Справу пасля доўгага тлумачэння і апраўданняў, вядома, спынілі, але стары з таго часу надта затужыў і пачаў занепадаць. І аднаго дня ён сеў у свой фатэль пад вакном, каб ужо не падняцца з яго. Так ён і памёр з барадою на гандлёвай кнізе ды са шнурком у руцэ, якім прыводзіў у рух казака.
Некалькі гадоў пасля смерці дзядзькі пляменнікі разам гаспадарылі ў краме на Падвалю, і толькі дзесьці ў 1850 годзе яны падзяліліся: Франц застаўся на месцы з бакалейнымі таварамі, а Ян – з галантарэяй ды мылам – перабраўся на Кракаўскае прадмесце, сюды, дзе мы зараз. Праз колькі гадоў Ян ажаніўся з прыгожаю Малгажатаю Пфайфер, а яна (няхай спачывае ў спакоі), калі аўдавела, аддала сваю руку Стасю Вакульскаму, які атрымаў такім чынам у спадчыну ўсё напрацаванае двума пакаленнямі Мінцляў.
Маці нашага гаспадара жыла яшчэ доўга. Калі ў 1853 годзе я вярнуўся з-за мяжы і пабачыў яе, дык пачувалася яна досыць добра. Як і раней, спускалася яна раніцаю ў краму, як і раней, казала: “
У мой час гаспадар быў бацька і настаўнік сваім практыкантам і дбайны слуга краме, яго маці або жонка былі гаспадынямі, а ўсе сямейнікі – працаўнікамі. Цяпер гаспадар адно толькі хоча атрымліваць прыбытак з гандлю, рэдка калі ім цікавіцца і найбольш клапоціцца пра тое, каб ягоныя дзеці не парабіліся купцамі. Я тут не кажу пра Стася Вакульскага, у яго шчырыя намеры, а толькі ўвогуле разважаю, што купец мусіць сядзець у краме і сам гадаваць сабе працаўнікоў, калі хоча мець прыстойных.
Ходзяць чуткі, што Андрашы48 запатрабавалі шэсцьдзесят мільёнаў гульдэнаў на непрадбачаныя выдаткі. Дык і Аўстрыя ўзбройваецца, а Стась тым часам піша мне, што вайны не будзе. Але ж ён ніколі не быў фанфаронам, дык, відаць, надта заангажваны ў палітыку, вось і сядзіць у Балгарыі, а не з любові да гандлю…
Цікава мне ведаць, што ён зробіць! Цікава!..
ВЯРТАННЕ
Нядзеля, паскудны сакавіцкі дзень. Хутка поўдзень, але вуліцы Варшавы амаль пустыя. Людзі не выходзяць з дому або туляцца ў брамах, або ўцякаюць, згорбленыя, бо сячэ касы дождж са снегам. Амаль не чутно туркатання брычак, бо і брычкі стаяць. Фурманы злазяць з козлаў і хаваюцца пад падняты верх сваіх павозак, а мокрыя ад дажджу і закіданыя снегам коні выглядаюць так, нібы прагнуць схавацца пад дышаль і накрыцца ўласнымі вушамі.
Непагадзь не шкодзіць, а можа, нават спрыяе, што ў сваім закратаваным пакоі пан Ігнацы сядзіць вельмі вясёлы. Справы ў краме ідуць цудоўна, вітрыны на наступны тыдзень ужо гатовыя, а галоўнае, днямі павінен вярнуцца Вакульскі. Нарэшце пан Ігнацы здасць некаму рахункі ды ўсе клопаты кіравання крамаю і не пазней як праз два месяцы паедзе на вакацыі. За дваццаць пяць гадоў працы – ды яшчэ якой! – заслужыў ён гэты адпачынак. Будзе тады разважаць толькі пра палітыку, будзе хадзіць, будзе бегаць і скакаць па палях і лясах, будзе свістаць і нават спяваць, як у маладосці. Калі б не гэты рэўматызм… зрэшты, у вёсцы боль сунімецца…
І хоць у закратаваныя вокны б’е дождж са снегам, хоць ад непагадзі ў пакоі сярод дня пануе змрок, у душы пана Ігнацы – вясна. Ён дастае з-пад ложка гітару, настройвае яе і, узяўшы некалькі акордаў, зацягвае гугнявым голасам вельмі рамантычную песню.
Вясна абуджаецца ў нашым краі,
Салоўкі ёй песнямі служаць;
У гаю зялёным, каля ручаю
Квітнеюць дзве пекныя ружы.
Гэтыя чароўныя гукі абуджаюць пудзеля, які спаў на канапе, і ён пачынае адным сваім вокам прыглядацца да гаспадара. Гукі гэтыя маюць яшчэ большую моц, бо яны выклікаюць нейкі вялізны цень на падворку, які паўстае ў закратаваным акне і стараецца зазірнуць у сярэдзіну пакоя, чым звяртае на сябе ўвагу пана Ігнацы.
“Так. Гэта, мусіць, Павел,” – думае пан Ігнацы.
Але Ір мяркуе іначай, бо ён саскоквае з канапы і занепакоена прынюхваецца, нібы чуе за дзвярыма каго чужога.
Чуваць шоргат у сенцах. Нечыя рука намацвае клямку, нарэшце адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца нехта ў доўгім футры, зацярушаным снегам і мокрым ад дажджу.
– Хто ж гэта? – пытаецца пан Ігнацы, і твар яго моцна чырванее.
– Ці ты ўжо забыў мяне, стары?.. – ціха і павольна адказвае госць.
Пан Ігнацы бянтэжыцца яшчэ болей. Ён уладкоўвае на нос пенснэ, якое адразу спадае, потым выцягвае з-пад ложка падобны да труны футарал, спехам хавае туды гітару і кладзе на свой ложак.
Тым часам госць ужо зняў сваё доўгае футра і авечую шапку, а аднавокі Ір, абнюхаўшы яго, пачынае махаць хвастом, лашчыцца і з радасным скавытаннем церціся яму аб ногі.
Пан Ігнацы падыходзіць да госця ўзрушаны і згорблены больш, чым калі.
– Здаецца мне... – кажа ён, паціраючы рукі, – здаецца мне, што маю прыемнасць…
Потым вядзе госця да вакна, прыглядаецца міргаючы…
– Стась… Божа мілы!..
Б’е яго ў шырокія грудзі, паціскае яму і правую, і левую руку, і, нарэшце, паклаўшы на яго стрыжаную галаву далонь, ён выконвае такі рух, нібы хацеў бы ўцерці яму мазь у цемя.