Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Кожную раніцу яна ўсхоплівалася з ложка раней за ўсіх і бегала па кватэры, заўсёды незадаволеная, крыклівая, з'едлівая, размахваючы рукамі, задыхаючыся ад абурэння, гатовая ў любое імгненне ўстроіць «сцэну». Яна адзін за адным абыходзіла ўсе пакоі, урывалася ў кухню, гнеўна грукала ў дзверы занятае некім ваннай, ёй паўсюль рупіла ўлезці, кіраваць, страсянуць іх, папытацца, колькі яны збіраюцца там сядзець — гадзіну? — нагадаць, што ўжо позна, што яны спозняцца на трамвай ці на поезд, што ўжо вельмі позна і яны са сваёю нехлямяжасцю, з падобным сваім нядбайствам абавязкова некуды не паспеюць, што сняданак даўно гатовы, што ён даўно ўжо астыў, што ён дзве гадзіны як на стале і ўжо зледзянеў. І здавалася, у яе вачах няма нічога больш пагарджанага і больш невыцерпнага, больш дурнога і брыдкага, няма больш відавочнай прыкметы нізасці, прыкметы слабасці, чым даць астыць, прымусіць чакаць сняданак.

Тыя, хто ўсё гэта ведаў, — дзеці — стараліся не пазніцца. Але іншыя, бесклапотныя і няўважлівыя да падобных рэчаў, не ведаючы ўсёй іх магутнасці ў гэтым доме, прыязна адказвалі, вельмі ласкавым і натуральным тонам: «Вялікі дзякуй, не хвалюйцеся, я з задавальненнем вып'ю і трошкі астылай кавы». Гэтым, чужым, яна не асмельвалася нічога адказваць, але за адно гэтае слова, за адну гэтую караценькую ветлівую фразу, якою яны мякка, нібы між іншым, тылам далоні, адштурхвалі яе, не звяртаючы нават увагі, ні на імгненне не спыніўшы на ёй свайго позірку, ужо за адно гэта яна пачынала іх ненавідзець.

Рэчы! Рэчы! Гэта была яе сіла. Крыніца яе магутнасці. Інструмент, якім яна інстынктыўна, бясхібна і беспамылкова карысталася, каб нерамагаць, пляжыць усіх чыста.

Тыя, хто жыў побач з ёй, адчувалі сябе палоннымі рэчаў, рабамі, сагнутымі лад іх цяжарам, змярцвелымі і прыгнечанымі, увесь час пільнаванымі і зацкаванымі імі.

Рэчы. Прадметы. Званкі. Тое, што ніколі нельга было забывацца. Істоты, якіх нельга прымусіць чакаць. Яна карысталася імі, як зграяй сабак, якую напускала на іх штохвіліны: «Звоняць! Звоняць! Хутчэй, варушыцеся, вас жа чакаюць!»

І нават калі яны сядзелі ў схованцы, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яна прымушала іх здрыгануцца: «Вас там клічуць! Вы што — не чуеце? Тэлефон. Дзверы. Адкуль скразняк? Вы не зачынілі дзверы, дзверы на лесвіцу!» Гахала акно. Грукалі дзверы. Парыў ветру пралятаў па кватэры. Трэба было бегчы, хутчэй, хутчэй, пад праклёнамі, спатыкаючыся, устрывожана, усё кінуць і бегчы, з гатоўнасцю дагадзіць.


VII

Толькі не пры ім, не-не, не пры ім, пазней, калі яго тут не будзе, не цяпер. Было б надта неасцярожна, надта непрыстойна гаварыць пра гэта — пры ім.

Яна трымалася напагатове, каб своечасова ўмяшацца, перашкодзіць яму пачуць, безупынку гаманіла сама, стараючыся адцягнуць яго ўвагу: «Крызіс... і гэтае беспрацоўе, усё расце ды расце. Ну, вядома, яму так усё ясна, ён жа так разумее ў падобных рэчах... А ёй — адкуль ёй ведаць?.. Ёй, праўда, расказвалі, што... Але ён мае рацыю: калі падумаеш, усё аказваецца такім простым, такім відавочным... Нават дзіўна і сумна бачыць, што столькі добрых людзей яшчэ такія наіўныя». Усё ідзе добра. Ён, відаць, задаволены. Папіваючы чай, ён тлумачыў паблажлівым тонам, з самаўпэўненым выглядам, і часам, наморшчваючы шчаку, націскаючы языком на зубы, каб выгнаць рэшткі заселай ежы, утвараў своеасаблівы гук, нешта накшталт ціхага прысвісту, што заўжды выдавала яго задаволенасць, млявую бесклапотнасць.

Але часам, нягледзячы на ўсе яе намаганні, запаноўвала цішыня. І нехта, павярнуўшыся да яе, пытаўся, ці хадзіла яна на Ван Гога.

«Ну вядома, але, яна хадзіла на выстаўку (нічога-нічога, ён не павінен звярнуць увагі, зараз яна ўсё ўладзіць, адным узмахам рукі), але, яна хадзіла неяк у нядзелю, у мінулую, здаецца, ці, можа, пазамінулую, увечары, калі ўсё роўна не ведаеш, чым сябе заняць. Вядома, было даволі цікава».

Ну, усё, усё, досыць, не трэба болей пра гэта, няўжо гэтыя людзі не адчуваюць, няўжо не бачаць, што ён тут, што ён слухае. Ёй было страшна... Але іншым, здаецца, гэта не абыходзіла, яны гаманілі, гаманілі далей пра сваё.

Ну што ж, калі ім так хочацца, калі ўжо ўсё роўна яна няздольная іх утрымаць — няхай іх упусцяць. Тым горай для іх. Няхай увойдуць сюды — Ван Гог, Утрыло ці хто іншы. Яна выйдзе наперад, стане перад імі, яна пастараецца іх крыху прыхаваць, каб хоць не так яўна, каб як мага менш выбіваліся, вось так, ціхутка, няхай паслухмяна там топчуцца, па сценачках. Вось так, ну вось, нічога такога, можна спакойна на іх зірнуць: Утрыло — п'яніца, толькі выйшаў са Св. Ганны, а Ван Гог... Га! Ды яна гатова пайсці ў заклад: ён ніколі не здагадаецца, што там у Ван Гога ў гэтай паперцы. У гэтай паперцы... яго адцятае вуха! «Мужчына з адцятым вухам», ды, вядома, ён гэта ведаў? Цяпер гэта бачыш паўсюль. Ну вось. Усё. Ён жа не раззлаваўся? Ён жа не ўскочыць, не адштурхне яе груба, не рушыць на іх, бегаючы прысаромленымі вачыма, гнеўна, гідка ашчэрыўшы зубы?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия