— Вядома, — зноў загудзеў ён, — так будзе лепш. Намнога лепш. Мы створым непахісны саюз — саюз, у якім кожны набудзе веліч... Ёсць цудоўная казка для дзяцей, якую чытаў я, чыталі вы, чытаў увесь свет. Не ведаю, як у вас, а ў нас яна называецца «Das Tier und die Schone» — «Страшыдла і Прыгажуня». Бедная Прыгажуня — бяссільная нявольніца Страшыдлы, якое бязлітасна не адпускае яе ад сябе ні на хвіліну... Прыгажуня горда і мужна пераносіць свае пакуты... Але Страшыдла лепшае, чым здаецца. Яно не ведае вытанчаных манер! Яно нязграбнае, прыкрае, проста пачварнае побач з Прыгажуняй. Але ў Страшыдлы ёсць сэрца, у яго ёсць душа, і ў гэтай душы жывуць высокія імкненні. Толькі б Прыгажуня захацела яго зразумець!.. Але ж не, яна гэтага не хоча. Аднак ідуць дні, і яна спакваля пачынае прыкмячаць у вачах ненавіснага турэмшчыка душэўнае святло, штосьці падобнае на малітву і каханне. Яна ўжо не так балюча адчувае на сабе цяжар лапы Страшыдлы, лягчэй пераносіць аковы свайго палону... Яе кранае яго пастаянства. Яна перастае ненавідзець Страшыдлу, падае яму руку — і раптам знікаюць вядзьмарскія чары, пад пачварнаю ўладай якіх быў рыцар... Перад Прыгажуняй рыцар — прыгожы і чысты, лагодны і выхаваны. А кожны пацалунак Прыгажуні аздабляе яго новымі адмысловымі вартасцямі... Найвышэйшае шчасце спадарожнічае іх шлюбу. Дзеці іх, у якіх усё больш прыгажэе суквецце бацькоўскіх талентаў, — самыя цудоўныя з усіх, каго нараджала зямля... Вам даспадобы гэтая казка? Я заўсёды яе любіў. Часта перачытваў. Плакаў над ёю. Асабліва кранала мяне Страшыдла: я так добра разумеў яго пакуты... Нават сёння хвалююся...
Ён змоўк, удыхнуў з усяе сілы паветра і пакланіўся:
— Дабранач.
Аднойчы вечарам, падняўшыся да сябе па тытунь, я пачуў гукі фісгармоніі. Гэта былі «Восьмая прэлюдыя і фуга», якія пляменніца развучвала яшчэ да разгрому. Ноты так і засталіся адкрытыя на той самай старонцы: да гэтага вечара пляменніца не рашалася зноў падысці да фісгармоніі. Музыка выклікала ўва мне і задавальненне і здзіўленне: якая ўнутраная неабходнасць падштурхнула пляменніцу да інструмента?
Але іграла не яна. Пляменніца, як заўсёды, вязала на сваім звычайным месцы. Позірк яе сустрэўся з маім, яна нешта хацела сказаць мне вачыма, але што — я не зразумеў. Я разглядваў высокую постаць каля інструмента, галаву, якая над ім схілілася, доўгія рукі. Тонкія, нервовыя пальцы дакраналіся да клавішаў, нібыта жывыя істоты.
Ён сыграў толькі прэлюдыю. Устаў, падышоў да каміна.
— Што можа быць вышэй за гэтую музыку? — сказаў ён глуха і ціха. — Вышэй?.. Не, гэта не тое слова, не тое... Яна па-за чалавекам, па-за яго істотаю. Яна раскрывае, не, вымушае ўгадваць... не, прадчуваць... прадчуваць, што ж гэта такое — прырода... загадкавая прырода душы чалавечае... Так: прырода, боская і недаступная розуму... Не, гэта музыка не чалавечая.
Ён надоўга змоўк, пасур'ёзнеў, задуменна пакусваў вусны.
— Бах... Ён мог быць толькі немцам. Гэта ёсць у характары нашае зямлі: штосьці нечалавечае. Я хачу сказаць — далёкае чалавеку... Я люблю гэтую музыку, абагаўляю яе, яна напаўняе мяне, жыве ўва мне, нібыта бог, але... Але яна не мая. Я хацеў бы стварыць музыку, блізкую чалавеку: гэта таксама шлях да праўды. Гэта
Ён павярнуўся да нас спінаю. Моцна ўхапіўся за палічку каміна і глядзеў на агонь між сваіх рук, нібы праз пруты кратаў. Голас яго пацішэў, паглушэў:
— Цяпер я не магу без Францыі. Але ж я патрабую многага: я хачу, каб яна мяне прыняла. І не як чужынца — вандроўніка ці пераможцу. Не. Гэтыя ад яе не атрымаюць нічога, яна ім нічога не дасць... Багацце яе, велізарнае багацце не захопіш. Трэба, каб яна сама аддала яго са сваім малаком, сама, як маці, прыгарнула да грудзей... Я добра разумею, што гэта залежыць ад нас... Але і ад яе таксама. Трэба, каб яна згадзілася зразумець нашу прагу, згадзілася яе спатоліць... згадзілася з'яднацца з намі.
— А мне, — ён выпрастаўся, голас яго пазванчэў, — мне трэба тут жыць. Жыць доўга. У такім жытле, як гэта. Жыць, як сыну такое вёскі... Мне гэта трэба...
Ён змоўк. Павярнуўся ўрэшце да нас. Ён глядзеў на пляменніцу і ўсміхаўся, але ўсміхаліся яго вусны, толькі не вочы.
— Перашкоды будуць пераадолены, — сказаў ён. — Шчырасць заўжды пераадольвае перашкоды. Дабранач.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение