Рэчы таксама яму не давяралі, ужо вельмі даўно, яшчэ з таго часу, як ён, зусім маленькі, стараўся іх дамагчыся, чапляўся, прыліпаў да іх, хацеў аб іх пагрэцца, — яны не хацелі ўвайсці з ім «у змову», яны адмовіліся быць для яго тым, чым ён хацеў, — «паэтычнымі ўспамінамі дзяцінства». Яны былі добра вымуштраваныя, выдрэсіраваныя, у іх заўсёды быў нязменны, безаблічны і безыменны твар, — добра выцвічаныя служкі, яны ведалі сваю ролю і ніколі не адказвалі яму, баючыся, вядома, што праз гэта іх звольняць.
Але апроч гэтага сарамлівага і вельмі рэдкага ў яго руху, ён нічога сабе не дазваляў. Яму ўдалося паступова задушыць усе былыя неразумныя дзівацтвы, і цяпер ён меў іх нават меней, чым яму звычайна даравалі; ён нават не збіраў ужо марак — хоць нармальныя людзі займаюцца гэтым ва ўсіх на вачах. Ён ніколі ўжо не спыняўся пасярод вуліцы, каб нешта разгледзець, — як раней, калі яго нянька (ды хадзем жа! хадзем!) цягнула яго, — ён пераходзіў хутка і ніколі не замінаў руху на праезнай частцы; нават міма самых прываблівых, самых жывых прадметаў ён праходзіў спакойна, не кідаючы ім змоўніцкіх позіркаў.
Увогуле, нават тыя з яго сяброў, з яго крэўных, што былі зацятыя аматары псіхіятрыі, нават тыя ні ў чым не маглі яго папракнуць, хіба што, можа, побач з гэтай адсутнасцю ў яго бяскрыўдных прыхамацяў, якія даюць немалую аддуху, побач з яго згодніцтвам праз залішнюю паслухмянасць — у лёгкай схільнасці да астэніі.
Але яны даравалі гэта; калі добра падумаць, гэта было не так ужо страшна, не так непрыстойна.
Час ад часу, зрэдку, калі ён бываў вельмі стомлены, па іх парадзе ён дазваляў сабе трошкі прайсціся. І тады, гуляючы адзін на зыходзе дня па захутаных снегам і поўных мяккай спагады вулачках, ён гладзіў рукамі чырвоныя і белыя цагліны дамоў і, прыпаўшы да муру, перагнуўшыся наўскасяк, баючыся сваёй нясціпласці, глядзеў праз асветленую шыбу ў пакой на першым паверсе, дзе перад акном на парцалянавых сподках стаялі вазоны з зялёнымі раслінамі і адкуль, цёплыя, важкія, налітыя нейкай таямнічаю густатой, рэчы пасылалі яму — і яму таксама, хоць ён быў чужы, незнаёмы — часцінку свайго прамяністага ззяння; дзе і рог стала, і дзверцы ў буфеце, і кожная саломіна ў плеценым крэсле выходзілі з прыцемку і пагаджаліся быць для яго — праз міласэрнасць сваю, для яго таксама, бо ўжо ўсё роўна ён тут і ўжо ўсё роўна чакае, — зрабіцца маленькім кавалачкам яго дзяцінства.
XXIII
Усе яны брыдкія, шэрыя, звычайныя, безаблічныя, надта ўжо старамодныя, сапраўдныя клішэ, думала яна, яна бачыла гэта ўжо столькі разоў, паўсюль, усё гэта даўно апісана ў Бальзака, Мапасана, у «Пані Бавары», клішэ, копіі, копіі з копій, думала яна.
Ёй так хацелася б іх адштурхнуць, схапіць у кулак і як мага далей закінуць. Але яны, спакойныя, ціхія, былі тут, побач з ёю, яны ўсміхаліся ёй, прыязна, але захоўваючы прыстойнасць, з вялікаю годнасцю; увесь тыдзень яны працавалі, усё жыццё разлічвалі на адных толькі сябе, яны нічога не патрабавалі, нічога, апроч таго, каб зрэдку, каб час ад часу ўбачыцца з ёй, крыху паднавіць тую повязь, што звязвала іх і яе, адчуць, што яна па-ранейшаму ёсць, як і заўжды, на месцы, гэтая нітка, што злучае яе і іх. І ім нічога болей не трэба было, толькі проста спытацца — бо гэта так натуральна, так усе заўжды робяць, калі прыходзяць у госці да сваякоў, да сяброў, — спытацца ў яе, як яна маецца, ці многа яна прачытала апошнім часам, ці часта куды хадзіла, ці бачыла гэта, ці глядзела гэтыя фільмы і ці лічыць яна, што яны ўдалыя... А ім так спадабалася Сімон Мішэль і Жувэ, яны так смяяліся, такі цудоўны быў вечар...
А ўсё гэта — клішэ, копіі, Бальзак, Флабэр, «Пані Бавары», — г-ох! яны гэта ведалі, ім усё гэта было выдатна знаёма, ну дык што, яны не баяліся — яны глядзелі на яе, міла, усміхаючыся, і, здавалася, адчувалі сябе побач з ёй у бяспецы, здавалася, яны ведалі, што іх ужо столькі разоў разглядалі, што яны зрабіліся зусім гладкія, як рачныя каменьчыкі, выпаліраваныя і без адзінай задзірынкі, так што няма за што і ўхапіць. І яна нічым не магла іх падкалупнуць. Яны надзейна былі ахаваныя.
Яны стаялі вакол, цягнуліся да яе рукамі: «Мішэль Сімон... Жувэ... Ах, сапраўды! Гэта ж трэба было паклапаціцца заказаць месцы загадзя... Бо потым ніякіх білетаў было не знайсці, ці па нейкіх страшэнных цэнах, дый тое — толькі ў ложы ды бенуары...» Яны трошкі сціскалі повязь, мацней, але вельмі паволі, зусім неўпрыкмет, каб не зрабіць балюча, напіналі, нацягвалі тонкую нітку...
І паступова, патроху слабасць, млявасць, раптоўная патрэба падысці бліжэй, быць імі ўхваленаю прымушалі яе ўвайсці ў іх кола. Яна адчувала, як ціха, пакорна (але, але... Мішэль Сімон... Жувэ...), вельмі пакорна, як добрая, паслухмяная маленькая дзяўчынка, яна падае ім руку і пачынае з імі кружыцца.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение