Читаем Чорны дзень полностью

Вось чаму, калі Зіна выказала патаемную жаночую зайздрасць да той, невядомай, што стане жонкай Крушыніна, рахункавод Барсукова ні то жартам, ні то ўсур’ёз сказала:

— Той жанчынай будзеце вы, Зіна.

Быдта сыпанулі жарам у твар Серпікавай.

— Што вы, што вы, Насця Сямёнаўна! Я нават думаць не магу пра гэта. Ён знойдзе не раўню мне.

— А што ж вы, гультайка, калека? Мець вас за жонку — мець поўную хату шчасця... На правах старэйшай я бяру на сябе гэты клопат...

Барсукова цішком папрасіла намесніка галоўнага бухгалтара выведаць, як думае далей жыць іхні інжынер. 3 прадбачлівасцю спрактыкаванай свацці, хоць ёй і не даводзілася быць у гэтай ролі, Насця павучала:

— Пагаварыце, Панцялей Іванавіч, спачатку як мужчына з мужчынам, паспачувайце яго адзіноце. А тады, быдта між іншым, намякніце, чаму яму не прыгледзецца да Зіны.

Невясёлую вестку прынёс намеснік галоўнага:

— Супраць нашай Зіны ён нічога не мае, але сказаў, што ні адна жанчына не пераступіць больш яго парога. Хапіла, кажа, аднае...

— Гэта пакуль утаймуецца крыўда, ён так гаворыць. Важна было напомніць пра добрую жанчыну...

Адчуваючы, што гаворка Панцялея Іванавіча была падобнаю на сватаўство, Крушынін яшчэ больш адасобіўся ад людзей. Не, цяпер ён будзе разумнейшы... Даволі адной памылкі.


Вайна змяніла многае. Шмат каму з будаўнікоў давялося замяніць кельму або сякеру на вінтоўку ці аўтамат. Прыбавілася работы і тэхнічнаму персаналу. Людзей паменшала, а планы асталіся тыя ж. Прыйшлося Крушыніну заняць месца прараба, якога на другі дзень вайны адклікалі ў ваенна-інжынерную часць.

Іншы раз пасля зацяжных падлікаў ды разлікаў Крушыніну прыходзілася і заначоўваць у кабінеце, бо нішто не вабіла дахаты. У такія хвіліны не раз прыгадвалася Таццяна. «Дзе яна, як сын?» Потым гэтыя думкі сплывалі, і чамусьці на змену ім заўсёды прыгадвалася размова з Панцялеем Іванавічам. «Заўтра ж трэба будзе перакінуцца некалькімі фразамі з Зінай. Ну што гэта за жыццё аднаму? Ні ты каму ласкавае слова, ні табе хто...»

Новы дзень прыносіў новыя турботы на будоўлі, і сваё асабістае, што вечарам здавалася важным, раніцай зноў станавілася для Крушыніна другарадным, нязначным. I толькі ў сорак чацвёртым, увосень, Крушынін і Зіна пажаніліся.

3 першых дзён новага сямейнага жыцця Іван зноў дамогся свайго.

— Люблю, каб у хаце парадак быў, каб грошы не растыцкваліся куды папала, каб пад маім кантролем была наша маленькая гаспадарка,— даводзіў ён лагодна Зіне.— Яны цяпер і так не дарагія, а калі сілай не прытрымліваць, то сплывуць з рук, што і паёк не будзе за што выкупіць.

Зіну гэта здзівіла. Яна не прывыкла да такога кантролю. Пры мужу грошы ляжалі ў шуфлядцы і браліся на патрэбныя выдаткі. Гаварылі адно аднаму, на што бяруцца, і ўсё. Потым жыла адна і таксама не транжырыла: кожны чырвонец меў сваё прызначэнне. А тут адразу недавер.

— Прыйдзецца некаторы час трошкі паашчаджацца, Зіначка, пакуль я не вярну ўзятыя з запасу грошы на наша вяселле,— напомніў Крушынін пасля першае зарплаты.

Якое там вяселле?! Смех людзям казаць. Зініны сяброўкі з канторы ды яго, Крушыніна, некалькі падначаленых — інжынеры, тэхнікі — сабраліся павячэраць разам. Сякія-такія выдаткі былі, вядома. Не абышліся пайковым пачастункам, сёе-тое купілі і на рынку. Але ж ці варта было пра такое нагадваць?

Зіна моўчкі згадзілася з мужам, а неўзабаве ў новай сям’і Крушыніных адбылася першая непрыемная размова. Канторскія служачыя атрымалі два талоны на абутак.

— Адзін талон даць Зіне,— сказала Барсукова,— хоць і не яе чарга, а другі — таму, хто па спісу першы.

Можа ў каго была і большая патрэба ў тым абутку, але ніхто з жанчын не стаў пярэчыць. Разумелі: няхай парадуе маладзіца мужа абноўкай...

Крушынін доўга аглядаў строгім позіркам туфлі, потым паставіў на табурэцік і пакруціў галавой.

— Не падабаюцца? — спытала Зіна.

— Відаць, увесь аванс аддала? — замест пахвалы і добрага пажадання, як гэта робіцца нават чужымі людзьмі ў такіх выпадках, спытаў Крушынін.

— Пяцьдзесят рублёў асталося,— не заўважаючы яшчэ ў мужавых словах дакору, шчыра прызналася Зіна.

— На кіло рыначнага хлеба. А жыць як будзем да другой палучкі, падумала?

Што магла адказаць на такое жорсткае пытанне жанчына? Збянтэжаная, яна стаяла сярод пакоя з бульбінай і нажом у руцэ і ўпершыню параўноўвала свайго першага мужа з Іванам. «Сярожа расцалаваў бы мяне ад радасці, каб я прынесла такую пакупку...» Яна паставіла туфлі ў шафу і, ледзь стрымліваючы жаль, каб не расплакацца, выйшла на куханьку.

Іван зразумеў свой залішні дакор і пайшоў следам за жонкай, там ужо сказаў, каб насіла здаровая, аднак не ўпусціў моманту напомніць:

— Трэба ўсё ж раіцца з мужам, Зіначка, купляючы дарагую рэч. Шклянку кедравых арэхаў купіш, і то ўжо непрадбачаныя выдаткі ў сямейнай гаспадарцы, а тут вунь колькі адразу траціцца.

Назаўтра, як толькі Зіна зайшла ў кантору, Насця спытала, ці спадабаліся ж хаця мужу туфлі. Яна хадзіла памагаць выбіраць у магазіне.

Зіна расказала, як яно было ўчора вечарам дома. Жанчыны гнеўна абурыліся. Адна з іх параіла сабраць патрачаныя на туфлі грошы, каб Зіна аддала мужу.

Перейти на страницу:

Похожие книги