Читаем Гронкі гневу полностью

Том ішоў па праходзе між двума радамі палатак. Вочы яго ўжо прывыклі бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя і што смецця каля іх няма. Зямля між імі падмецена і апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том ішоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санітарнага блока нумар чатыры і з цікавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нізенькі і груба скіданы, пад паветкай — некалькі радоў балеяў мыць бялізну. Непадалёк ён убачыў свой грузавік і ціхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад ім не чулася ні гуку. Падышоўшы бліжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавіка, аддзялілася нечая постаць і пасунулася ў яго бок. Гэта была маці. Яна ціха запыталася:

— Гэта ты, Том?

— Я.

— Ш-ш!.. — прашаптала яна. — Усе спяць. Вельмі знясілелі.

— Табе таксама не шкодзіла б паспаць.

— Я цябе чакала. Усё добра?

— Парадак, — адказаў Том. — Але нічога расказваць не буду. Раніцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?

Маці зноў прашаптала:

— Кажуць, у іх тут гарачая вада ёсць.

— Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзіся. Я ўжо не прыпомню, калі ты апошні раз спала.

Але маці дапытвалася:

— А што ты такое не хочаш мне расказаць?

— Ды нічога. Ідзі спаць.

І тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкі:

— А як я засну, калі ўвесь час толькі і думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.

— А ты не думай, — сказаў Том. — Раніцай, як устанеш, надзень свежую сукенку і… тады сама пра ўсё даведаешся.

— Не, я з такімі думкамі заснуць не змагу.

— А трэба. — Том весела хмыкнуў. — Трэба паспаць.

— Добрай ночы, — ціха прамовіла маці, прыгнулася і юркнула ў цемру пад брызент.

Том залез цераз задні борт на машыну. Ён лёг дагары на драўляную платформу і, падклаўшы сплеценыя рукі пад галаву, прыціснуў локці да вушэй. Ноч рабілася халаднейшай. Том зашпіліў пінжак на грудзях і зноў закінуў рукі за галаву. Над ім ззялі яркія, колкія зоркі.


Том прачнуўся яшчэ зацемна. Яго пабудзіла нягучнае бразганне. Ён прыслухаўся і зноў пачуў ціхі ляск жалеза аб жалеза. Ён расправіў зацёклыя рукі і ногі і зябка пакурчыўся. Лагер яшчэ спаў. Том прыўзняўся і стаў глядзець цераз борт грузавіка. Горы на ўсходзе былі сінявата-чорныя, але за імі, на вачах у яго, занялося кволае святло, кранула абрысы гор бледнай чырванню і, расцякаючыся па небе, рабілася ўсё халаднейшым, шарэла і меркла, пакуль зусім не злілося з непрагляднай ноччу над заходнім гарызонтам. А ўнізе, у даліне, зямлю завалакло лілаватае перадсвітальнае сутонне. Зноў нешта бразнула. Том правёў позіркам уздоўж шэрагу палатак, крыху святлейшых за шэрань зямлі. Каля адной з іх бліснуў чырванавата-жоўты агеньчык, які прабіваўся праз шчыліны прапаленай бляшанай печкі. Над куртатай трубой віўся шэры дымок.

Том пералез цераз борт і саскочыў на зямлю. Не спяшаючыся, ён пайшоў да печкі. Каля яе ўбачыў маладзенькую жанчыну, убачыў, што на сагнутай у локці руцэ яна трымае грудное дзіця і што яно ссе, схаваўшы галаву пад кофтачку маці. Маладзіца хадзіла каля печкі, падпраўляла сушняк у топцы, перастаўляла канфоркі, каб была лепшай цяга, адчыняла засланку; а дзіця не пераставала смактаць, і маладая маці спрытна перакідвала яго з рукі на руку. Дзіця не замінала ёй завіхацца каля печкі, не парушала лёгкасці і зграбнасці яе рухаў. А чырванавата-жоўтыя язычкі полымя выбіваліся са шчылін у печцы і кідалі трапяткія блікі на палатку.

Том падышоў бліжэй. У нос ударыў прыемны пах смажанай свіной грудзінкі і гарачага хлеба. На ўсходзе хутка святлела. Том падышоў да самай печкі і выцягнуў над ёю рукі. Маладзіца паглядзела на яго, кіўнула яму галавой, і дзве яе касы тузануліся ў бакі.

— Добрай раніцы, — павіталася яна і перавярнула скрылік грудзінкі на патэльні.

Полка ў палаткі задралася, і з яе выйшаў малады мужчына, а за ім старэйшы за яго гадамі чалавек. Абодва былі ў сініх, новых з выгляду рабочых баваўняных штанах і ў такіх самых куртках са шчыльнай набіўкай, на якіх блішчалі медныя гузікі. Абодва мужчыны былі вельмі падобныя адзін да аднаго — рысы твару рэзкія, вострыя. У малодшага падбародак зарос цёмнай шчэццю, а ў старэйшага — сівой. Галовы ў іх былі мокрыя, з валасоў сцякала вада, збіраючыся кроплямі на шорсткіх бародах. Шчокі вільготна паблісквалі. Яны сталі поплеч і моўчкі пазіралі, як святлее неба на ўсходзе. Потым адначасова пазяхнулі і перавялі позірк на светлыя краі ўзгоркаў. І тут яны заўважылі Тома.

— Добрага ранку, — прамовіў старэйшы, і на яго твары не адбівалася ні прыязнасці, ні варожасці.

— Добрай раніцы, — адказаў Том.

Малодшы таксама павітаўся:

— Добрага ранку.

Кроплі вады на іх тварах высыхалі. Абодва падышлі бліжэй і сталі грэць над плітою рукі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор