— Дзесяць месяцаў, — адказаў Уілкі. — Мы прыбылі сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзі! Ну і часіна была, ну і часіна! Ледзь з голаду не памерлі. — Іх чаравікі пастуквалі па грунтавой дарозе. Міма прайшоў грузавік, поўны людзей, паглыбленых у свае думкі. Яны трымаліся за барты і панура пазіралі на дарогу.
— Гэтыя працуюць на газавую кампанію, — сказаў Цімаці. — Добра зарабляюць.
— Я мог бы ўзяць наш грузавік, — прапанаваў Том.
— Не, не варта. — Цімаці нахіліўся і падабраў з зямлі зялёны грэцкі арэх. Калупнуў яго пазногцем і шпурнуў у чорнага дразда, які сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў і, калі арэх праляцеў пад ім, зноў апусціўся на дрот і пачысціў дзюбкай бліскучае чорнае пер'е.
Том запытаўся:
— А ў вас машыны няма?
Абодва Ўолесы змоўчалі, і, глянуўшы на іх, Том убачыў збянтэжанасць на іх тварах.
Уілкі сказаў:
— Туды, дзе мы працуем, недалёка — усяго адна міля, вось па гэтай дарозе.
Цімаці сярдзіта загаварыў:
— Не, няма ў нас машыны. Прадалі. Вымушаны былі. Есці не было чаго, хоць зубы на паліцу кладзі. Працу таксама не маглі знайсці. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкі. Прыйдзе такі, убачыць, што ты галодны, і бярэцца купіць тваю машыну. І калі ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы… мы былі ох якія галодныя. За дзесяць даляраў прадалі. — Цімаці плюнуў на дарогу.
Уілкі спакойна сказаў:
— На тым тыдні я ў Бейкерсфілдзе быў. Бачыў яе… выстаўлена на продаж… стаіць сабе наша машына, а на бірцы цана — семдзесят даляраў.
— У нас выйсця не было, — зноў загаварыў Цімаці. — Вырашылі: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы іх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлі, але ох як былі мы блізка да яго!
Том сказаў:
— А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулі, што работы тут да чорта. І яшчэ лісткі такія чыталі, у якіх людзей сюды заклікалі.
— Так, — сказаў Цімаці, — мы іх таксама чыталі. А работы тут мала. І плата ўвесь час падае. Галава баліць ад думак, як пракарміцца.
— Цяпер жа ў вас праца ёсць, — нагадаў яму Том.
— Ёсць, толькі гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялікі. Разам з намі працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.
Том сказаў:
— Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраіх з работай яшчэ хутчэй справімся. Вы ж самі сабе да горла нож падносіце, чаму так робіце?
Цімаці пакруціў галавой:
— Не ведаю. Відаць, па дурноце. Мы думалі купіць сабе капелюшы. Толькі наўрад ці ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзіну. І гаспадар добры, з намі па-прыяцельску.
Яны збочылі з дарогі і прайшлі па пасыпанай жвірам дарожцы цераз невялікі агародчык; за прысадамі стаялі белы дамок сярод купкі цяністых дрэў і адрына; за адрынай віднеўся вінаграднік і баваўнянае поле. Калі яны параўняліся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулі, і па прыступках спусціўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён ішоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулі. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунуліся. Шчокі былі чырвоныя ад загару.
— Добрага вам ранку, містэр Томас, — павітаўся Цімаці.
— Добрага, — раздражнёна буркнуў той.
Цімаці сказаў:
— Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?
Гаспадар сярдзіта глянуў на Тома і раптам рагатнуў, але бровы ў яго так і засталіся насупленымі.
— О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсіх, каго хочаце, вазьму. Можа, і цэлую сотню вазьму.
— Мы проста думалі… — прабачлівым тонам пачаў быў Цімаці.
Томас перабіў яго:
— Ага, і я таксама думаў. — Ён крута павярнуўся тварам да іх. — Мне трэба з вамі пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзіну, так?
— Так, містэр Томас… але мы…
— І за трыццаць цэнтаў вы робіце, што мне трэба. — Томас пераплёў пальцы сваіх вялікіх агрубелых рук.
— Мы стараемся добра працаваць.
— Ну дык вось, хопіць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзіну, хочаце — заставайцеся, не хочаце — ідзіце. — Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.
Цімаці сказаў:
— Мы добра працавалі. Вы самі казалі.
— Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей. — Томас глынуў сліну. — Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлі. Пра Асацыяцыю фермераў вы калі-небудзь чулі?
— Ну, вядома, чулі.
— Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзіць у Асацыяцыі, ведаеце? Зараз скажу. Заходні банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша даліна, а што не яго, на тое ён мае вэксалі па пазыках. І ўчора адзін банкаўскі прадстаўнік сказаў мне: «Вы плаціце трыццаць цэнтаў у гадзіну. Давядзецца вам збавіць да дваццаці пяці». Я кажу яму: «У мяне добрыя работнікі. Такім не шкада і трыццаць даць». А ён мне: «Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калі будзеце плаціць трыццаць, узнікне незадавальненне. І дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбіцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, ці ж не так?» — Томас замаўчаў. Ён цяжка і хрыпла дыхаў. — Цяпер ясна? Стаўка — дваццаць пяць цэнтаў — і за гэта дзякуй скажыце.
— Мы старанна працавалі, — разгублена прамовіў Цімаці.