Руку сляпога перахапіў таўсматы пасажыр. Раменьчык ад фотаапарата палавініць ягонае мяккае плячо, i ўвесь ён нейкі выпнуты, кругленькі ў сваім новым сінім гарнітуры.
— Не пазнаеш Сталетава?
— I ты тут? — здзівіўся сляпы.
— А дзе ж мне быць? — Сталетаў пакрыўдзіўся.
Але жанчына павяла ўжо Гайшуна далей. Ен зачапіў калена грузнага i нават тут, на сядзенні, высокага чалавека, які, як пераростак за школьнай партай, сядзіць крывавата, бокам, загароджваючы праход.
— Дзень добры, — ціха i вельмі cпaкойна сказаў грузны пасажыр.
I паўтарыў:
— Дзень добры, Флёра.
Ад ягонага голасу на нейкае імгненне зноў адкрылася — як блізкае дно — цішыня.
Жанчына, перасмыкнуўшы тварам, схапіла Гайшуна за плечы i хуценька правяла наперад. Пасадзіла i сама села тварам да кабіны i спіной да ўсіх.
Хлапчук паклікаў:
— Тут лепей, татка.
— Вось i сядзі! — абарвала яго маці.
Ля кабіны — тварам да ўсіх — зручней сядзець было б i грузнаму пасажыру. Але ён таксама не сеў там.
…Касач! Гэта яго голас. Упэўнена-ціхі: чалавек ведае, прывык, што яго пастараюцца пачуць. Гэты голас хіба забудзеш?..
А як перамянілася Глашына рука: нібы з-пад машыны мяне выхапіла!
Які ён цяпер — Касач? Ва ўсякім выпадку не сляпы, як яе муж.
Матор i вядро, што дзынкае пад сядзеннем, глушаць аўтобусную гаману. Толькі самыя высокія i вясёлыя галасы далятаюць, выпадкова сутыкаючыся i пераплятаючыся.
Нерэальныя, да немагчымасці блізкія галасы з далёкага-далёкага мінулага затапляюць аўтобус: сённяшнія, выпадковыя словы плаваюць на паверхні, як смецце, а знаёмыя галасы, як бы незалежна ад слоў, уліваюдца ў мяне, саланаватыя, пякучыя…
Чалавек дваццаць нашых партызанаў. Некаторых я ўжо чуў, разбіраю: Касача, Косцю-начштаба, Стому, Рыжага, Сталетава…
Косця, наш начштаба, — у сё гэтакі ж хлапчукоўскі голас — уразаецца адразу ва усе размовы; рагоча, выкрыквае прозвішчы, клічкі, знарок бяссэнсавыя словы (
Так, ён такі, наш Косця-начштаба, з ім i ў чыстым полі будзе цесна: кожнага зачэпіць, абніме i тут жа абсмяе. Не надта самавіты для сваей пасады. Дваццаць два ці дваццаць тры яму… Было. Але яго любяць (любілі): справу сваю разумеў, ваяваць умеў. Не горш за Касача.
Касач тут, побач. За спіной у мяне.
Такі ж аграмадны, моцны? Голас, прынамсі, той жа. Мне заўсёды хацелася зразумець: прыкмячае ён сам ці не прыкмячае гэтую сваю пастаянную іронію, часамі, здавалася, недарэчную?
— Я яму ў вочы сказаць магу! — голас аднекуль ззаду. — Мы яго, прымачка, з-за печы выцягнулі, у партызаны сілай прывалаклі, а цяпер…
Пра каго гэта там? I чый голас? Нервовы, усхваляваны. Хлопцы падзаводзяць, бач, чалавека — гэта ў нас заўсёды ўмелі.
— Сакратарка не пусціць.
— А ты — па тэлефоне яму. Верна, Зуёнак? Ці тэлеграмай.
Ну, вядома, гэта ён, Зуёнак! Галоўны хавальнік пapтызанскай геральдыкі, Зуёнак заўсёды помніў, i вельмі дакладна, хто ў якім годзе i нават у якім месяцы прыйшоў у партызаны. I хто якой павагі заслугоўвае. Усю сям'ю Зуёнка немцы выбілі яшчэ ў сорак першым, калі ён пайшоў у лес. Менавіта з дапамогай ягоных доўгіх i настойлівых пісем пастаўлены многія нашы помнікі. I гэты, які мы едзем адкрываць. Я ўпершыню еду: калі мог, вочы былі, сустрэчы такія не праводзіліся. А Зуёнку нават перапала за спробы сабраць нас:
— Да ночы паўзці будзем з такой яздой. Я на сваім хозузводаўскім хутчэй паспяваў.
— О, Дзед наш да самалётаў прывык!
Заехаць заадно i ў Хатынь — хоць гэта зусім не па дарозе ў нашы партызанскія мясціны — таксама iнiцыятыва Зуёнка. Для мяне гэта асабліва важна — наведаць Хатынь. Хаця што я там убачу? Убачу не тое, што там цяпер, а што было. Што яно такое, нашы Хатыні, я ведаю. Гэта я ведаю…