Я не магу прыпомніць цяпер усё тое, што пачулі мы ад яго за гэтыя сто з лішкам зімовых вечароў. Але тэма не мянялася ніколі. Гэта была доўгая рапсодыя яго адкрыцця Францыі: любові да яе здалёку, да таго, як ён спазнаў яе, і любові, якая спела ў ім з кожным днём з таго часу, як лёс, на шчасце, прывёў яго сюды. Дальбог, я яго паважаў. Паважаў за тое, што ён не страціў цярпення. За тое, што яго ні разу не спакусіла жаданне разбіць гэтае няўмольнае маўчанне якім-небудзь злым словам... Наадварот, калі, бывала, маўчанне, як цяжкі газ, запаўняла наш пакой, кожны куточак, здавалася, што з нас траіх лягчэй за ўсіх дыхалася, вядома, яму. Тады ён глядзеў на пляменніцу, выказваючы тую асаблівую ўхвалу — адначасова і сур'ёзную і іранічную, — якую мы прыкмецілі на яго твары яшчэ ў першы дзень, а я бачыў, як мітусіцца душа пляменніцы ў турме, якую яна сама сабе збудавала, і самай першай прыкметай яе хвалявання было лёгкае дрыжанне пальцаў. І калі ўрэшце Вернер фон Эбрэнак мякка і спакойна парушаў гэта маўчанне сваім ціхім пявучым гудзеннем, здавалася, што і мне дыхаць было ўжо лягчэй. Ён часта расказваў пра сябе:
— Наша жытло стаіць у лесе; там я нарадзіўся, хадзіў у школу. Я нікуды не выязджаў да тае пары, пакуль не паехаў у Мюнхен здаваць экзамены, а потым у Зальцбург — вучыцца музыцы. Вярнуўшыся адтуль, я стаў дамаседам. Я не любіў вялікіх гарадоў. Ні Лондан, ні Вена, ні Рым, ні Варшава, ні нямецкія гарады не спадабаліся мне... Я толькі вельмі любіў Прагу — ніводзін горад не мае такой душы — і асабліва — Нюрнберг. Кожнаму немцу гэта горад, дзе растае яго сэрца: там ён знаходзіць дарагія яму прывіды, там кожны камень захоўвае памяць пра тых, хто быў гонарам старое Германіі. Я думаю, што французы адчуваюць тое ж самае перад Шартрскім саборам: блізкасць продкаў, вытанчанасць іх душы, веліч веры, высакароднасць. Лёс прывёў мяне ў Шартр. Як я там расхваляваўся, калі ўбачыў, як над спелай збажыной у блакіце далёкае смугі ўзнікае гэты сабор-прывід! Я ўяўляў сабе пачуцці тых людзей, што калісьці сцякаліся да яго пехатою, конна, на калёсах... У думках ішоў з імі, перажываў тыя ж пачуцці, што і яны, і любіў гэтых людзей... І як хацелася мне быць ім братам!..
Твар яго стаў змрочны.
— Вядома, цяжка чуць такія словы ад чалавека, які прыехаў у Шартр у браніраванай машыне... Аднак гэта праўда. Столькі супярэчнасцей поўніцца ў душы ў немца, нават у самага лепшага! І як бы ёй хацеў, каб яго вылечылі ад гэтае хваробы... — Ён зноў ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Твар яго пасвятлеў.
— У суседнім з нашым маёнтку, — гаварыў Эбрэнак, — жыве дзяўчына, вельмі прыгожая і лагодная. Мой бацька быў бы шчаслівы, калі б я ажаніўся з ёю. Калі ён памёр, мы былі амаль заручаныя, нам нават дазвалялі гуляць удваіх і падоўгу.
Пляменніца парвала нітку. Ён спыніўся. Вушка было надта маленькае, і дзяўчына доўга не магла ўцягнуць нітку ў іголку.
— Аднойчы мы гулялі з ёю ў лесе. Хараство было незвычайнае: зайцы, вавёркі, птушкі, усялякія краскі — нарцысы, гіяцынты, амарылісы... Ад радасці яна расчырванелася. «Я шчаслівая, Вернер! Як я люблю гэтыя боскія дарункі!..»
Я таксама быў шчаслівы. Мы прылеглі на моху сярод папараці і моўчкі любаваліся лесам. Раптам яна закрычала: «Маленькая дрэнь, брыдкі камар, ён укусіў мяне ў падбародак! — Пасля ўзмахнула рукою. — Я злавіла аднаго, Вернер! Глядзіце, як я зараз яго пакараю! Я адарву яму ножкі — адну, цяпер другую...» — і зрабіла гэта... На шчасце, у яе было багата жаніхоў. Сумленне мяне не мучыла. З таго часу я пачаў баяцца нямецкіх дзяўчат.
Ён задуменна паглядзеў на свае далоні і сказаў:
— Такія ж і нашы палітыкі. Вось чаму я ніколі не хацеў лезці ў палітыку, нягледзячы на маіх таварышаў, якія ў лістах заклікалі мяне далучыцца да іх гуртаванняў. Не, я заўсёды быў дамаседам. Вядома, гэта не павялічвала поспеху маёй музыкі, але што такое поспех у параўнанні са спакойным сумленнем?! Я перакананы, што мае сябры змагаюцца разам з фюрэрам за самыя вялікія і высакародныя ідэі. Але ж я перакананы і ў тым, што яны здольныя адрываць камарам ножкі. Так заўсёды ў немцаў, калі яны застаюцца ў поўнай адзіноце: тады гэта проста непазбежна. А хто больш адзінокі, як не людзі, што становяцца гаспадарамі зямлі? На шчасце, цяпер яны ўжо не адзінокія: яны ў Францыі. Гэта краіна іх вылечыць. І скажу вам: немцы гэта ведаюць. Веліч і чысціня Францыі будуць ім лекамі.
Ён пайшоў да дзвярэй і ціха сказаў, нібыта сабе:
— На гэта патрэбная любоў...
Ён спыніўся на імгненне і азірнуўся. Паглядзеў на пляменніцу, якая схілілася над вязаннем, на яе кволую, бледную шыю з завіткамі валасоў колеру цёмнага чырвонага дрэва, спакойна і рашуча дадаў:
— ...Любоў, якая падзяляецца.
Пасля адвярнуўся і, зачыняючы дзверы, сказаў як звычайна:
— Дабранач.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение