Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Працягваючы пакавацца ды збіраць розныя рэчы, ён выйшаў у залу. Мінула хвіліна – не вяртаецца, дзве… не вяртаецца… Я зазірнуў у прыадчыненыя дзверы і ўбачыў: стаіць ён, трымаючыся за спінку крэсла і застылым позіркам глядзіць у вакно.

– Стаху…

Ён страпянуўся і, вяртаючыся да свайго занятку, спытаў:

– Чаго ты хочаш?

– Што з табою?

– Нічога.

– Даўно я не бачыў цябе такім.

Ён усміхнуўся і адказаў:

– Відаць, з таго часу, калі дантыст кепска выдзіраў мне зуб, да таго ж – здаровы…

– Дзіўна мне бачыць гэтыя твае зборы, – сказаў я. – Можа, ты маеш мне што сказаць…

– Сказаць?.. А, праўда… У банку ў нас каля ста дваццаці тысяч рублёў, дык грошай вам хопіць… Далей… Што далей?.. – пытаўся ён у самога сябе. – Ага!.. Сакрэту з таго, што купіў камяніцу Ленцкіх, я ўжо не раблю. Наадварот, трэба схадзіць туды і ўзяць кватэрную плату, гэткую ж, як і раней была. Пані Кшэшоўскай можаш падняць на які дзясятак рублёў, няхай пазлуецца. Але бедных не прыціскай… Жыве там нейкі шавец, нейкія студэнты. Бяры з іх, колькі дадуць, абы плацілі ў тэрмін.

Ён зірнуў на гадзіннік, убачыў, што мае трохі часу, дык лёг на шэзлонг і ляжаў моўчкі, з рукамі пад галавою і прыкрытымі вачыма. Шкода было глядзець на яго.

Я сеў у нагах і сказаў:

– Што з табой, Стаху?.. Скажы мне, што з табою. Я ведаю, што не дапамагу нічым, але, бачыш… Згрызота – яна, як труцізна, добра было б яе пазбавіцца…

Сташак зноў усміхнуўся (як мне не падабаюцца гэтыя яго крывыя ўсмешкі) і праз хвіліну адказаў:

– Я памятаю (даўнія гэта падзеі), як сядзеў у адным памяшканні з нейкім франтам, і быў ён надзіва шчыры. Дзяліўся сакрэтамі пра сваю сям’ю, пра свае дачыненні з кабетамі, пра свае перамогі, а потым – вельмі ўважліва слухаў, што са мною здарылася. Ну, і добра гэтым скарыстаўся…

– Што гэта значыць?.. – спытаў я.

– Гэта значыць, мой стары, што калі я ад цябе не хачу чуць ніякіх прызнанняў, дык і сам не жадаю іх рабіць.

– Дык гэтак ты, – закрычаў я, – разумееш даверлівую размову са старым прыяцелем?

– Супакойся, – адказаў ён, падымаючыся з канапы. – Гэта для пансіянерак… Мне, зрэшты, няма ў чым прызнавацца нават табе. Як я стаміўся!.. – прамармытаў ён і пацягнуўся.

Нарэшце, прыйшоў яго лайдак лёкай, узяў рэчы Стаха і паведаміў, што коні стаяць перад домам. Селі мы ў каляску, Стах і я, але дарогаю на чыгунку не замянілі ні слова. Ён пазіраў на зоркі ды пасвістваў, а мне здавалася, што еду я, хіба, на пахаванне.

На Венскім вакзале пераняў нас доктар Шуман.

– Едзеш у Парыж? – спытаў ён Стаха.

– А ты адкуль ведаеш?

– О, я ўсё ведаю. Нават і тое, што ў гэтым жа цягніку едзе пан Старскі.

Стах здрыгануўся.

– Што ён за чалавек? – запытаўся ў доктара.

– Гультай, банкрут… як, зрэшты, усе яны, – адказаў Шуман. – Ну, і экс-прэтэндэнт…

– Мне ўсё роўна.

Шуман нічога не адказаў, толькі зіркнуў з-пад ілба.

Пачуліся званкі ды свісткі. Падарожныя палезлі ў вагоны. Стах паціснуў нам рукі.

– Калі вяртаешся? – запытаўся доктар.

– Хацеў бы… ніколі, – адказаў Стах і сеў у пустое купэ першага класа.

Цягнік рушыў. Доктар у задуменні глядзеў, як аддаляліся агні, а я… ледзьве не заплакаў…

Калі возныя пачалі ўжо зачыняць уваход на перон, я ўгаварыў доктара пашпацыраваць па Алеях Ерусалімскіх. Ноч была цёплая, неба чыстае, я нават не памятаю, каб бачыў на ім калі-небудзь гэтулькі зорак. Прыгадалася мне, як Стах казаў, што ў Балгарыі часта глядзеў на зоркі, дык (смешная ідэя!) і я пастанавіў кожны вечар глядзець цяпер на неба. (Можа, сапраўды, на нейкім з мігатлівых свяцілаў сустрэнуцца нашы позіркі або думкі, і ён не будзе адчуваць сябе гэткім самотным, як тады?)

Раптам (не ведаю нават чаму) з’явілася ў мяне падазрэнне, што неспадзяваны ад’езд Стаха мае сувязь з палітыкай. Дык захацелася мне распытаць Шумана, і вырашыў я пад’ехаць бачком:

– Здаецца мне чамусьці, што Вакульскі… нібы закаханы?..

Доктар затрымаўся на ходніку, абапёрся на свой кіёк і зарагатаў так, што аж пачалі на яго азірацца.

– Ха-ха-ха!.. Пан толькі цяпер зрабіў гэткае грандыёзнае адкрыццё?.. Ха-ха-ха!.. Падабаецца мне гэты стары!..

Недарэчны жарт. Але я стрываў і адказаў:

– Зрабіць гэта адкрыццё лёгка могуць нават людзі… з меншым, чым у мяне, досведам (тут, здаецца, я крыху ўеў яго). Але я асцярожны ў сваіх дапушчэннях, пане Шуман… Зрэшты, мне і ў галаву не прыходзіла, каб гэткая звычайная рэч, як каханне, магла вырабляць з чалавекам падобныя рэчы.

Перейти на страницу:

Похожие книги