Па сцежках хадзілі людзі. Людзі сядзелі на лавах ля хат. Людзі капаліся ў гародчыках за хатамі. Людзі гуртаваліся вакол кніг. Людзі трымалі ў руках сапраўдную небяспечную зброю і невымоўнай сілы музычныя інструменты. Людзі розныя, тыя самыя, страчаныя калісьці, згубленыя ў слове «адметныя». Дакладней, яны намагаліся быць людзьмі: хтосьці вучыў літары, хтосьці спасцігаў грамату музычную, хтосьці ўважліва разглядаў свой адбітак у люстэрку мяча ці алхімічнага вару. Людзі смяяліся, здзіўляліся, злаваліся, не разумелі, захапляліся, спрабавалі, расчароўваліся, кідалі ўсё і сыходзілі, вярталіся ці не вярталіся.
– Спасцігаюць навукі і майстэрствы, якімі валодалі іх продкі, – пачуўся з-за спіны знаёмы голас. Ні галінка не шчоўкнула, ні трава не шоргнула – так ціха падабралася Анэля. Бася паабяцала сабе быць больш уважлівай. Зрэшты, злавацца на суседку не хацелася: надта па-птушынаму разляталіся на ветры шырокія рукавы яе блакітнай кашулі. Нябёсная Птушка з падрэзанымі крыламі, – прашаптаў хтосьці ў Басінай галаве.
– Хіба яны ведаюць, ад каго з першых людзей пайшлі?
– Вікторыя вызначае паходжанне па кнігах тых часоў. Яна кажа, што ў кожнага ад продка застаецца талент, прадвызначаная схільнасць да той ці іншай справы. І чым перабіраць мноства заняткаў, лепш даведацца, чым займаўся твой першы продак. Мне Вікторыя сказала, што я мушу лекаваць, бо мая прамаці была лекаркай. І сапраўды, мне падабаецца вывучаць зёлкі і рэчывы, а чалавечае цела – такі куфар з таямніцамі!.. – Анэля мройна закаціла вочы, уяўляючы, што разгадвае гэтыя таямніцы, разблытвае, як звалянае прадзіва, у акуратны роўны клубочак.
– І мне можна запытацца?
– Не спяшайся, да яе адказу трэба быць гатовай. Ведаеш, як цяжка прыняць адно наканаванне на ўсё жыццё? Тым больш ад іншага чалавека.
– Бачу, майстэрства не прачынаецца ў руках ад аднаго дотыку да зброі, – Бася паказала на хлопца ў скураных даспехах з металічнымі ўстаўкамі, з рук якога добры тузін разоў выбівалі меч. Хлопец, кульгаючы, чарговы раз пайшоў па бессэнсоўны кавалак металу, дрыготкай рукой падняў яго і, раззлаваны сваім бяссіллем, кінуўся ў бойку.
– Схільнасць – гэта не знак таго, што ты адразу ўсё зможаш. Гэта кропля, якая падштурхне цябе працаваць, удасканальвацца. Ці падштурхне думаць, што ты геній, якому не трэба працаваць. А самае дзіўнае, што такіх кропляў можа быць некалькі, і ўсе яны розныя, пытанне толькі ў тым, якую ты ці хтосьці заўважыць першай. Талент, здольнасці, прадвызначанасць – гэта толькі тое, што сам сабе прыдумаеш ці што скажуць табе іншыя.
Анэля спахапілася, што блюзнерыць – наўрад ці Вікторыя адобрыла б такія словы. Тое, як дзяўчына іх прамаўляла – дакладна, упэўнена, але са згодай пачуць і прыняць адваротнае, – наводзіла на думку, што яна сама вынайшла тое, што кажа.
– Ты кажаш, што табе падабаецца лекаваць?
– Так, але быць лекаркай – быць кімсьці – гэта не проста захацець і стаць умомант. Таленавіты невук наробіць шкоды, вучоны чалавек без таленту – дапаможа. Пакуль мне падабаецца. Толькі хіба я ведаю, чаго мне захочацца заўтра? Зрэшты, не перадавай нікому мае словы. Я яшчэ малая, шмат чаго не разумею, але жыццё мяне навучыць. Так кажа мая настаўніца, лекарка Францішка.
Анэля знікла незаўважна. Нягледзячы на ціхія крокі, Бася вырашыла, што ёй можна давяраць.
Бася старанна ўглядалася ў твары людзей. Падобныя да яе. Не боствы, як яна ўяўляла. Такія ж смешныя, няўмелыя. І чужыя. Сям’і тут няма. Ці ёсць, але Басю прыняць не гатовы. Сям’я, мама, хата засталіся за ракой. Ды і тыя штучныя. Зрэшты, Бася тут, і трэба з гэтым жыць. Справай якой заняцца, ці што?
Яна пашыбавала да хлопца, з рук якога зноў выбілі меч.
Зброя скончыла свой чарговы палёт проста ля ног Басі. Юнак, ірвануўшыся па сваю прыладу, заўважыў дзяўчыну, збянтэжыўся і заціх. Рудыя валасінкі выбіваліся з-пад завялікага скуранога шалома, які ўвесь час спаўзаў на вочы. Хлопец намагаўся пасунуць яго на патыліцу, але прайграваў нават у гэтым змаганні. Бася пругка і імкліва схілілася, ухапілася за дзяржальна і вохнула – нялёгкая ноша. Нядзіва, што ён увесь час упускае. І чаму было не падысці да кагосьці іншага, менш занятага і менш сарамлівага? Белая тонкая скура імгненна налілася чырванню. Вочы злосныя, хоць і рабацінне праменіцца вакол іх. Аж забылася, пра што хацела запытацца.
– Не ідзе справа жыцця? – горшае, што можна сказаць.
– Побач жывуць ворагі, трэба ўмець абараніцца, – апраўдваўся мечнік-няўмека.
– Твой прабацька быў воем?
– Кажуць, адным з самых лепшых, – хлопец з сумам паглядзеў на меч, што адцягваў тонкую руку.
– А навошта воі ў той час, калі нікога, акрамя першых людзей не было?
– А хто ж іх, тых продкаў, ведае. Можа, на паляванне з мячамі хадзілі, а можа, паказальныя баі ладзілі. Вікторыя сказала, што я нашчадак слаўнага мечніка, значыць, я стану вартым яго, – незадаволены гора-вой, відаць, не любіць няёмкіх пытанняў і ніколі не задаваў іх сабе.
– Дзе знайсці Вікторыю? – Бася перайшла да справы.
– Дойдзеш да Лёсіцы, абмінеш яе, на дваццаць крокаў зойдзеш у гушчар. Там будзе ратуша.
Бася пашыбавала.