Дык якія ж урокі дае сучаснаму чытачу Флёра Гайшун? Вечна жывым вопытам дзейнай чалавечнасці! Бо сёння мала выяўляць сваю заклапочанасць лёсам міру на зямлі, мала ўздымаць трывогу — трэба дзейнічаць, аб'ядноўвацца ў барацьбе супраць вайны i ўсяго, што папярэднічае ёй — чалавеканянавісці, варожасці, абыякавасці да лесу іншых народаў, жорсткасці. Людзі не могуць быць сляпой зброяй у руках фатальных сіл. У духоўным вопыце ўсіх народаў i ўсіх людзей шукаюць яны сёння той надзейны грунт, абапіраючыся на які, можна дзейнічаць упэўнена i мэтанакіравана, тыя надзейныя арыенціры, без якіх чалавецтва заблудзіцца ў змроку атамнага шаленства…
Хатынская аповесць
У Беларусі фашыстамі знішчана каля 9200 вёсак. У больш чым шасцістах вёсках забіты ці спалены ўсе жыхары, выратаваліся адзінкі.
«Я выскачыў з машыны i пачаў праціскацца між мікрафокаў.
— Лейтэнант Колі! Вы сапраўды забілі ўсіх гэтых жанчын i дзяцей?
— Лейтэнант Колі! Як сябе адчувае чалавек, які забівае жанчын i дзяцей?
— Лейтэнант Колі! Вы не шкадуеце, што не здолелі знішчыць яшчэ больш жанчын i дзяцей?
— Лейтэнант Колі! Калі б вы маглі сёння вярнуцца i зноў забіваць жанчын i дзяцей…»
«Не месціцца нават у галаве, што на гэтай планеце можа быць вайна, якая нясе гора мільёнам людзей».
— Тут ужо цэлы ўзвод! — гучна кажа чалавек у цёмных акулярах, з белай металічнай палкай у руцэ. Хлапчук у блакітным плашчыку — ускочыў у аўтобус перш за яго — выбірае позіркам свабоднае месца.
Чалавек у акулярах прыпыніўся ля дзвярэй, слухае раптоўную, напружаную цішыню: глыбокія дугі, складкі каля рота, твар, завостраны падбародкам, затое лоб — надта шырокі i, як у малога, пукаты. Рот паторгваецца няўпэўненай, вінаватай усмешкай сляпога.
— Татка, там месца, — кажа хлапчук у празрыстым плашчыку i кранаецца працягненай яму насустрач рукі.
Зноў зашумеў, закрычаў аўтобус, але нядаўняя раптоўная цішыня таксама засталася — як дно. Галасы, вясёлы крык занадта ўжо таропкія.
— Гайшун! Сюды, братка!
— Да нас, Флёра. Сюды давай!
Чалавек з застыглай усмешкай сляпога некага чакае. Металічная палка суха, пустацела дзынкнула: сляпы зачапіў стойку.
На прыступку аўтобуса паставіў напакаваны мех узмакрэлы мужчына ў пакамечаным суконным гарнітуры:
— Гэта куды аўтобус?
— У Хатынь.
— Куды?
— У Хатынь.
— А! — няўпэўнена прамовіў гаспадар сіняга гарнітура, забіраючы свой мех.
У дзвярах узнікла жанчына ў квяцістай летняй сукенцы — з сумкай i
Паднялася на прыступку: смуглявы твар усміхаецца побач з коратка пастрыжанай, зусім белай галавой сляпога.
— Глаша, да нас!
— Сюды сядай, у трэці ўзвод!
— Надакучылі вы ёй у лесе! Праўда, Глаша?
— У нас тут плацкартный месцы…
Жанчына, кінуўшы ціхае
— Сюды, татка, тут месца, — паклікаў хлапчук, які ўжо ўладкаваўся спіной да кабіны, па-дзіцячы паклаўшы рукі на сядзенне абапал сябе.
Маладжавы i шумны пасажыр прыўзняўся з месца i ашчаперыў сляпога за плечы.
— Флёра, з маёй пасядзі. А я — з Глашай.
— Косця, — дакорліва сказала жонка шумнага пасажыра, уся занадта беленькая, зычліва ўсміхнуўшыся сляпому, — не замінай чалавеку прайсці. Які ж ты!..
Чалавек у цёмных акулярах звыкла нёс руку перад сабой, а з ёю здароўкаліся, кранаючыся худых пальцаў, якія чуйна ўздрыгвалі.
— Жывём, Флёра?
— Гэта хто? Ты — Стома?
— Пазнаў? Я, братка, я гэта.
— А гэта чыя галава?
— Рыжага. Помніш такога? Падай голас, Рыжы.
— Пакажыся, — рука сляпога вярнулася назад, — пакажыся. I сапраўды — Рыжы!
— Здароў, Гайшун, — пасажыр прыўзняўся, з няёмкасцю, як дзіцячую, паціснуў руку сляпога.
Жанчына, пакуль ідзе ўся гэтая працэдура, стаіць за мужавай спіной: яна таксама ўсміхаецца, але ні на кога не глядзіць, у той час як чорныя акуляры сляпога ўважліва ўглядаюцца на кожны голас.