Але часам, нягледзячы на ўсе перасцярогі, на ўсе намаганні, калі яны бачылі, як яна, быццам крохкая і кволая падводная расліна з рухлівымі, натапыранымі ва ўсе бакі атожылкамі, ціхутка сядзіць пад святлом, што спадае ад лямпы, яны адчувалі, што пачынаюць слізгаць, пачынаюць падаць усім цяжарам, падмінаючы пад сябе ўсё, і тады з іх так і лезла — бязглуздыя досціпы, кпіны, жудасныя гісторыі пра канібалаў — усё гэта так і лезла, лопалася, і яны не маглі сябе ўтрымаць. А яна млява скурчвалася — ах, як гэта жахліва! — яна ўспамінала пра свой пакойчык, свой мілы прыстанак, дзе можна схавацца, дзе яна ўкленчыць на каберчыку каля ложка, у глухой палатнянай сарочцы пад самае горла, такая па-дзіцячы шчырая, па-дзіцячы чыстая, — Тэрэза з Лізьё, святая Кацярына, Бландзіна... — і, сціскаючы ў пальчыках залаты ланцужок на шыі, памоліцца за ўсе іх грахі.
Але часам бывала і так, што, калі ўсё ішло добра, калі яна ўжо ўтульна прымошчвалася, з асалодаю прадчуваючы, як зараз пачнуць гаманіць пра тое, што ёй так даспадобы, калі гамонка рабілася шчырая і сур'ёзная, яны — раптам — выслізгвалі нейкім блазенскім выкрутам і распяльвалі твар у ідыёцкай, гідкай усмешцы.
XV
Ёй надта падабаліся такія старыя дзядкі — такія, як ён, — з імі можна было пагутарыць, яны столькі ўсяго разумелі, столькі зведалі ў жыцці, сустракаліся з рознымі цікавымі асобамі (яна ведала, што ён быў некалі сябар Фелікса Фора і цалаваў у руку імператрыцу Яўгенію).
Калі ён завітваў да яе бацькоў на вячэру, яна, з такою дзіцячаю шчырасцю, з такою пачцівасцю (ён такі мудры), трошкі нясмелая, але ўся трапяткая ад нецярплівасці (гэта так павучальна — пачуць, што ён думае), першая прыбягала ў салон скласці яму кампанію.
Ён цяжка ўставаў: «Ага! Вось і вы! Ну што? Як вашы справункі? Чым займаецеся? Што добрага зрабілі сёлета? Ага, зноў едзеце ў Англію? Вунь што?»
Яна зноў збіралася ў Англію. Сапраўды, ёй так падабаецца гэта краіна. Бо калі з ангельцамі пазнаёмішся бліжэй...
Але ён перапыняў: «Англія... Ну але ж, Англія... Шэкспір? Га? Га? Шэкспір. Дзікенс. А ведаеце, я, калі быў малады, памятаю, забаўляўся перакладамі з Дзікенса. Тэкерэй. Ведаеце Тэкерэя? Тh... Тh... Так, здаецца, яны вымаўляюць? Га? Thackeray? Так? Яны ж так гэта кажуць?»
Усё — ён ужо ўчапіўся ў яе, трымаў, заціснуўшы ў кулаку. І глядзеў, як яна ледзь прыкметна брыкаецца, нязграбна, зусім па-дзіцячы дрыгае ў паветры нагамі і па-ранейшаму ўсміхаецца, міла, прыязна: «Ну але, па-мойму, менавіта так. Але. Вы добра вымаўляеце. Сапраўды, t-h... Tha... Thackeray... Але-але, правільна. Вядома, я ведаю «Vаnіtу Fаіr». Так-так, гэта ён напісаў».
Ён трошкі яе паварочваў, каб лепей разгледзець: «Vаnіtу Fаіr? Vаnіtу Fаіr? Ага! Вы ўпэўнены? Vаnіtу Fаіr? Гэта ён напісаў?»
Яна яшчэ квола дрыгалася, з нязменнаю ветлівай, мілай усмешкай, і шукала вачыма, нібыта прагла штосьці ўбачыць. А ён сціскаў — усё мацней, мацней: «І кудой вы едзеце? Праз Дуўр? Праз Кале? Dоvеr? Га? Праз Dоvеr? Так яны кажуць? Dоvеr?»
Ніяк немагчыма выслізнуць. Немагчыма спыніцца. А яна — яна столькі чытала... столькі думала пра розныя рэчы... Ён жа ўмеў быць такі чароўны... Але, відаць, дзень выдаўся ў яго няўдалы, ён быў не ў найлепшым гуморы. І ён будзе цяпер гаварыць, гаварыць, не ведаючы літасці, не даючы перадыху: «Dоvеr, Dоvеr, Dоvеr? Га? Га? Thackeray? Англія? Дзікенс? Шэкспір? Га? Га? Dоvеr? Shаkеsреаrе? Dоvеr?» — а яна будзе старацца вызваліцца, мякка, не адважваючыся зрабіць рэзкага руху — гэта можа яго ўгнявіць, — і будзе адказваць ледзь прыкметна пагаслым галасочкам: «Ага, правільна, Dоvеr. Вы, напэўна, часта тудою ездзілі... Па-мойму, праз Дуўр зручней. Ага, правільна... Dоvеr».
І толькі калі ён убачыць, што прыйшлі ўжо бацькі, ён нарэшце апамятаецца і расслабіць кулак, і яна, трошкі пычырванелая, трошкі ўскудлачаная, у крыху пакамечанай прыгожай сукеначцы, нарэшце адважыцца, не баючыся яго раззлаваць, уцячы.
XVI
Яны былі ўжо старыя, пашарпаныя, «як старая, доўга ўжываная мэбля, што аджыла свой век, выканала сваё прызначэнне», і часам (гэта было ў іх своеасаблівым какецтвам) яны ціха ўздыхалі, і гэты гук, падобны да сухога рыпення, быў поўны пакорлівасці, поўны супакаення.
Цёплымі вясеннімі вечарамі яны разам хадзілі гуляць — «цяпер, калі мінула маладосць, калі згасла былая палкасць», яны проста хадзілі шпацыраваць, «падыхаць крыху перад сном свежым паветрам», пасядзець у кавярні, крышачку пагаманіць.
З вялікай перасцярогаю яны выбіралі закутак, дзе б іх нічога не трывожыла («не, не: гэта якраз на скразняку, і там таксама: каля самае прыбіральні»), нарэшце яны сядалі — «Ах! Гэтыя старыя косці, што зробіш, старэем... Ах! Ах!» — зноў чулася іх сухое рыпенне.
Святло ў зале было нячыстае і халоднае, гарсоны бегалі надта хутка, абыякавыя, крыху нават жорсткія, і ў люстрах адбіваліся змардаваныя твары з прыжмуранымі вачыма.
Але яны нічога іншага не патрабавалі, так дык так, цяпер яны гэта ведалі — не трэба нічога чакаць, і патрабаваць не трэба: усё ёсць так, і нічога болей, гэта і ёсць — «жыццё».
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение