Той, хто знаходзіўся насупраць будынка нумар 66 на авеню Віктора Гюго, бачыў, як на ім з'явілася вялікая крывая расколіна; дом два ці тры разы страсянуўся, і паверх з мансардамі, дзе былі пакоі для абслугі, раптам спляскаўся, нібы ад моцнага націску. У вокнах, на балконах з'явіліся спалоханыя жыхары. На шчасце, дом не абваліўся, хоць і нагадваў пераламаную папалам літару. Пасярод лесвіцы выратавальнікі ўбачылі шчыліну, зробленую нейкім нябачным інструментам. І здавалася нават, што нейкае лязо прайшло па прамалінейнай траекторыі праз дрэва сходаў, дываны, жалеза парэнчаў.
Мэбля, дываны, карціны — усё на яго шляху акуратна было разрэзана папалам. Цудам ніхто не пацярпеў. Пакоі абслугі былі пустыя, бо якраз быў час абеду. Адна дзяўчына з трэцяга паверха адчула штуршок і ўбачыла, як яе ложак чымсьці няроўна рассекла. Ёй не забалела, толькі здалося, нібы яе ўдарыла слабым электрычным разрадам.
Усё гэта выклікала нямала меркаванняў. Зноў загаварылі пра сейсм. Некаторыя газеты абвінавачвалі архітэктара і домаўладальніка ў тым, што яны пабудавалі дом з нядобраякасных матэрыялаў. Ад парламента патрабавалі тлумачэння. Урад абяцаў прыняць меры, каб такія здарэнні больш не паўтараліся, адначасова паставіўшы пытанне аб даверы. Ён быў пацверджаны галасаваннем.
ПАДАРОЖНІКІ
Як і пасля выпадку ў Гайд-парку, за падзеямі на авеню Віктора Гюго адбылося нямала вельмі падобных здарэнняў. Пра іх мы не будзем расказваць, аднак, як нам сёння здаецца, разумны назіральны чалавек павінен быў дапусціць ва ўсім гэтым нейкую замаскіраваную дзейнасць з пэўнай мэтай. Невядомая нябачная сіла парассякала вялікія і малыя дамы ў многіх краінах. То ў Масачусетсе (ЗША), то ў Даніі, то ў Гішпаніі гэтая сіла падымала ў паветра, а потым кідала ўніз сялянскія хаты, разбіваючы іх разам з жыхарамі. У Нью-Йорку на Мэдысан авеню папалам рассекла будынак. Чалавек 50 загінула ў выніку гэтых здарэнняў, але паколькі ўсё гэта адбывалася ў розных краінах і кожны асобны выпадак меў усяго некалькі ахвяр, пра гэта стараліся шмат не гаварыць, тым болей што ніхто нічога не мог разумна растлумачыць.
Аднак новыя прыгоды ў маі — чэрвені 1954 года незвычайна ўсхвалявалі ўсю планету. Першай ахвярай стала маладая мурынка з Хартфарда (Канектыкут, ЗША).
Паштальён — адзіны сведка гэтага здарэння — расказваў, што мурынка якраз выходзіла з дома сваіх гаспадароў, калі яе раптам падхапіла і пачало падымаць угору. Са страшэнным крыкам яна ўзляцела на метраў 100, а потым разбілася аб зямлю. Паштальён сцвярджаў, што не бачыў над ёй ніякіх паветраных апаратаў.
Другім «паветраплавальнікам» стаў адзін таможнік з Кале (Францыя). Людзі бачылі, як яго таксама вертыкальна падняло ў паветра і хутка панесла цераз праліў да ангельскага берага. Праз некалькі хвілін яго звайшлі на ўзбярэжжы каля Дуўра (Англія). Таможнік быў мёртвы, хоць і не меў бачных раненняў. Здавалася, што ён быў асцярожна апушчаны на зямлю. Ён пасінеў, нібы вісельнік.
Пасля гэтага пачаўся так званы перыяд удалых падарожжаў. Першым чалавекам, які закончыў сваё «падарожжа» жывы, быў стары жабрак. Нябачная рука схапіла яго ў той момант, калі ён прасіў міласціну на цвінтары сабора Парыжскай Багамаці. Праз 10 хвілін ён апусціўся акурат пад ногі аслупянеламу паліцэйскаму на плошчы Пікадзілі-Сэркус (Лондан). Вандроўка не зрабіла яму ніякай шкоды, і ён меў такі выгляд, нібы падарожнічаў у зачыненай кабіне, куды не даходзілі ні вецер, ні святло. Сведкі пачатку падарожжа расказвалі, што жабрак знік з вачэй, як толькі адарваўся ад зямлі. Такія «падарожжы» часам працягваліся некалькі тыдняў. Цяпер іх лічылі даволі камічнымі, бо ведалі, што яны не з'яўляюцца небяспечнымі. Здавалася, што самая багатая фантазія кіруе нябачнай рукой. Аднойчы маленькая дзяўчынка з Данвера (Каларада, ЗША) апынулася сярод расейскай раўніны. А зубны ўрач з Сарагосы (Гішпанія) аказаўся ў Стакгольме. Найболей гаварылі пра падарожжа месьё Марка Лефо — ганаровага старшыні французскага Сената, які ўзляцеў у Люксембургскім садзе (Парыж) і быў дастаўлены на бераг возера Антарыо (Канада). Ён скарыстаў гэта, каб зрабіць падарожжа па Канадзе. Калі ён вярнуўся на радзіму, яго з трыумфам сустрэлі на вакзале Буа-дэ-Булонь. Магчыма, гэтая міжвольная рэклама шмат паспрыяла таму, што яго ў 1956 годзе выбралі прэзідэнтам Рэспублікі.
Заўважылі, што адзенне ўсіх «падарожнікаў» пасля прызямлення было ў плямах ад нейкай чырванаватай вадкасці. Гэта, бадай, было адзінай нязручнасцю ўвогуле бяскрыўдных прыгод. Праз 2 месяцы падарожжы спыніліся, каб даць месца новым, яшчэ больш загадкавым падзеям. Пачатак ім паклаў эпізод, якому далі назву «дзве сям'і».
ПРЫГОДЫ ДЗВЮХ СЕМ'ЯЎ
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение