаласць тэхнікі, зношанасць цягнікоў і вагонаў, недахоп запасных частак і даволі слабае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, чыгунка рэспублікі паступова наладжвала сваю работу і ў асноўным забяспечвала патрэбу ў перавозцы грузаў па тэрыторыі Беларусі.
Паступова аднаўлялася грузавая работа на станцыях беларускай чыгункі. Разам з тым пагрузка і выгрузка выконвалася выключна ўручную грузчыкамі пагрузачна-разгрузачных кантор. На чыгуначных станцыях Віцебск, Полацк, Баранавічы, Лунінец, Ліда, Ваўкавыск, Гродна, Слонім, Стоўбцы, Гарадзея, Магілёў, Крычаў, Асіповічы, Бабруйск, Слуцк былі створаныя пагрузачныя пункты. Адразу пасля вызвалення сталіцы, 7 ліпеня 1944 г., аднавіла сваю работу Мінская пагрузачная кантора і былі адкрыты пагрузачныя пункты на станцыях Мінск-Таварны, Мінск-Пасажырскі, Барысаў, Койданава [2, с. 522].