Не, не, дарэмна яна хвалявалася. Ён выдатна ўсё разумее. Ён прыняў гэта вельмі паблажліва, гэта нават яго пазабавіла. Вось — ён зноў моршчыць шчаку, зноў гэты лагодны прысвіст, і ў вачах — ранейшая вясёлая іскарка, гэты бляск, што сведчыць пра яго непарушную самаўпэўненасць, млявую бесклапотнасць, поўную задаволенасць.
VIII
Побач з гэтымі свежымі, гэтымі юнымі істотамі, побач з гэтымі бязвіннымі чалавечкамі ў яго заўжды ўзнікала жаданне, хваравітая, неадольная патрэба — узяць іх у свае неспакойныя пальцы, пакруціць, памацаць, наблізіць як мага больш да сябе, зрабіць іх сваімі.
І калі яму выпадала ісці з кім-небудзь з іх на вуліцу, весці каго-небудзь з іх прагуляцца, ён браў яго маленькую ручку і, пераходзячы на другі бок дарогі, моцна сціскаў яе ў сваёй цёплай, сваёй дужай руцэ, стрымліваючыся, каб не раздушыць гэтых малюпасенькіх пальчыкаў, калі яны пераходзілі на той бок вуліцы і з бязмежнаю асцярогай глядзелі спачатку налева, потым направа, каб упэўніцца, што перайсці паспяваюць, каб пераканацца, што ніякай машыны няма, каб яго золатка, яго мілае дзіцятка, гэтая маленькая жывая істота, кволая і такая даверлівая, за якую ён нясе такую адказнасць, не была раздушаная пад коламі.
І пераходзячы вуліцу, ён вучыў яго, што трэба спачатку доўга чакаць і быць уважлівым, уважлівым-уважлівым, быць вельмі-вельмі ўважлівым, калі пераходзіш вуліцу, нават на пераходзе, бо «трэба так мала, досыць усяго секунды няўвагі, каб здарылася непапраўнае».
І яшчэ ён любіў гаварыць з імі пра свой узрост, свой стары ўзрост, і пра сваю смерць. «Што ты скажаш, калі ў цябе не стане дзядулі, не будзе твайго дзядулі, бо ён старэнькі, ведаеш, вельмі старэнькі, і хутка яму прыйдзе пара паміраць. Ведаеш, што робяць, калі памруць? А ў яго ж таксама, у твайго дзядулі, у яго была мамачка. А? Дзе яна цяпер? Эх-эх, дзе яна цяпер, мой даражэнькі? Пайшла. Няма болей мамачкі, яна даўно ўжо памерла, яго мамачка, пайшла, няма яе больш, усё, памерла яна».
Паветра было шэрае і нерухомае, без пахаў, абапал вуліцы ўзвышаліся дамы, роўныя, шчыльныя і змрочныя гмахі, што абступалі іх, калі яны паволі рушылі па тратуары, трымаючыся за рукі. І малое адчувала, як нешта душыць, цісне, скоўвае яго. Нешта мяккае і задушлівае, што яго абавязкова прынукалі прыняць, увабраць, пад ласкавым і няўмольным прымусам, злёгку заціскаючы яму нос, каб ён праглынуў, каб не мог супраціўляцца, — і гэтае нешта пранікала ў яго, пакуль малое дробна і паслухмяна трухала па тратуары, пакорліва трымаючыся за ручку, вельмі разумна, згодна ківаючы галавой і слухаючы, як яму тлумачаць, што заўжды трэба быць асцярожным, калі пераходзіш, і глядзець — налева, направа, і быць уважлівым, вельмі ўважлівым, каб не здарылася непапраўнага, калі пераходзіш па пераходзе.
IX
Яна сядзела ў фатэлі, зашыўшыся ў кут, скурчыўшыся, з выцягнутаю шыяй, вырачанымі вачыма. «Ага, ага, ага, ага», — казала яна і, ківаючы галавой, нібы пагаджалася з кожным прамоўленым словам. Яна была страшная — ціхая, слізкая, уся нейкая гладкая, і толькі вочы, адны, былі вырачаныя. У ёй было штось прыгнятальнае, штось насцярожлівае, і ў ціхмянасці яе нібыта хавалася прытоеная пагроза.
Ён адчуваў, што любою цаной трэба што-небудзь зрабіць — каб яна расслабілася, каб яна супакоілася, але ён разумеў, што здольны на гэтае можа быць толькі той, хто валодае нечалавечаю сілай, у каго хопіць духу сесці насупраць, добра, зручна ўладкаваўшыся ў крэсле, і асмеліцца спакойна зірнуць на яе, зірнуць ёй у твар, злавіць яе позірк і не зводзіць вачэй з яе скурчанай постаці. «Ну што! Як вашы справункі? — асмеліцца ён сказаць. — Як вы сябе пачуваеце?» — ён асмеліцца ёй сказаць гэта і потым счакае. Няхай яна выкажацца, няхай дзейнічае, няхай раскрые сябе, няхай усё гэта выйдзе, лопне, прарвецца нарэшце — яго гэта не спалохае.
Але зрабіць гэта самому — не, у яго ніколі не хапіла б сілы. Яму, наадварот, трэба было пастарацца гэта стрымаць, як мага даўжэй, не даць гэтаму выліцца, любою цаной, усё роўна як, заціснуць, запхнуць у яе, каб усё засталося там, усярэдзіне.
А ўвогуле — што, што? Што ўсё гэта такое? Яму было страшна, ён баяўся сарвацца, ні хвіліны — нельга было губляць ні хвіліны — на думкі, развагі. І, як заўсёды, калі ён бачыў яе, ён зноў уваходзіў у гэтую ролю, да якой яго змушала яна — так здавалася яму — сілай, пагрозай. І ён пачынаў балбатаць, гаварыць, мянціць безупынку, усё роўна што, пра каго, безнадзейна кідацца (як змяя перад дудкай? як птушка перад удавам? — ён ужо не разумеў нічога), хутчэй, хутчэй, не спыняцца, не губляць ні хвіліны, хутчэй, хутчэй, пакуль не позна, стрымаць, улагодзіць. Гаварыць, але гаварыць — пра што? пра каго? — пра сябе, ну але — пра сябе, пра сваіх, пра сяброў, пра крэўных, пра ўсё, што ў іх дзеецца, пра іх сваркі, сакрэты, пра ўсё, што лепей было б схаваць, але калі ўжо гэта можа яе зацікавіць, калі гэта яе пацешыць, якія сумненні — трэба ўсё ёй сказаць, расказаць, усё ёй выкласці, усё аддаць — бо яна тут, чакае, зашыўшыся ў кут у фатэлі, такая ціхая, слізкая, скурчаная.
X
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение