Шульжык і выдзеленыя яму ў дапамогу супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў перагледзелі сотні гісторый хвароб у паліклініцы на Падлеснай вуліцы. Выбралі крыху меней пяцідзесяці хворых, якія другога жніўня звярталіся да дактароў у першай палавіне дня.
Пугацэвіч разумеў, што большасць з гэтых людзей цяпер, амаль праз месяц, наўрад ці ўспомняць дакладна, з чым звярталіся да доктара, не кажучы ўжо пра тое, як ішлі ў паліклініку і назад, каго бачылі. I усё-такі ён верыў, што папрацавалі таварышы недарэмна. Знаходзіць той, хто шукае. Калі побач з домам, дзе здарылася кража, было нешта незвычайнае, хто-небудзь раскажа аб гэтым. Важна толькі правільна задаць пытанні. Таму з падабранымі Вячаславам людзьмі капітан рашыў сустрэцца сам.
Пахадзіў Пугацэвіч нямала — паліклініка абслугоўвала раён, у якім было шмат дамоў так званага прыватнага сектара, а хворыя ў патрэбны яму дзень, як на тое, былі менавіта адтуль. Але ўдача яго чакала, як аказалася, у іншым месцы. Адзін з супрацоўнікаў райаддзела, калі яны былі ўжо гатовыя прызнаць сваё паражэнне на гэтым напрамку, сказаў, што ў начальніка ДАІ была скарга на нейкага аўтаўласніка, які нібыта не ўзяў у машыну чалавека на мыліцах, а пасадзіў здаровага хлопца — няйначай калымшчык. У аддзеле не ведалі, што рабіць з заявай. I адпісацца нельга, і ўладальніка аўтамабіля не пакараеш — не таксі.
Сяргей Антонавіч прачытаў скаргу. Інцыдэнт адбыўся на аўтобусным прыпынку побач з паліклінікай, час прыкладна супадаў з тым, у які арыенціровачна адбылася кража. У гэтым факце, магчыма, нешта было, і старшы оперупаўнаважаны паехаў да аўтара скаргі.
Андрэй Карповіч сустрэў Пугацэвіча ваяўніча.
— Бюракраты, лічы, месяц мінуў, як напісаў вам, а вы не рэагуеце,— вымаўляў ён капітану, не даючы ўставіць слова, і мыліцы яго сярдзіта пастуквалі.
Слухаючы гаспадара, Пугацэвіч падумаў, што, трымаючы да гэтага часу злосць на вадзіцеля прыватных «Жыгулёў», Карповіч, бадай, помніць і яго самога, і пасажыра, які нахабна перахапіў машыну.
— Ды вы супакойцеся, Андрэй Васільевіч,— нарэшце ў гнеўнай прамове гаспадара Пугацэвіч выхапіў паўзу.— Хіба я прыйшоў бы, каб не ваша пісьмо? — Яму было няёмка, расследаваў ён не скаргу Карповіча і такім чынам усё-такі падманваў чалавека. Аднак той аўтаўласнік быў вельмі патрэбны.— Разбяромся, гэта я абяцаю вам. Як толькі знойдзем. На жаль, вы нумар не ўказалі.
— Раззлаваўся, сябе не помніў,— з прыкрасцю сказаў Карповіч. Ён ужо астыў, палагоднеў.— Праходзьце, праходзьце,— і сам першы заскакаў па вузкім калідорчыку, чапляючыся мыліцамі за сцены. Хударлявы, ён быў увішны, нібы юнак, хаця меў ужо недзе пад сорак і ў чорных валасах, пабітых сівізной, паблісквалі высокія загарэлыя залысіны.
— Як вам пашчасціла? — паказаў капітан на забінтаваную нагу. Яго памочнікі не ўзялі гэтага хворага на заметку, бо жыў ён у другім баку.
— Цераз прыступку на лесвіцы перамахнуў, усё спяшым,— ён усміхнуўся, іранізуючы з сябе.— Ат… Справа не ў маёй назе, так?
— Увогуле, не,— прызнаўся капітан.— Хаця, каб не ваша траўма, нам было б больш беганіны.
— Нешта не разумею,— нахмурыўся Карповіч, і на смуглявых сківіцах захадзілі жаўлакі. Чалавек зноў заводзіўся.
— Зараз растлумачу, Андрэй Васільевіч, не хвалюйцеся. Значыць, вадзіцеля вы добра запомнілі? Раскажыце, як было?
— Мой прыпынак не там, на тым баку вуліцы, далей. Але ў бальніцы так растрывожылі нагу, што я надумаў злавіць таксі ці машыну. На аўтобусе не дабраўся б, далёка потым тупаць. Прыкавыляў да прыпынку на павароце, дзе рух часцейшы. Бачу: побач з тэлефоннай будкай «жыгуль» спыніўся, прыватны. Вадзіцель не вылазе. Я такіх адразу засякаю — на левака спадзяецца. Ну і мыліцы пад пахі і пашкандыбаў. Адчыняю дзверцы: падкінеш? Ён ашчэрыўся, аж залаты зуб бліснуў. «Матай адсюль»,— сыкнуў. А тут раптам аднекуль хлопец вываліўся, тузануў заднія дзверцы: «Свабодны, шэф?» I не паспеў я слова сказаць, як ён шмыгануў на сядзенне. Шафёр як газануў, я ледзь паспеў адхіснуцца, добра, нагу яшчэ раз не паламаў. От і ўся эпапея,— ён зноў усміхнуўся, крыва, горка. Крыўда не прайшла.
— Як выглядае аўтаўласнік? Што такое адметнае ў яго абліччы вам запомнілася, можа?
— Такі, ведаеце, сыты, мардасты. Шчокі як падпечаныя. Думаю, невысокі, але дужы…
Карповіч гаварыў, прыгадваў нешта яшчэ, увогуле неістотнае, а ў Сяргея Антонавіча рос непакой. Быццам ужо недзе бачыў такога невысокага мацачка з абветраным тварам і залатой каронкай на зубе. Калі Карповіч змоўк, ён, падумаўшы, паклаў перад ім некалькі фатаграфій розных людзей.
— Вам тут хто-небудзь знаёмы?
Гаспадар здзіўлена паглядзеў на капітана, перавёў позірк на стол, дзе ляжалі рассыпаныя картачкі, і ўскочыў. Стоячы на адной назе, злосна тыкаў пальцам у твар сфатаграфаванага мужчыны:
— Ён! Во — ён! Дык вы яго ведаеце?
— Не памыляецеся?
— Праваліцца мне на гэтым месцы!
— Дзякую. А пасажыра помніце? Што ў яго было ў руках?
— А чорт яго… Можа, што і было, а можа…— ён павагаўся, відаць, хацеў быць праўдзівым.— Не, па-мойму, не. Ці мала цяпер маладых нахабнікаў?