– Ха-ха-ха! – смяецца пан Ігнацы. – Стась уласнаю персонаю… Стась з вайны!.. Што ж гэта, толькі зараз успомніў, што маеш краму і сяброў? – кажа ён і дае таму кухталя. – Хай мяне д’яблы забяруць, калі не падобны ты да жаўнера ці да марака, а зусім не да купца… Восем месяцаў не быў у краме!.. Якія грудзі… які лоб…
Госць таксама смяяўся. Ён абняў Ігнацы і некалькі разоў горача пацалаваў яго ў абедзве шчакі, якія стары крамнік па чарзе падстаўляў яму, сам, аднак, не адказваючы пацалункамі.
– Ну, што ў цябе чуваць, стары? – запытаўся госць. – Схуднеў, збляднеў…
– Наадварот, трохі раздабрэў.
– Пасівеў… Як жа ты?
– Цудоўна. І ў краме справы някепскія, трохі павялічыліся ў нас абароты. У студзені і лютым нагандлявалі мы на дваццаць пяць тысяч рублёў… Стась каханы!.. Восем месяцаў не было яго дома… Драбяза… Можа, сядзеш?
– Вядома, – адказаў госць, уладкоўваючыся на канапе, на якую адразу ж ускочыў Ір і паклаў галаву яму на калені.
Пан Ігнацы падсунуў сабе крэсла.
– Можа з’ясі чаго? У мяне ёсць шынка і трохі ікры.
– Хіба так.
– Можа, вып’еш? У мяне ёсць пляшка някепскага венгерскага, але толькі адзін цэлы кілішак.
– Буду піць са шклянкі, – адказаў госць.
Пан Ігнацы затупаў па пакоі, па чарзе адчыняючы шафу, куфэрак і шуфлядкі.
Дастаў віно і схаваў яго назад, потым паклаў на стол шынку і некалькі булак. Рукі і павекі ў яго дрыжалі, і мінула досыць часу, пакуль ён супакоіўся настолькі, каб сабраць разам папярэдне пералічаныя запасы. Толькі кілішак віна вярнуў яму душэўную раўнавагу, якая моцна было пахіснулася.
Вакульскі тым часам еў.
– Ну, што новага? – сказаў ужо спакайней пан Ігнацы, торгаючы госця ў калена.
– Як я разумею, ты пра палітыку? – перапытаў Вакульскі. – Будзе мір.
– А навошта ўзбройваецца Аўстрыя?
– Узбройваецца за шэсцьдзясят мільёнаў гульдэнаў?.. Хоча захапіць Боснію і Герцагавіну.
Ігнацы вырачыў вочы.
– Аўстрыя хоча захапіць?.. – паўтарыў ён. – Чаму?..
– Чаму? – усміхнуўся Вакульскі. – Таму што Турцыя не можа ёй гэтага забараніць.
– А што ж Англія?
– Англія таксама атрымае кампенсацыю.
– За кошт Турцыі?
– Вядома. Слабейшыя заўсёды расплочваюцца за канфлікты паміж моцнымі.
– А справядлівасць? – выбухнуў Ігнацы.
– Справядлівасць у тым, што моцныя яшчэ больш убіраюцца ў сілу і растуць, а слабыя гінуць. Іначай свет ператварыўся б у інвалідны дом, што, уласна, і было б несправядлівасцю.
Ігнацы пасунуўся разам з крэслам.
– І гэта кажаш ты, Стасю?.. Сур’ёзна, без жартаў?
Вакульскі спакойна паглядзеў на яго.
– Я кажу. Што ж у гэтым дзіўнага? Ці ж не тое самае права стасуецца да мяне, да цябе, да нас усіх?.. Занадта шмат плакаў я па сабе, каб расчульвацца па Турцыі.
Пан Ігнацы апусціў вочы і змоўк. Вакульскі еў.
– Ну, а як твае справы? – запытаў Жэцкі ўжо звычайным тонам.
У Вакульскага бліснулі вочы. Ён паклаў булку і абапёрся на парэнчу канапы.
– Памятаеш, – сказаў ён, – колькі я ўзяў грошай, калі з’язджаў адсюль?
– Трыццаць тысяч рублёў, усю гатоўку.
– А як мяркуеш: колькі я прывёз?
– Пяцьдзя… тысяч сорак… Адгадаў?.. – спытаў Жэцкі, няўпэўнена пазіраючы на яго.
Вакульскі наліў сабе шклянку віна і павольна выпіў.
– Дзвесце пяцьдзясят тысяч рублёў, пры гэтым вялікая частка ў золаце, – адказаў ён цвёрда. – І гэта не ўсё, бо я распарадзіўся купляць каштоўныя паперы, якія пасля заключэння міру прадам, дык буду мець яшчэ трыста тысяч рублёў…
Жэцкі нахіліўся да яго і хацеў было нешта сказаць.
– Не бойся, – працягваў Вакульскі. – Капейчыну гэту я зарабіў сумленна, нават цяжка і вельмі цяжка. Увесь сакрэт у тым, што меў я багатага кампаньёна і задавальняўся ў чатыры, у пяць разоў меншым зыскам, чым іншыя. Дык мой капітал пастаянна рос і быў у няспынным руху. Ну і, – дадаў ён праз хвіліну, – мне, да таго ж, шалёна шанцавала… Як гульцу, якому дзесяць раз запар выпадае той сам нумар у рулетцы. Гульня на вялікія грошы?.. Амаль кожны месяц я рызыкаваў усім, што меў, і кожны дзень – жыццём.
– І толькі дзеля гэтага ты ездзіў туды? – запытаўся Ігнацы.
Вакульскі зірнуў на яго іранічна.
– А ты хацеў, каб я стаў турэцкім Валенродам49?..
– Рызыкаваць дзеля маёнтка, калі маеш забяспечаны кавалак хлеба!.. – прамармытаў пан Ігнацы, ківаючы галавою і падымаючы бровы.
Вакульскага перасмыкнула ад гневу, і ён сарваўся з канапы.
– Гэтым забяспечаным хлебам, – казаў ён, сціскаючы кулакі, – я душыўся шэсць гадоў!.. Ці ты ўжо не памятаеш, колькі разоў на дзень нагадвалі мне пра два пакаленні Мінцляў або пра анёльскую дабрыню маёй жонкі? Ці быў хто, апроч цябе, сярод больш ці менш знаёмых мне людзей, хто не абражаў бы мяне словам, рухам ці хоць бы позіркам? Колькі раз казалі пра мяне, і ледзьве не мне самому ў вочы, што я жыву з жончынай ласкі, што ўсё маю дзякуючы працы Мінцляў, і нічога – але ж нічога! – дзякуючы ўласнай энергіі, хоць гэта я адратаваў тую крамку, падвоіў яе даходы…