Читаем Гронкі гневу полностью

— На адну палатку. Колькі вас?

Том пачаў лічыць па пальцах:

— Я, бацька, маці, Эл, Разашарна, дзядзька Джон і Руці з Уінфілдам. Апошнія двое — дзеці.

— Ну што ж, думаю, уладкуем вас. Палатка і ўсё астатняе ёсць?

— Ёсць брызент і матрацы.

Вартаўнік стаў на падножку.

— Кіруй па гэтым радзе да канца, а там — направа. Прыпішам вас да санітарнага блока нумар чатыры.

— А што гэта такое?

— Там туалеты, душавыя і пральня.

Маці запыталася:

— У вас пральня ёсць… і водаправод?

— А як жа.

— Слава табе, госпадзі! — вырвалася ў маці.

Том вёў грузавік у цемры паўз доўгі шэраг палатак. У санітарным блоку гарэў няяркі агонь.

— Сюды вось кіруй, — сказаў вартаўнік. — Месца добрае. Адсюль толькі што выехалі.

Том спыніў машыну.

— Тут?

— Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты ідзі са мной, я запішу вас. І кладзіцеся спаць. Раніцай да вас прыйдзе лагерная камісія і ўсё вам растлумачыць.

Том апусціў вочы долу.

— Фараоны? — запытаўся ён.

Вартаўнік засмяяўся:

— Палісменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзі самі выбіраюць. Хадзем.

Эл саскочыў з грузавіка і падышоў да іх.

— Тут застаёмся?

— Застаёмся, — адказаў Том. — Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.

— Толькі цішэй, — папярэдзіў вартаўнік. — Шмат хто ўжо спіць.

Том пакрочыў услед за вартаўніком па цёмным лагеры і падняўся па прыступках у маленечкі пакойчык, дзе стаялі стары пісьмовы стол і крэсла. Вартаўнік сеў да стала і дастаў з шуфляды чысты бланк.

— Зваць як?

— Том Джоўд.

— Стары — гэта твой бацька?

— Ага.

— Як яго зваць?

— Таксама Том Джоўд.

Пытанні сыпаліся адно за адным. Адкуль прыехалі, колькі ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалі. Вартаўнік падняў галаву і глянуў на Тома:

— Я не з цікаўнасці. У нас так заведзена.

— Зразумела, — сказаў Том.

— Ну, а грошы ёсць?

— Трохі ёсць.

— Можа, вы зусім без сродкаў?

— Не, трохі ёсць. А што?

— А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць — вываз смецця, прыбіранне лагера… ну рознае такое.

— Мы адпрацуем.

— Заўтра да вас прыйдзе камісія. Раскажуць вам, як тут усім карыстацца, і растлумачаць правілы, якія тут у нас заведзены.

Том сказаў:

— Слухай, а што гэта такое? Што за камісія такая?

Вартаўнік адкінуўся на спінку крэсла:

— Яна добра працуе. У лагеры пяць санітарных аддзяленняў. З кожнага выбіраюць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральную камісію. Яна тут усім распараджаецца. Яе слова — закон.

— А калі хто з іх вельмі крута загне?

— Ну што ж, адклікаць яго можна таксама лёгка, як і абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнікаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут — пропаведзі чытаюць і бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважыліся яны і сюды пранікнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў іх паслухаць. Слова за цэнтральнай камісіяй. Склікалі сход і вырашылі так: «Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсім. Збіраць ахвяраванні не дазваляецца нікому». Старыя нашы зажурыліся, бо з таго дня ніводзін прапаведнік тут больш носа не паказвае.

Том засмяяўся і спытаў:

— Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут і жывуць?

— Ну так. І гэта толькі на карысць справе.

— А яшчэ ты гаварыў пра палісменаў…

— Цэнтральная камісія сочыць, каб быў парадак, і ўводзіць правілы. А яшчэ ёсць жаночая камісія. Заўтра яны зойдуць да тваёй маці. Яны за дзецьмі наглядаюць і сочаць за чысцінёй у санітарных блоках. Калі маці твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькі ходзяць на працу, а калі яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца іншыя. Жанчыны і шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзіць, вучыць іх. Заняткі ёсць розныя.

— Дык што, у вас зусім фараонаў няма?

— Няма, сэр. Без ордэра на арышт палісмен сюды не паткнецца.

— Ну, а калі хто наскандаліць ці нап'ецца і кулакі ў ход пусціць, што тады?

Вартаўнік праткнуў алоўкам прамакатку:

— Пасля першага разу цэнтральная камісія папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга — выганяюць з лагера.

— Госпадзі, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскія памагатыя і гэтыя малойчыкі ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкі спалілі.

— Да нас яны не ходзяць, — сказаў вартаўнік. — Іншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асабліва калі ў нас тут танцы вечарам у суботу.

— Кожную суботу танцы? Божачка літасцівы!

— Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.

— Вось яно як! Чаму нідзе больш такіх лагераў няма?

Вартаўнік насупіўся:

— Давядзецца табе самому дадумацца. Ідзі паспі трохі.

— Добрай ночы, — сказаў Том. — Маці маёй тут вельмі спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзіліся.

— Добрай ночы, — адказаў вартаўнік. — Кладзіся спаць. У нас тут рана ўстаюць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор