Паходжанне зямных грамадстваў нам невядомае. Як і чаму гэтыя істоты адмовіліся ад волі і сталі рабамі мурашнікаў? Мы пра гэта нічога не ведаем. Можна дапусціць, што, збегшыся ў мурашнікі, яны атрымалі магчымасць супрацьстаяць іншай жывёле, а таксама і сілам прыроды. Аднак плацяць за гэту магчымасць людзі страшэнна дорага. Ніхто так не пазбаўлены адпачынку і радасці, як яны. У вялікіх мурашніках, у прыватнасці ў Геаметрычным, актыўнае жыццё пачынаецца на досвітку і захоплівае нават частку ночы. Гэта яшчэ можна было б зразумець, калі б дзейнасць чалавека ішла яму на карысць. Але ж чалавек настолькі абмежаваны, настолькі ахоплены інстынктамі, што працуе і выпрацоўвае намнога больш, чым яму трэба. Дзесяткі разоў я бачыў, як у крамах збіралася так многа тавараў, што людзі самі, здавалася, гэтым былі заклапочаныя. А між тым другая група, ні на што не зважаючы, усё вырабляла тыя самыя тавары.
Мы дрэнна разумеем падзел чалавецтва на касты. Усё ж удалося высветліць, што адна група людзей апрацоўвае зямлю і амаль цалкам забяспечвае ўсіх ежай; другая група вырабляе адзенне або будуе гнёзды; а трэцяя група, здаецца, нічога не робіць, апрача таго што хутка перамяшчаецца па планеце і есць. Чаму першыя дзве групы церпяць і згаджаюцца карміць і апранаць трэцюю — гэтага мы не здолелі адгадаць.
Е.Х.-33 правёў велізарную работу, імкнучыся даказаць, што гэта цярпенне мае сексуальнае паходжанне. Ён устанавіў, што вечарамі, калі збіраюцца прадстаўнікі трэцяй касты, да іх прыходзяць і працаўнікі, каб паглядзець на паўраздетых жынчын. Такая тэорыя мне падаецца ўдалай, аднак абгрунтавана яна занадта слаба, каб да яе ставіцца сур'ёзна.
Я асабіста лічу, што каставы падзел на Зямлі трэба тлумачыць у першую чаргу дзіўнай абмежаванасцю чалавека. Увогуле, я думаю, што было б велізарнай памылкай тлумачыць дзеянні людзей, карыстаючыся нашым уранскім ладам мыслення. У сваіх дзеяннях чалавек не кіруецца свабодным розумам, а падпарадкоўваецца нейкаму фатальнаму неўсвядомленаму ўзбуджэнню. У чалавека няма выбару ў тым, што ён павінен зрабіць (бедалага-чалавек нібы слізгаецца па раней вызначаным схіле, каб прыйсці да мэты). Мне было добрай забаўкай назіраць асабістае жыццё некаторых мужчын, для якіх любоўныя прыгоды сталі галоўным сэнсам жыцця. Я бачыў, як яны, імкнучыся спакусіць жанчыну, бралі на сябе ўсе выдаткі пры будаўніцтве дома. Не задавольваючыся гэтым, мужчына ішоў шукаць другую спадарожніцу, якая таксама атрымлівала жытло! За такое каханне мужчына вядзе бясконцую барацьбу, не зважаючы ні на што. Увесь час сутыкаючыся з цяжкасцямі, мужчына ніякіх разумных вывадаў не робіць і не кідае сваіх авантур. І нават за дзесятым разам ані не разумнее.
Няздольнасць чалавека запамінаць мінулае, прадбачыць будучыню пацвярджаецца і шматлікімі войнамі, якія ўзнікаюць паміж людзьмі. У нас, уранцаў, неверагодная нават думка, што адна група ўранцаў можа атакаваць другую або кідацца прадметамі, каб параніць саперніка ці атруціць яго ядавітымі газамі.
А між тым усё гэта адбываецца на Зямлі. На працягу некалькіх стагоддзяў я назіраў, як узнікаюць сутычкі паміж велізарнымі масамі людзей то ў адным, то ў другім кутку планеты. Часам яны ваююць пад адкрытым небам, часам хаваюцца ў зямлі і імкнуцца разбурыць варожыя акопы, абрынаючы на іх цяжкія груды металу. А часам яны нават прыладжваюць прымітыўныя крылы, каб кідаць снарады зверху. Улічыце пры гэтым, што абодва бакі робяць адно і тое. Гэта жахлівае і смешнае відовішча. Сцэны тут настолькі страшныя, што, калі б людзі валодалі хоць слабой памяццю, яны б не дапусцілі іх паўтарэння на працягу многіх пакаленняў. Аднак за кароткі чалавечы век людзі два-тры разы ўвязваюцца ў гэтыя смяротныя бойкі.
Другі прыклад сляпога падпарадкавання зямлян інстынктам мы бачым у тым, што яны часам будуюць свае мурашнікі якраз у такіх месцах планеты, якія небяспечныя для жыцця і асуджаны на пагібель. Так, мы з увагай сачылі, як на адным перанаселеным востраве за 8 гадоў ад землятрусаў тройчы разбураліся ўсе дамы. Кожнаму разважліваму назіральніку ясна, што людзі павінны былі б пакінуць гэты востраў. Але дзе там! Як нічога і не было, людзі заўзята бяруцца за працу і будуюць такія самыя дамы з дрэва і жалеза. А на другі год яны зноў будуць разбураны.
«Але, — запярэчаць мне апаненты, — які б абсурдны ні быў аб'ект дзейнасці чалавека, бясспрэчна, што гэтая дзейнасць усё ж упарадкаваная, а гэта сведчыць аб існаванні на Зямлі нейкай кіраўнічай сілы, нейкага розуму».
Ізноў памылка! Паводзіны людзей пасля землятруса нагадваюць рухі газавых малекул. Кожная малекула сама па сабе апісвае даволі складаную траекторыю, аднак у сукупнасці гэтыя малекулы робяць даволі простыя дзеянні. Калі мы разбураем горад, мільёны людзей пачынаюць сутыкацца паміж сабой, замінаюць адзін аднаму, дзейнічаюць самым хаатычным чынам, — і ўсё ж такі праз нейкі час горад узнімаецца зноў.
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение