Зноў сяджу ў кафэ. Раблю выгляд, што спрабую закілзаць наравістага Пегаса. А сам уяўляю шырокія дзверы, з якіх неўзабаве выпырхнуць дзве зусім не абыякавыя мне дзяўчыны — Ніна-Вялеська і Валя. Згодна з правіламі добрага тону, я павінен быць ля тых з абвіслай левай форткай дзвярэй. Як-ніяк, пасля даволі цёплага расстання з Валяй мінула ўжо два дні, і маё знікненне можа атрымаць няправільнае тлумачэнне. Але нічога, як кажуць, не папішаш, нават удаўся 6 зараз добры верш — усё роўна было б не тое пісанне. Так што дзяўчат я адкладваю на потым. Не прывыкаць. Як і не займаць цярпення. Вось і гнуся над сталом, глыбакадумна разглядваючы нешта мне аднаму бачнае на чыстым белым лістку. А каб творчае гарэнне выглядала пераканаўчым, пакручваю паміж пальцаў прывезеную аднекуль з Еўропы не абы-якую шарыкавую ручку. Як на тое, і лядашчага радка не магу выціснуць, хаця рука так і цягнецца да паперы. I я раздумваю, ці правільна гэта — стрымліваць творчыя парыванні. Ну, якая розніца, буду я нанізваць рыфму на рыфму або штрышок на штрышок? Мне чамусьці нават здаецца, што пара маёй паэзіі мінае, і час дэманстраваць новыя грані свайго ўсебаковага даравання.
Вынікі пераходу з вершаплётаў у шаржысты-графікі мне падабаюцца. Заяўляю гэта без прытворнай сціпласці. Адно кепска — прыйшла думка пра перакваліфікацыю ў самы апошні момант. Нават парады няма ў каго папрасіць, ці правільна гэта. Акрамя самога сябе, вядома. Ды хіба я дурань? Хіба не магу параіць? Так што абмяркоўваю дэталі сам з сабой і прыходжу да высновы, што я ўсё ж сапраўды разумны чалавек — задуманыя цаглінкі шчыльна кладуцца адна да адной, вырастаючы ў трывалую сцяну. Яшчэ раз у думках акідваю пабудову і вырашаю дзейнічаць на свае страх і рызыку. Бо сышчык без ініцыятывы — што не пасолены суп з заморскімі прыправамі: пахне смачна, а есці не захочаш.
Кідаю абыякавы позірк на гадзіннік, што вісіць над уваходам у буфет, і рашуча праводжу чорным фламастэрам завітушку. Што гэта будзе — дзявочы локан або хлапечы падбародак, я пакуль яшчэ не вырашыў. Аднак пачатак пакладзены, і гэта мяне радуе. Цяпер не адступлю. Позна мяняць варыянт.
К прыходу кампаніі Лебедзева на паперы побач з незакончанай лірычнай страфой пра выпадковую сустрэчу красуюцца, як выведзеныя задуменным аўтарам, тры профілі. Два тыя, каму, можа, прызначаны сумнаватыя радкі, і аўтапартрэт мастака-паэта. Вельмі спадзяюся, што падабенства хаця б першых двух можна заўважыць. Сам я дык магу абысціся і без апазнання маёй асобы, я не ганарлівец.
Сямён, як звычайна, пакуль Самсонаў і Грыгаровіч за суседнім сталом асвойваюць кароценькае меню, падсаджваецца да мяне, традыцыйна пытае:
— Што накропаў?
Падазраю, яго не надта цікавяць вершы — і мае, і наогул. Аднак ён ужо адчувае нейкую адказнасць за мяне і такім чынам дэманструе клапатлівую ўвагу. Паціскаю плячамі, маўляў, няма натхнення, і падсоўваю размаляваны ліст.
Сямён паблажліва ўсміхаецца і пачынае разглядаць паперу. Праз імгненне яго бровы лезуць на лоб, на якім ад гэтага праразаюцца неглыбокія палоскі — прадвеснікі будучых маршчын. Ён няўцямна глядзіць на мяне.
— Дзе ты іх выкапаў?
— 3 гэтым,— паказваю на профіль з носам-гарбінкай і навіслымі на лоб космамі, выведзенымі ў адпаведнасці з патрабаваннямі жанру некалькімі выразнымі штрыхамі,— ты нядаўна мяне знаёміў. Імя такое славянскае…
— Руслан, Руслан,— нецярпліва падказвае Сямён.— Падобны…
— А дзяўчына,— перабіваю,— Вялесьчына сяброўка, яны разам табе тую запіску пісалі. Хіба я вінаваты, што ты ў горадзе ўсіх ведаеш?
Сямён задаволена ўсміхаецца. Тыкае пальцам у партрэт з кудзеркамі і выцягнутымі губкамі:
— Паклаў вока? Не той адрас. Валька Давідзюк з норавам. Руслан абпёкся.
— От што значыць пранікненне мастака ў тэму! — выхваляюся я перад Сямёнам, а сам думаю: «Што ты за чалавек, Валя?» — Згадзіся, Сэм, выдатнае інтуітыўнае рашэнне!
— Лакатар! — сказаў ён насмешліва.— А ты хутка асвоіўся…
Вось яно што. Самастойных, незалежных тут не вельмі шануюць. Цудоўна. Хай адчуе, што я і сам магу быць з вусамі. Хоча мяне патрымаць побач — мусіць зрабіць нейкія новыя захады. Можа, раскрыецца ў нечым? Гэтыя думкі мільгаюць у галаве, як кадры паскоранага кіно, бо мне не да разважанняў. Хаця Сямён не пытаўся, а толькі быццам бы канстатаваў факт, адказаць яму на гэта не лішне.
— Паэты — людзі свойскія,— я паціскаю плячамі.
У гэты момант побач са сталом афіцыянтак вырастае постаць будучага свяцілы навукі, калі верыць Калядку. Лебедзеў яго не бачыць, і я з задавальненнем паведамляю:
— А вось і арыгінал сваёй персонай!
Руслан таксама заўважыў нас і памахаў рукой.
— Няйначай з працы ўцёк,— з’едліва зазначыў Сямён.— Энтузіяст кульмана і рэйсшыны.
Сам Лебедзеў і так, як Руслан, працаваць не хацеў, але гэта ён сам. Іншыя раўняцца з ім не маглі.
— Прывітанне,— хлопец плюхнуўся на свабоднае ля майго стала крэсла.— Я так і думаў, што вы тут.
— Спяшаўся? — Павагі ў Лебедзева да яго не было. Ды, зрэшты, ён, відаць, наогул гэтак да ўсіх ставіўся.
Руслан не звярнуў увагі на тон, напэўна, прывык. Пабліскваючы вачамі, паведаміў: