Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Панна Ізабэла маўчала, бацька правіў сваё:

– Праўда, хлопец трохі баламут, лётае па свеце, мае крыху даўгоў, але – малады, прыгожы, ну і шалее за табою. Яанна спадзяецца, што старшынёва затрымае яго ў вёсцы на некалькі тыдняў, а ты ўжо мусіш пастарацца з астатнім… І ведаеш, можа, някепска было б… Прозвішча добрае… маёнтак сякі-такі назбіраецца з розных кавалкаў… Да таго ж, чалавек ён свецкі, усе яго прымаюць, нават герой у нейкім сэнсе, калі праўда, што ён абплыў увесь зямны шар.

– Я атрымала ліст ад Кшэшоўскае, – спыніла яго панна Ізабэла.

– О! Што ж тая вар’ятка піша?

– Яна піша, што наш дом купіў не Шлянгбаўм, а Вакульскі, і што выкарыстаў падстаўных аўкцыянераў, каб даць за яго на дваццаць тысяч рублёў больш, чым той быў варты.

Яна з цяжкасцю прамаўляла гэта, з трывогаю пазіраючы на бацьку, бо баялася яго рэакцыі. Але пан Тамаш толькі прыўзняўся на канапе і шчоўкнуў пальцамі:

– Чакай!.. Чакай!.. Ведаеш, гэта можа быць праўдай…

– Як! – ускочыла з крэсла панна Ізабэла. – Дык ён насмеліўся б нам падараваць дваццаць тысяч, а тата гэтак спакойна гаворыць пра тое?..

– Спакойна, бо каб я пачакаў з продажам, дык узяў бы не дзевяноста, а сто дваццаць тысяч…

– Але ж чакаць мы не маглі, бо камяніцу выставілі на аўкцыён…

– Вось! Мы не маглі чакаць і страцілі, а Вакульскі можа чакаць і нажыўся.

Панне Ізабэле пасля гэтае заўвагі стала крыху спакайней.

– Дык тата не бачыць ніякага дабрадзейства з ягонага боку?! Бо ўчора тата так гаварыў пра Вакульскага, нібы адчуваў сябе ў яго ўладзе…

– Ха-ха-ха!.. – зарагатаў пан Тамаш. – Ты цудоўная… бясцэнная. Учора я быў трохі ўсхваляваны, нават моцна, і… што ж… што ж… набраў сабе ў галаву… А сёння… Ха-ха-ха! Нават калі Вакульскі і пераплаціў за камяніцу. Ён жа купец, ён разумее, што і за колькі купляць. Страціць на адным, заробіць на іншым. Чаго мне крыўдаваць, што ён удзельнічае ў аўкцыёне маёй уласнасці… Хоць можна падазраваць нейкі нячысты інтарэс у выкарыстанні Шлянгбаўма, напрыклад…

Панна Ізабэла сардэчна абняла бацьку.

– Так, – згадзілася яна. – Тата мае рацыю. Я не ўсё разумела. Выкарыстанне жыдоў падчас куплі – найлепшы доказ: гэты пан, гуляючы ў прыязнасць, робіць свае справы…

– Вядома! – пацвердзіў пан Тамаш. – Хіба ты не можаш зразумець такую простую рэч? Ён, можа, і някепскі чалавек, але ж купец… купец!..

У вітальні разлёгся гучны званок.

– Гэта, пэўна, ён. Я выйду, тата, і пакіну паноў сам-насам.

Яна выйшла са спальні бацькі, але ўбачыла, што ў вітальні замест Вакульскага ажно тры жыды, якія гучна спрачаліся з Мікалаем ды паннай Фларэнтынаю. Яна ўцякла ў залу, а ў галаве круцілася: “Божа! Чаму ж ён не ідзе…”

У сэрцы яе бушавала бура пачуццяў. Панна Ізабэла, калі падтаквала бацьку, разумела, аднак, што гэта няпраўда: Вакульскі не зарабіў на камяніцы, а страціў, і ўсё толькі дзеля таго, каб паправіць іх фатальнае становішча. І, прызнаючы гэта, яна адчувала нянавісць:

“Нягоднік! Нягоднік! – шаптала яна. – Як ён наважыўся…”

Тым часам у вітальні жыды ўсчалі сапраўдную сварку з паннаю Фларэнтынаю. Яны заявілі, што не скрануцца з месца, пакуль не атрымаюць грошы, што панна графіня дала ім учора слова… А калі Мікалай пачаў выпіхваць іх за дзверы, пачалі сварыцца на яго:

– Гэта разбой!.. Гэта ашуканства!.. Грошы панства браць умеюць і ўмеюць казаць тады: мой каханы пане Давід!.. А як трэба…

– Што тут робіцца? – пачуўся ў гэты момант новы голас.

Жыды сцішыліся.

– Што тут такое? Што пан тут робіць, пане Шпігельман?

Панна Ізабэла пазнала голас Вакульскага.

– Я – нічога… Кланяюся ў ногі вяльможнаму пану… Мы па справе да пана графа… – апраўдваўся зусім іншым тонам гэткі крыклівы хвіліну таму Шпігельман.

– Загадалі нам панства прыйсці сёння па грошы, – патлумачыў іншы жыд.

– Сама панна графіня дала ўчора слова, што сёння з намі ўсімі разлічацца да апошняга гроша…

– Гэтак і будзе, – спыніў яго Вакульскі. – Я – упаўнаважаны пана Ленцкага, і сёння а шостай разлічуся з вамі ў сваёй канторы.

– Справа не пільная… Чаго вяльможнаму пану гэтак турбавацца…– адказаў Шпігельман.

– Прашу прыйсці а шостай да мяне, а Мікалай няхай нікога тут па справах не прымае, пакуль пан хворы.

– Разумею, вяльможны пане!.. А пан наш чакае ў спальні, – сказаў Мікалай.

І, калі Вакульскі пайшоў, ён выпхнуў жыдоў за парог са словамі:

– Пайшлі, пархатыя!.. Прэч!

– Ну!.. Ну!.. Чаго пан гэтак злуецца?.. – бурчэлі моцна збянтэжаныя жыдкі.

Пан Тамаш прывітаў Вакульскага ўзрушана, рукі ў яго крыху дрыжалі, а галава трэслася.

– Ну, бачыш, – казаў ён, – што гэтыя жыды вырабляюць… Галганы гэткія!.. Прыходзяць дадому… палохаюць мне дачку…

– Я загадаў ім прыйсці а шостай у маю кантору і, з дазволу пана, я разлічуся з імі. Ці вялікая сума? – спытаў Вакульскі.

– Драбяза, не вартая ўвагі… Тысяч пяць-шэсць рублёў…

– Пяць-шэсць тысяч? – перапытаў Вакульскі. – Яны ўтрох гэтулькі пазычылі пану?

– Не. Ім я павінны каля двух тысяч, можа, крыху болей… Але, скажу табе, пане Станіславе (бо гэта нейкая авантура!) нехта ў сакавіку выкупіў мае даўнія вэксалі. Хто? Я не ведаю. Аднак хачу быць гатовы на ўсялякі выпадак.

Твар Вакульскага пасвятлеў.

Перейти на страницу:

Похожие книги