Склаўся, устанавіўся нейкі свой (як у кожнага) характер пісання аповесцей. Справа не толькі ў тым, што перапісваюцца шматразова, а што працэс выспявання, даспявання на паперы адбываецца быццам сам па сабе, па ўласных законах, паскорыць яго — быццам ужо не мая ўлада. Як немагчыма паскорыць стварэнне, рост сталагміта ці сталактыта, таму што менавіта ў павольна-пастаянным прасочванні вады скрозь зямныя нетры, тоўшчы, у кропляў уся справа. У кропляў, у павольным капанні i нарошчванні салявой масы.
Больш за дзесяць гадоў, пачынаючы з 1970-га, займаўся галоўнай, відавочна, справай свайго жыцця, прынамсі, ужо страчанага, — кнігамі народнай памяці:
Некалі я называў два
Але вярнуся i да чыста жыццёвай рэальнасці, без чаго, відаць, не абысціся ў жанры
Няўжо я гэта, ля акна ў цёмнай хаце, усе некуды пайшлі, нікога каля мяне, а па шашы ідуць, едуць на конях салдаты з белымі дзідамі. Мне тры ці чатыры гады, i мне страшна… Хоць я ўжо разумею, што ёсць салдаты чужыя, а ёсць нашы і гэтыя з дзідамі — нашы.
Даваенная самая святочная радасць — кінафільмы, якія зацягваліся да 2 гадзін ночы (без канца псавалася апаратура), a калі гаснуў экран, — я радасна ўсхопліваўся з падлогі (наша, хлапчукоў, месца ў кіназале) i глядзеў, глядзеў у тую кропку прасторы, дзе, ведаў, сядзела Яна, маё Першае Каханне. Мае першыя вершы.
Колькі тады было першага, упершыню — у табе самім, у лёсе, у людзях, у птушках, звярках, нават у дрэвах каля хаты, звыкла знаёмых, якія ўспрымаліся амаль як хатнія жывёлы.
А потым быў першы дзень вайны. I ўжо праз шэсць дзён — першыя немцы, ворагі!
Разглядваеш сябе з далечыні часу, ca здзіўленнем распазнаючы: i гэта таксама я, вось той, што жыве ў доме каля
А тады я існаваў пад ім, што закрываў сонца сваёй надзьмутай злосцю, i сам наліваўся нянавісцю да ўсіх, хто прыйшоў з яго імем. Маці жыве ў незвычайным напружанні, чаканні нечага самага жудаснага, чаму здаецца яшчэ больш спакойнай i як бы ледзь-ледзь наводдаль ад нас, уласных дзяцей: гэта каб не хныкалі, не напрошваліся ў яе справы.
З верасня 41-га яна працуе на партызан: прывозіць з Бабруйска медыкаменты (за партызанскія грошы, харчы), сама носіць ix у лес. А мы, а мы?
— Не дурыце галавы! Для вас усё гэта гульня! Я i так хутка звар'яцею!..
Але без старэйшага ёй ужо не абысціся ў гэтых справах, а малодшага можна i праігнараваць. Але ў яго даўно ўжо свая вайна з немцамі i з ix фюрэрам: што-небудзь сказануць афіцэру-пастаяльцу, напомніць пра лёс Напалеона, перахаваць кімсьці закапаныя ў яме каля шашы гранаты (i зараз ёсць тое месца, дзе ix закапваў, усякі раз, калі бываю ў Глушы, праходзячы міма, глядзіш, глядзіш здзіўлена: няўжо ўсё было? Вось жа яно, тое месца, тут!).