Карповіча можна было зразумець, каго падвезці — вырашае гаспадар машыны, а не пасажыры. Пугацэвіч асабліва і не разлічваў на ўдачу. I ўсё-такі быў расчараваны. Ужо больш дзеля парадку, чым на нешта спадзеючыся, раскінуў перад Карповічам новыя здымкі.
Андрэй Васільевіч доўга глядзеў на неахайна кінутыя фотакарткі, папраўляў іх, падраўноўваў, хмурыўся. Нарэшце не надта ўпэўнена паказаў:
— Ці не гэты? Падобны. Ніжняя губа тоўстая, як заечая. Але той быў у чорных акулярах.— Карповіч пасоўваў здымкі.— Не, не буду сцвярджаць… Але рукі былі свабодныя, успомніў. Ён іх на спінку пярэдняга сядзення паклаў, быццам ад мяне хацеў адгарадзіцца…
— А калі не на фота, а жывога давядзецца ўбачыць, пазнаеце?
— Э-э,— вочы ў Карповіча заблішчалі.— Відаць, не мая скарга прывяла вас сюды. Нічога, я не ў прэтэнзіі,— яму нават спадабалася, што так здарылася.— 3 тышчы пакажу!
Было сем гадзін вечара. Самае лепшае — паехаць дадому. Аднак Пугацэвіч зайшоў ва ўпраўленне.
Сяргей Антонавіч падняўся на свой паверх. У пустым калідоры яго прыцішаныя крокі здаваліся гулкімі. Нікога не сустрэўшы, зайшоў у кабінет. На стале ляжала толькі паведамленне лейтэнанта Гарбаценкі. Сяргей Антонавіч прачытаў яго і пачухаў патыліцу. Падкідвае хлопец задачкі. Здольны крыміналіст расце. Здавалася б, на роўным месцы такі віраж закладзе, што ахнеш. Тады Вялеську, хай сабе і выпадкова, але ў час прывёў дадому. Цяпер яе сяброўку выкапаў. Прычым усё натуральна, самы недаверлівы чалавек нічога не западозрыць. Так пойдзе, возьме і са злачынцам нос у нос сутыкне.
Пугацэвіч яшчэ колькі хвілін пасядзеў, ацэньваючы зробленае Гарбаценкам. Потым замкнуў паперы ў сейф.
Жонка з дачкой яшчэ не вярнуліся з гасцей, і кватэра сустрэла Сяргея Антонавіча сумнай цішынёй. Ён прайшоўся па заціхлых, як нежылых, пакоях, пакасіўся на падлогу і чмыхнуў. Ніяк не можа навесці чысціню — хаця б перад прыездам сваіх.
Кватэру Пугацэвічы атрымалі летась. Два асобныя пакоі, кухня, прасторная прыхожая пасля прыватнага жытла ўсё яшчэ ўяўляліся Сяргею Антонавічу палацам. Абыякавы да так званых пытанняў быту, сваю новую кватэру ён, аднак, прыняў з радасцю. Памагаў жонцы выбіраць мэблю, потым нешта ставіў, перастаўляў, прыбіваў. Ён любіў парадак, прыгажосць, утульнасць, а іх абстаўленая кватэра якраз і адпавядала яго гэтым патрабаванням. Ён цяпер часам думаў, што каб не яго неспакойная служба, стаў бы, напэўна, дамаседам. Урэшце, ці гэта ўжо так кепска, калі ты ў час вяртаешся з работы, чытаеш, бесклапотна глядзіш тэлевізар або майструеш нешта, можа, тую ж палічку, якой так не хапае ў ваннай, падганяеш балконныя дзверы да вушака, каб зімой не дзьмула? Падумаўшы пра гэта, Сяргей Антонавіч толькі ўсміхнуўся. Але і гэта ён успрыняў без смутку, з лёгкай іроніяй. Ён яшчэ пастаяў крыху пасярод залы і перабраўся на кухню.
Смага сушыла ў роце, і Сяргей Антонавіч паставіў на пліту чайнік. Потым выліў зацвілую заварку, насыпаў свежага чаю. Адчыніў акно, пускаючы ў нагрэтую за дзень хату вячэрнюю прахалоду.
Аднекуль ад суседзяў, напэўна, таксама з адчыненага акна ці балкона данёсся, як выбух, тысячагалосы ўсплёск балельшчыцкіх эмоцый. I Сяргей Антонавіч успомніў, што зараз у запісе з Кіева трансліруецца футбольны матч мінскіх і мясцовых дынамаўцаў. Такі матч, а галоўнае, вольная хвіліна выпадаюць не кожны дзень. Наліўшы ў шклянку цёмна-карычневага пахучага чаю, ён уключыў тэлевізар, зручна ўладкаваўся ў крэсле.
Тэлевізар быў стары, трубка грэлася доўга, і некалькі хвілін Пугацэвіч слухаў шум стадыёна, каментарый рэпарцёра і не мог зразумець, што ўсё-такі адбываецца на стадыёне. Нарэшце экран успыхнуў, засвяціўся, і на полі ўжо можна было распазнаць у невялікіх рухавых фігурках вядомых футбалістаў. Пугацэвіч хварэў за сваіх.
Футбалісты плялі адмысловыя камбінацыі, і гульня адразу захапіла Сяргея Антонавіча. Ён уважліва сачыў за нечаканымі перадачамі, раптоўнымі рыўкамі і спрабаваў вызначыць іх заканамернасці, угадаць наступныя хады мяча. Неўзабаве ўлавіў сістэму ў дзеяннях абедзвюх каманд і задаволена ўсміхнуўся. Ён ужо хутчэй здагадваўся, куды зараз паляціць мяч або дзе адкрыецца хто-небудзь з нападаючых. I раптам, калі здарылася асабліва ўдалая перадача з левага фланга атакі на правы, у галаве Сяргея Антонавіча мільганула нейкая іскрынка-думка. Ён паспрабаваў адмахнуцца ад яе, аднак яна сядзела моцна. Праз якую хвіліну Сяргей Антонавіч злавіў сябе на тым, што падзеі на экране ідуць быццам міма яго ўвагі, ужо не хвалююць. Думкі перакінуліся на сённяшнюю размову з Карповічам. Ці не такія вось мудрагелістыя хады выдумляюць яго падапечныя? Чым Самасейкава паездка на Падлесную не пас праз усё поле? Футбалісты карыстаюцца гэтым прыёмам, каб збіць з толку абарону праціўніка. Злачынцы — каб заблытаць вышук. Праўда, у сённяшнім адкрыцці для Сяргея Антонавіча было не ўсё ясна, ён не журыўся — надта многае збягалася ў адно, каб доўга быць тайнай.