Маладая жанчына не пераставала ўвіхацца каля печкі. Толькі на хвілінку яна пасадзіла дзіця і завязала косы шнурком на патыліцы, і цяпер яны матляліся ў яе за спінай. Яна паставіла на вялікую скрыню алавяныя кубкі і талеркі і каля іх паклала нажы і відэльцы, вылавіла з густога сала скрылікі свініны і паклала на алавянае блюда, дзе яны, крыху яшчэ пасквірчэўшы і пашыпеўшы, ператварыліся ў хрумсткія скваркі. Потым яна адчыніла дзверцы духоўкі і выняла з яе бляху з вялікімі пышнымі праснакамі.
Калі ад бляхі пацягнула пахам гарачых праснакоў, мужчыны глыбока ўдыхнулі носам паветра. Малодшы ціха ўсклікнуў:
— А божачкі!
Старэйшы мужчына павярнуўся да Тома:
— Ты снедаў?
— Яшчэ не. Мае вунь там. Не падняліся яшчэ. Адсыпаюцца.
— Дык садзіся з намі. У нас, дзякуй богу, яды хапае.
— Ну дзякуй, — адказаў Том. — Такі смачны дух, што цяжка адмовіцца.
— А што, хіба няпраўда? — сказаў малодшы мужчына. — Ты калі-небудзь чуў пах прыямнейшы? — Абодва падышлі да скрыні і прыселі адзін супраць аднаго на кукішкі.
— Працуеш тут? — пацікавіўся малодшы.
— Толькі збіраюся, — адказаў Том. — Мы сёння пад ноч толькі прыехалі. Я яшчэ не паспеў агледзецца.
— А мы дванаццаты ўжо дзень працуем.
Ад печкі пачуўся голас жанчыны:
— Нават новую адзежу ўжо купілі. — Мужчыны глянулі на свае каляныя курткі і крыху збянтэжана ўсміхнуліся. Жанчына паставіла на скрыню талерку са смажанінай, пышныя, румяныя праснакі, міску з растопленым салам, кацялок з кавай і таксама прысела на кукішкі каля скрыні.
Абодва мужчыны напоўнілі свае талеркі, палілі праснакі гарачым салам і пасаладзілі каву.
Старэйшы напхаў поўны рот праснака, жаваў, жаваў, сёрбаў каву і глытаў.
— Божа мой, якая смаката! — сказаў ён і зноў напхаў рот.
Малодшы сказаў:
— Мы дванаццаты ўжо дзень добра ядзім. Ні разу не было так, каб не пад'елі — і снеданне, і абед, і вячэра. Працуем, атрымліваем грошы і добра харчуемся. — Ён зноў, ледзь не як ашалелы, накінуўся на ежу, наклаўшы сабе поўную талерку. Потым абодва мужчыны выпілі пякучай кавы, выплюхнулі гушчу на зямлю і зноў налілі ў кубкі.
— Ну, час ісці, — сказаў старэйшы.
Малады павярнуўся да Тома:
— Слухай, мы тут трубы пракладаем недалёка. Хочаш, пойдзем з намі, можа, і цябе гаспадар возьме.
Том сказаў:
— О, вельмі вам удзячны. І за снеданне дзякуй вялікі.
— Калі ласка, — сказаў старэйшы. — Мы паспрабуем табе памагчы ўладзіцца на працу, калі хочаш.
— Вы проста наскрозь мяне бачыце — вядома, хачу, — адказаў Том. — Толькі пачакайце хвілінку. Я сваіх папярэджу. — Ён паспешліва пайшоў да сваёй палаткі, нагнуўся і зазірнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постаці на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руці, валасы падалі ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткі і стала на ногі. Шэрыя вочы яе са сну глядзелі спакойна і ясна, без гарэзлівасці. Том адышоў ад палаткі, кіўком галавы паманіў яе за сабой, вочы іх стрэліся.
— Госпадзі, як ты расцеш! — сказаў Том.
Руці сумелася і адвяла позірк.
— Вось слухай, — сказаў Том. — Нікога цяпер не будзі, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў — можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?
Руці кіўнула галавой, што зразумела, і зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусім дзіцячы.
— Не будзі іх, — яшчэ раз папярэдзіў Том і паспешліва пакрочыў да сваіх новых знаёмых. А Руці апасліва падышла да санітарнага блока і крадком зазірнула ў адчыненыя дзверы.
Абодва мужчыны чакалі Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткі матрац і пасадзіла на яго дзіця, а сама ўзялася мыць бялізну.
Том сказаў:
— Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць. — Усе трое пакрочылі па праходзе між палатак.
Лагер пачынаў ажываць. Каля толькі што разведзеных вогнішчаў завіхаліся жанчыны, рыхтавалі снеданне — рэзалі мяса, мясілі цеста на праснакі. А мужчыны пахаджвалі каля палатак і каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокі худы стары клапатліва разраўноўваў граблямі дарожку. Ён так вадзіў граблямі, што вузкія баразёнкі выходзілі простыя і глыбокія.
— Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, — сказаў яму малады чалавек, калі яны ўсе трое праходзілі міма.
— Ага, так. За пастой адпрацоўваю.
— За пастой! — усміхнуўся малады. — Ён напіўся ў суботу вечарам і дапазна гарланіў песні ў сваёй палатцы. Камісія ў пакаранне прымусіла яго папрацаваць. — Яны ішлі цяпер па краі чорнай ад мазуту дарогі, абсаджанай з аднаго боку арэхавымі дрэвамі. З-за гор вызірнуў абадок сонца. Том сказаў:
— Дзіўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, і вы таксама не назваліся. Я — Том Джоўд.
Старэйшы глянуў на яго і слаба ўсміхнуўся:
— Ты, відаць, у гэтых краях нядаўна?
— Усяго некалькі дзён.
— Так я і думаў. Проста дзіўна — і хутка ж тут адвыкаеш імя сваё называць… так шмат народу. Адзін аднаго тут клічуць проста «прыяцель». Дык вось, сэр, зваць мяне Цімаці Ўолес, а гэта сын мой — Уілкі.
— Вельмі прыемна, — сказаў Том. — А вы самі тут даўно?