Папаўдні яны разам выходзілі ў горад — яны вялі жыццё свецкіх пані. Ах! Якое цудоўнае гэта было жыццё! Яны заходзілі ў «чаёўні», елі пірожныя, якія прыдзірліва выбіралі з выглядам вялікіх знаўцаў ласункаў: эклеры з шакаладнай начынкай, бабы, цесткі.
Вакол быў як шумлівы птушыны двор, цёплы, вясёла расквечаны, прыгожа аздоблены. І яны заставаліся тут і сядзелі, цесна скупіўшыся вакол невялічкіх столікаў, і гаманілі.
І адусюль на іх нібы павявала лёгкім ветрыкам узбуджанасці, жвавасці, радаснай усхваляванасці ад успаміну пра цяжкі выбар, яны і цяпер яшчэ сумняваліся трошкі (ці будзе ён стасавацца з блакітна-шэрым ансамблем? ды не, не — вядома, будзе, проста чароўна), і ў перспектыве ўяўлялася гэткая метамарфоза, гэткае раптоўнае самаўзвышэнне, бляск.
Яны, яны, яны, яны, паўсюль, заўсёды яны, ненажэрныя, сакатлівыя, далікатныя.
Іх твары нібы распінала з сярэдзіны ўнутранаю напружанасцю, іх абыякавыя позіркі слізгалі па паверхні, па абалонцы рэчаў, спыніўшыся на імгненне, узважвалі іх (прыгожае, непрыгожае?) і зноў пакідалі. Румяны надавалі ім цяжкі бляск, нейкую нежывую свежасць.
Яны заходзілі ў чаёўні. Доўга, гадзінамі сядзелі там, пакуль не пачынала цямнець. І гаманілі: «У іх бываюць такія нікчэмныя сцэны, такія сваркі, без дай прычыны. І я мушу сказаць, шкадую больш усё-ткі яго. Колькі? Ды, прынамсі, два мільёны. І гэта яшчэ толькі спадчына ад цёткі Жазефіны... Не... З чаго вы ўзялі? Ды не ажэніцца ён з ёй. Яму патрэбна добрая гаспадыня і дамаседка, ён нават сам не разумее гэтага. Ды не, я вам кажу. Яму патрэбна дамаседка... Дамаседка... Дамаседка...» Усё, пра што ім казалі, усё, што яны чулі, — усё і заўсёды было пра гэта, тут яны былі знаўцы: пачуцці, каханне, жыццё — гэта была іх сфера. Яна належала ім.
І яны гаманілі, гаманілі бясконца, паўтаралі ўвесь час адно, і пераварочвалі, і пераварочвалі зноў, з аднаго боку, потым з другога, і мясілі, мясілі, безупынку качалі ў пальцах гэтае непадатнае, мізэрнае рэчыва, якое выдлубвалі з жыцця (з таго, што яны называлі «жыццём», з іх сферы), і мясілі, расплёсквалі, скочвалі — пакуль яно не рабілася камячком, маленькаю шэраю гулькай.
XI
Яна выведала сакрэт. Вынюхала, дзе хаваецца тое, што павінна лічыцца — для ўсіх — сапраўдным багаццем. Цяпер яна ведала «шкалу вартасцяў».
З ёй — ніякіх размоў пра транты, пра розныя там капялюшыкі ад Рэмона. Чаравікі з тупымі насамі выклікалі ў яе пагарду.
Нібыта макрыца, яна неўпрыкмет падкралася да іх і — каварна, як кошка, якая, жмурачы вочы, аблізваецца перад гарнушкам смятаны, — падслухала, дзе, у чым яна, «самая сапраўдная ісціна».
Цяпер яна гэта ведала. Яна ўжо не адступіцца. Цяпер яе не саб'юць. Яна слухала, убірала ў сябе, прагная, няўтольная, хцівая. Нічога, нічога, што належала ім, не павінна было выпасці з-пад яе ўвагі: карцінныя галерэі, новыя кнігі... Яна ўсё гэта ведала. Яна пачынала з «Летапісаў», цяпер пераходзіла ўжо да Жыда, а хутка — будзе хадзіць у «Саюз за Праўду» і, з пільным, панадлівым позіркам, — натаваць, натаваць.
Паўсюль, дзе толькі можна было нешта знайсці, яна шнарыла, нюхала, перабірала і мацала ўсё сваімі пальчыкамі з абстрыжанымі пазногцямі, і як толькі дзесь цьмяна заходзіла пра гэта гамонка — вочы ў яе запаляліся і прагавіта выцягвалася шыя.
Іх усё гэта невыказна гідзіла. Схаваць ад яе — хутчэй! — пакуль не паспела пранюхаць. Затаіць, не даць даткнуцца — яе дотык усё прыніжае... Але позна — яна ўжо ведала, яна руйнавала іх планы. Ад яе немагчыма было схаваць касцёл у Шартры. Пра яго яна ведала ўсё. Яна нават чытала, што пра яго думаў Пэгі.
Яна лезла ўсюды сваімі сквапнымі пальцамі, у самыя патаемныя закуткі, у самыя непадступныя скарбы. Уся з сябе — «інтэлігентнасць». Ёй гэта было неабходна. Ёй. Бо цяпер яна ведала сапраўдную цану рэчам. Ёй патрэбна была інтэлігентнасць.
Іх было шмат, такіх, як яна — згаладалых, бязлітасных паразітаў, п'явак, што адразу накідваліся на кожны новы артыкул, слімакоў, што прыліпалі паўсюль, пэцкаючы сваёй сліззю Рэмбо, смокчучы Малярмэ, кідаючыся ад аднаго да другога і душачы сваёй клейкаю, брыдкаю кемлівасцю «Уліса» ці «Мальтыйскія дзённікі» Лаўрыдса Брыге. «Як гэта чароўна!» — казала яна і, з непадробнай натхнёнасцю распяльваючы вочы, запальвала ў іх «боскую іскарку».
XII
На сваіх лекцыях у Калеж-дэ-Франс, на якіх заўжды збіралася шмат народу, ён любіў пацешыцца падобнымі рэчамі.
Яму падабалася, з вялікаю годнасцю, з непараўнаным прафесіяналізмам у рухах, пашнарыць сваёю ўмелай, бязлітаснаю рукой у сподняй бялізне Пруста, Рэмбо, выставіць на агляд уважлівай публіцы іх так званыя цуды, іх таямніцы, растлумачыць «іх прыватны выпадак».
Яго пранізлівы хітры позірк, гальштук з бездакорна завязаным вузлом і квадратная барада рабілі яго надзіва падобным да пана, якога малююць на рэкламных аб'явах і які з бясхібнай усмешкаю раіць, угору задраўшы палец: «Сапаніт — найвыдатнейшы мыйны сродак» ці «Мадэльныя чаравікі Саламандра: эканомія, надзейнасць, камфорт».
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение