Усё такім чынам гатова, можна пачынаць. Аднак без галоўных віноўнікаў імправізаванага сабантуя баляванне не пачынаецца. А яны адасобіліся ў спальні, нешта яшчэ вырашаюць. Чаму б мне іх не паклікаць? Павольна іду да прычыненых дзвярэй. Зблізу галасы чутны больш выразна. У той момант, калі я цягну прыгожую медную ручку на сябе, са спальні даносіцца:
— Бацька пытаўся чыё...— Гэта Руслан.
— Сысунок ты, Акадэмік,— Сямёну чамусьці весела,— сказаў бы…— і абарочваецца.
Дзверы зарыпелі. Ну і гаспадары, каб на іх, тавоту не могуць расстарацца.
— Табе што? — Сямён незадаволены маім уварваннем, нешта яны не дагаварылі, відаць.
— Пітво вычхаецца.
Люблю старыя кватэры. Калідор — як праспект. Вось і зараз маю магчымасць узяць Руслана за локаць і запэўніць, што ў іх мне падабаецца. За стол саджуся з ім побач. Сямён суседства з гаспадаром не дамагаецца і аказваецца збоку, злева ад мяне. Ён прыдзірліва аглядае стол, пасоўвае нож бліжэй да сваёй талерачкі, папраўляе мой відэлец і тады дае каманду пачынаць.
Размова не клеіцца. Грыгаровіч спяшаецца наліць новыя чаркі.
— Федзька,— павучае Лебедзеў,— не рабі з гарэлкі культу.
— То ж каньяк,— раптам праяўляе знаходлівасць немаваты Грыгаровіч і куляе ў рот поўную чарку. Я заўважаю, што, калі гаворка ідзе пра спіртное, Федзя бывае надзіва спрытны.
— Мастак! — цэдзіць скрозь зубы Сямён.
— Кінь, Сэм,— я заступаюся за Грыгаровіча. Ніяк не магу дапяць, чаму Сямён заўсёды стрымлівае алкагольныя парыванні свайго малодшага сябра. Быццам не дзеля чаркі ў рэстаранах ашываюцца.
— А сам не бярэш,— гаспадар паказвае на мой некрануты келіх.
— Вечар доўгі,— я махаю рукой, потым дадаю: — Не ў віне шчасце.
— Вучыся, Федзька,— хапаецца за мае словы Лебедзеў: — Каньяк — не гарэлка, інтэлігентны чалавек яго па кроплі прымае,— і сам робіць маленькі глыток.
— А мне ваша інтэлігентнасць да фенькі,— агрызнуўся Грыгаровіч.— Мне б, Акадэмік, шклянку якую большую каб зараз.
Алег, які сёння па маўклівасці нібы замяняў Грыгаровіча, зняў са сцяны павешаную на якімсьці не то ражку, не то кручку гітару і ўдарыў пяцярнёй па струнах. Узяў некалькі акордаў, як настройваючыся, а тады заспяваў. I прызнацца, здзівіў мяне. Голас у яго быў слабаваты, але чысты, прыемны, пастаўлены — не горшы, чым у некаторых спевакоў з мікрафонам.
— Талент,— падміргнуў Лебедзеў, заўважыўшы маё здзіўленне.
Алег абарваў песню, змяшаў у бакале каньяк з шампанскім, запытальна зірнуў на нас.
— Адчуваецца школа,— шчыра пахваліў я.— Ты не вучыўся часам?
— Вадзіла маці за ручку, пакуль не падрос ды розуму не набраўся,— паіранізаваў ён з сябе.
— Дарэмна кінуў,— мне па-сапраўднаму было шкада занядбаных здольнасцей Самсонава.
— Апладысменты зрываць, паэт, твая доля,— раптам загарачыўся Сямён.— Ці яны варты мэты?
— А што? — наіўна спытаў я.
Лебедзеў адказаў не адразу, я ўпэўнены, хацеў паказаць, што адносіцца да гэтага сур’ёзна. Я нават здагадваўся, пра што скажа. I не надта памыліўся.
— Гэта ты адчуеш, паэт, калі за свае вершы тугрыкі пачнеш лапатай грэбці.
— Ці будзе гэта…
— Так,— засмяяўся Алег,— да народнага табе, як Руслану да акадэміка,— і, хапіўшы па струнах, выгукнуў: — «Грошы вашы будуць нашы…»
— Ну,— засмяяўся і я,— у маёй кішэні ты хіба дзірку вывудзіш.
— «На нашу долю хопіць прасцякоў…»— Ён павярнуўся да Лебедзева: — Праўда, Сэм?
у Лебедзева на скулах захадзілі жаўлакі.
Руслан паспяшаўся разрадзіць становішча:
— Дык за што возьмем? — I сам прапанаваў: — Каб усё добра было.
Дзіўна, але цяпер гамана пайшла весялей — то агульная, то па-суседску.
— Слухай,— выбраў я момант выцягнуць з Руслана тое-сёе,— чаму Федзька называе цябе Акадэмікам?
— Не ён, Сэм прыдумаў. Я ў НДІ служу.
— Дысертацыю робіш?
— Думаю,— ён сказаў гэта важна, так што можна было і паверыць у сапраўднасць яго навуковых намераў.
— Зайздрошчу, нешта пэўнае, не тое што ў мяне…
— Ну-у, у цябе кніжка раней будзе,— збоку наша гамана, напэўна, здавалася поўнай сэнсу, ва ўсякім разе, для нас абодвух. А мы ігралі. Я дык па абавязку. А Руслан, ды калі браць шырэй, і Сямён з Алегам, і нават Федзя — дзеля чаго? Не дзеці, каб прыдумаць сабе гульню і потым выконваць яе правілы. Бяздумнасць, духоўная беднасць, спроба за нешта схавацца?
Пакуль я думаю, Руслан звяртаецца да Лебедзева, нагадвае:
— Дык ты накажы рамізніку,— а пасля зноў паварочваецца да мяне: — Тэма ў мяне цікавая, надзённая — аўтаматыка…
Слухаю і не слухаю. Не магу дараваць сабе, што не ўлавіў рэакцыі Лебедзева на Русланаву просьбу,— прамільгнула ж новае імя. Хто такі рамізнік або Рамізнік? Ладжуся пад лопуха, не ўпершыню мне такое.
— Турнэ намячаецца? — я гляджу на Сямёна. Ён не адводзіць вачэй, і мы нібы спаборнічаем у пераглядкі.
— Ага,— падае голас Алег,— кароценькі аўтапрабег, накшталт таго, што быў у Ільфа з Пятровым.
Жарт я разумею і задаволена смяюся, паказваючы што пытанне вычарпана. I працягваю з Русланам абмяркоўваць праблемы аўтаматызацыі ў век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі.
Праз хвіліну-дзве Лебедзеў устаў.
— Давай я,— прапанаваў яму Самсонаў, якому сёння таксама не сядзіцца.
Лебедзеў падумаў і кіўнуў:
— Звані…