Пугацэвіч падышоў да разеткі, тузануў шнур. Вілка бразнулася аб падлогу, і адразу стала ціха-ціха. Спаць Сяргею Антонавічу не хацелася. Ён адхінуў шырокую штору, якая закрывала акно і дзверы, і выйшаў на балкон.
3 сёмага паверха горад праглядваўся далёка, аж да ракі, за якой у цемры ўгадвалася поле зжатага жыта.
Вуліцы ўжо апусцелі, толькі сям-там кіне сноп святла адзінокая машына ды блісне фіялетавым вогненным россыпам запознены тралейбус. Пакрысе гаслі вокны ў жылых дамах, паменшала светлых ліхтароў, і на бясхмарным небе ярчэй заззялі бліскучыя кропкі-зоркі. Удалечыні праплыў рэйсавы пасажырскі самалёт, паміргваючы чырвоным папераджальным агеньчыкам. На імгненне схаваўся за цёмным гмахам навукова-даследчага інстытута і вынырнуў ніжэй, кіруючыся да аэрапорта.
Палёт авіялайнера прасачыць лягчэй, чым нечаканыя павароты думак. Гледзячы на сігнальны ліхтар, Сяргей Антонавіч раптам успомніў Валодзю Гаруновіча, потым яго калегу па інстытуце Руслана, з кім Лебедзеў у рэстаране знаёміў Гарбаценку, а тады цюкнула, што падвезенага Самасейкам Акадэміка таксама клічуць Русланам…
Сяргей Антонавіч вярнуўся ў пакой. Пакінуўшы балконныя дзверы адчыненымі, паслаў ложак і выключыу святло. Пара было на бакавую — да світання заставалася якіх гадзін пяць.
А сон не браў.
Сяргей Антонавіч не быў ныцікам. На працы — як на працы, любіў гаварыць ён, калі здараліся промахі і памылкі. Сяргей Антонавіч і зараз не наракаў на райаддзелаўскіх таварышаў, якія за тры тыдні не надта прасунуліся наперад, расследуючы кражы на Паддеснай і ў Канапацкіх. Калегі таксама не багі. Не выказаў папрокаў і следчаму Загдаю, які прайшоў міма некаторых важных фактаў. Аднак сённяшняя сустрэча з Карповічам засмуціла яго. Скарга інваліда паступіла ў аддзел праз два дні пасля кражы на Падлеснай, аб ёй было вядома і ў вышуку, і ў следчым аддзяленні, і нікому не падумалася прымерыць машыну і пасажыра да злачынства, хаця і час, і месца прама наводзілі на гэта.
I паліклініку, як магчымую крыніцу звестак, своечасова не выкарысталі. Бо, можа, па гарачых слядах тыя людзі, што зараз разводзяць рукамі, нешта патрэбнае для следства сказалі б.
Кватэрныя кражы ў іх горадзе здараюцца. Хто-хто, а ён, Пугацэвіч, гэта ведае. Як і тое, што далёка не ўсе яны пакуль раскрываюцца. Зрэшты, як сведчыць статыстыка, і даўней так было. Дык ці не з’явілася ў некаторых работнікаў міліцыі пачуццё нейкай безвыходнасці перад сярэднім працэнтам? Маўляў, шукай не шукай, усё роўна яго не пераскочыш. Вось і не стае часта расследаванню фантазіі, творчасці. Усё робіцца правільна, у адпаведнасці з працэсуальнымі нормамі, аднак не болей. У выніку — прыпыненыя справы, да якіх калі і вяртаюцца, то часцей за ўсё фармальна.
Пугацэвіч разумеў, што, напэўна, ёсць і іншыя прычыны. Адна з іх — малы вопыт большасці супрацоўнікаў райаддзелаў, бо варта каму вызначыцца, як адразу забіраюць куды вышэй. Загдай жа сядзіць на сваёй пасадзе гадоў восем. Дысцыплінаваны. Дакументы афармляе — не прычэпішся. 3 лейтэнанта ў капітаны вырас. Яму, Пугацэвічу, даводзілася з ім сустракацца. I раней, і цяпер, калі даручылі заняцца гэтымі кражамі. Што ён можа сказаць пра Загдая? Фанабэрысты таварыш. Глядзіць быццам бы табе ў вочы, а дзе думкі не здагадаешся. Расказваў падрабязна. Падумаць, сапраўды нямала папрацавалі. А ўнікнеш, шаблон на паверхню лезе. Ні душы, ні натхнення не было ў следчага, калі дапытваў пацярпеўшых, сведак. Хаця тады і прамаўчаў Сяргей Антонавіч, не яго абавязак рабіць заўвагі следчаму, але адзін момант яго абурыў. У якогасьці скупшчыка крадзенага знайшлі жаночае скураное паліто. Загдай запрасіў Канапацкага для апазнання. Дзеянне звычайнае. Але Пугацэвіч не мог дапусціць, што, выклікаючы пацярпеўшага, следчы не зазірнуў у справу. Ні памер, ні колер знойдзенага паліто нічым не нагадвалі ўкрадзенае ў Канапацкіх. Між тым у пратаколе факт правядзення апазнання быў адзначаны. Дзейнасць следчага, такім чынам, засведчана, а ў сутнасць ніхто ўнікаць не будзе.
За акном узняўся вецер, сыпануў у шкло буйнымі кроплямі раптоўнага дажджу. Недзе далёка загрымеў гром, паласнуўшы пацямнелае неба яркай галіністай бліскавіцай.
Сяргей Антонавіч нехаця падняўся з ложка, зачыніў балкон. Ідучы ў спальню, на імгненне запаліў святло, зірнуў на будзільнік. Праз чатыры гадзіны, роўна а сёмай, ён зазвоніць. Нішто, яшчэ не хутка… Але якое «Дынама» выйграла? I на гэта пытанне Сяргей Антонавіч таксама адказаць не мог.
15