Нічога іншага і нічога болей, тут ці там, усё адно, цяпер яны гэта ведалі.
І не трэба было бунтаваць, летуцець, чакаць, ці намагацца, ці кідацца наўцёкі, трэба проста ўважліва выбраць (гарсон чакаў): «возьмем гранатавы сок з мінеральнай ці каву? чорную ці з вяршкамі?» — і сціпла пагадзіцца жыць, тут ці там, неяк бавячы час.
XVII
Калі наставалі пагодныя дні, у святы яны выбіраліся ў прыгарадныя лясы — на шпацыр.
Кусцістыя лясныя зараснікі былі сіметрычна пакрэсленыя прамымі прасекамі, якія, сыходзячыся, утваралі правільныя скрыжаванні. Трава была яшчэ рэдкая, патаптаная, але сям-там на галінках пачыналі ўжо распускацца лісточкі; іх яркасці яшчэ не ставала, каб крыху асвяжыць навакольную няўтульнасць, і яны больш нагадвалі дзетак у бальнічным пакоі, што кісла ўсміхаюцца, моршчачы тварык пад сонцам.
Яны прымошчваліся снедаць каля дарожак, на аблыселых прагалінках і, здавалася, нічога вакол не заўважалі: яны былі вышэй за ўсё гэта, — ім не абыходзіла пісклявае чырыканне птушак, кволыя пупышкі, скамечаная трава; густая, непраглядная атмасфера, у якой яны жылі кожны дзень, не расставалася з імі і тут, яна сачылася з іх, як цяжкае, едкае мроіва.
Яны прывозілі сюды з сабой і нязменнага спадарожніка гадзін свайго адпачынку — сваё адзінае дзіця.
І калі малое бачыла, што яны пачынаюць прыладжвацца ў выбраным імі месцы, яно раскладала зэдлік, ставіла яго побач і, сеўшы, пачынала грэбці зямлю, збіраючы ў кучу каменне і сухую лістоту.
Яго ахіналі іх словы, іх фразы, пераблытаныя з неспакойнымі пахамі гэтай нядошлай вясны, нібы поўныя ценяў, пад якімі збіраліся і варушыліся нейкія цьмяныя формы.
Густое паветра, нібы насычанае клейкім вільготным пылам, дрэўнымі сокамі, ліпла да яго, прыстаючы да скуры, лезучы ў вочы.
Малое не хацела адыходзіць ад іх, ісці на поплаў гуляць з іншымі дзецьмі. Яно, як прывязанае, сядзела на месцы і са змрочнаю прагнасцю паглынала ўсё, што яны казалі.
XVIII
Гэта — пад Лонданам, у катэджы з паркалёвымі фіранкамі, з маленькім падстрыжаным паплаўцом на заднім двары, асветленым сонцам і мокрым пасля дажджу.
На поплаў выходзяць вялікія зашклёныя дзверы мастацкай майстэрні, з абодвух бакоў ад дзвярэй — вазоны з гліцыніямі.
На цёплым каменні, заплюшчыўшы вочы, прамы, як струна, сядзіць кот.
Перад дзвярыма бялявая дзяўчына, з ружовымі, крыху фіялетавымі шчокамі, чытае ангельскі ілюстраваны часопіс.
Яна сядзіць, вельмі напружаная, вельмі чапурыстая, вельмі ўпэўненая ў сабе і ў іншых, трывала асталяваўшыся ў сваім маленькім святочку. Яна ведае, што праз колькі хвілін дзынкне званок і яе паклічуць на чай.
Кухарка Ада, на ніжнім паверсе, за сталом, засланым белай цыратай, абірае гародніну. Яе твар нерухомы, яна, як відаць, не думае ні пра што. Яна ведае, што хутка настане час спячы buns* і пазваніць у званок, каб паклікаць на чай.
XIX
Ён быў гладкі, плоскі, з роўнымі шчочкамі, якія па чарзе — спачатку адну, потым другую — падстаўляў ім, і яны, выцягваючы губы, давалі буську.
Яны бралі яго, мялі, круцілі ва ўсе бакі, тапталі, качаліся па ім, развальваліся як найвыгодней. Яны прымушалі яго павярнуцца, вось так, вось так, вось так, і паказвалі розныя прываблівыя малюнкі, якія немагчыма было адрозніць ад сапраўднасці, — намаляваныя фальшывыя дзверы, фальшывыя вокны, да якіх ён даверліва бег і стукаўся, балюча ўдараўся.
Яны заўсёды, спрадвеку ведалі, як трымаць яго ў сваёй уладзе, не пакідаючы ані прадыху, ані глыточка свежасці, як паглынуць яго цалкам, да астатняй кроплі. Яны дзялілі яго, разбіралі на жудасныя кавалкі, разбівалі на квадраты, абмервалі з усіх бакоў; і часам давалі пабегаць, адпускалі яго, але як толькі ён крыху аддаляўся, хапалі зноў, завалодвалі ім зноўку. Ён ад маленства паспеў палюбіць гэтую іх неспатольную прагу кіраваць — ён выцягваўся, удыхаў іх саладжава-з'едлівы водар, аддаваў сябе на іх міласць.
З гэтага свету, у якім ён жыў, зачынены з усіх бакоў, абложаны імі, не было ніякага выйсця. Паўсюль — іх рэзкае святло, іх сляпучы бляск, які згладжваў усё, прыбіраў усе няроўнасці, цені.
Яны ведалі, што яму падабаецца іх прыгнёт, ведалі ў ім гэтую слабасць і таму — не цырымоніліся.
Яны яго добра выпатрашылі і напхалі зноў і паўсюль паказвалі яму іншых, такіх самых марыянетак, такіх самых лялек. І ён не мог ад іх вырвацца. Ён толькі мог міла падставіць свае гладкія шчочкі — адну, потым другую — і дастаць у іх буську.
XX
Калі ён быў маленькі, ён сядаў сярод ночы на ложку і клікаў. Яны прыбягалі, запальвалі святло, бралі ў рукі бялізну, сурвэткі, розную вопратку і паказвалі яму: нічога няма. У іх руках прадметы рабіліся адразу бяскрыўдныя, нібыта меншалі, нерухомелі, станавіліся мёртвымі ў электрычным святле.
І цяпер, калі ён ужо вырас, ён, як і тады, клікаў іх да сябе, каб яны прыйшлі, паглядзелі, пашукалі ўсюды, каб яны знайшлі тыя страхі, што схаваліся ў ім у далёкіх закутках, каб яны ўзялі іх у рукі і разгледзелі пад святлом.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение