Читаем ЛЯЛЬКА полностью

І звярні ўвагу, пане Ігнацы, у якой згодзе між сабою працуюць на абалваньванне людзей і дзіцячы пакой, і салон, і паэзія, і проза, і драма. Загадваюць табе шукаць ідэалы, самому быць ідэальным аскетам і не толькі выконваць, але нават ствараць нейкія штучныя ўмоўнасці. А які вынік?.. Мужчына, бо яго звычайна менш дрэсіруюць, робіцца здабычаю кабеты, якую толькі і робяць, што дрэсіруюць. І вось што атрымліваецца: насамрэч цывілізацыяй кіруюць кабеты!

– Хіба гэта кепска? – спытаў я.

– Да д’ябла! – выгукнуў доктар. – Ці ты, пан Ігнацы, не заўважыў, што калі мужчына з духоўнага пункту гледжання з’яўляецца мухаю, дык кабета – яшчэ горшая муха, бо пазбаўленая лап і крылаў. Выхаванне, традыцыі, можа, нават і спадчыннасць, якія нібы робяць з яе істоту вышэйшую, робяць з яе істоту пачварную. І гэты нікчэмны вырадак – са скрыўленымі ступакамі, з пераціснутым тулавам, з неразвітымі мазгамі – мае абавязак выхоўваць будучыя пакаленні чалавецтва! Што ён ім прышчэпіць?.. Ці вучацца дзеці працаваць, каб зарабіць на кавалак хлеба? Не, яны вучацца прыгожа трымаць нож і відэлец. Ці вучацца яны разумець людзей, з якімі давядзецца жыць? Не, яны вучацца падабацца ім з дапамогаю адпаведных грымас і паклонаў. Ці вучацца яны бачыць рэальныя факты, ад якіх залежыць наша шчасце і няшчасце? Не, яны вучацца заплюшчваць вочы на факты і марыць пра ідэалы. Наша мяккасць у жыцці, наша непрактычнасць, гультайства, дагодлівасць і тая жахлівая бязмозгасць, якая вякамі гняце чалавецтва, – гэта вынік педагогікі, створанай кабетамі. Зноў жа, нашы кабеты – гэта плод клерыкальна-феадальна-паэтычнае тэорыі кахання, знявага гігіены і здаровага сэнсу.

У галаве мне шумела ад высноваў доктара, а ён тым часам шыбаваў наперад, як шалёны. На шчасце, бліснула маланка і ўпалі першыя кроплі дажджу, дык балбатлівы прамоўца раптам апрытомнеў, ускочыў у першую ж брычку і загадаў везці яго дадому.

Стах быў ужо, пэўна, каля Рогава. Ці здагадваўся ён, што мы яго з языка не спускалі? А сам, бедачына, што ён адчуваў, калі адна бура бушавала ў яго над галавою, а другая, можа, яшчэ мацней – у сэрцы?

Аёй! Якая залева, якая кананада перуноў… Скручаны ў клубок Ір праз сон слаба пабрэхвае, калі грыміць, а я кладуся ў ложак і накрываюся адною прасціною. Гарачая ноч. Пане Божа, апякуйся тымі, хто ў падобную ноч з гора ўцякае за мяжу.

Часта бывае дастаткова дробязі, каб рэчы старыя, як людскія грахі, паказаліся нам у новым святле.

Я, напрыклад, ведаю Стары горад з дзяцінства, і заўсёды мне здавалася, што ён цесны і брудны. Але калі паказалі мне ў якасці каштоўнасці адзін са старадаўніх будынкаў (ды яшчэ ў “Ілюстраваным штотыднёвіку”162), я раптам заўважыў, што Стары горад прыгожы… З тае пары хаджу туды, прынамсі, раз на тыдзень і не толькі адкрываю штораз новыя асаблівасці, але яшчэ і дзіўлюся, што не заўважаў іх раней.

Гэтак жа і з Вакульскім. Я ведаю яго не менш за дваццаць гадоў і заўсёды думаў, што ён прыроджаны палітык. Галавою б паручыўся, што Стах нічым іншым не займаецца, апроч палітыкі. Але двубой з баронам і авацыі Росі абудзілі ў мяне падазрэнні, што ён, можа, закахаўся. А пасля размовы з Шуманам я перастаў у гэтым сумнявацца.

Зрэшты, гэта лухта, бо і палітык можа закахацца. Вось Напалеон І кахаў усіх без разбору, а трос усю Еўропу. Напалеон ІІІ таксама меў шмат каханак, і я чуў, што ягоны сын удаўся ў бацьку ды знайшоў ужо сабе нейкую англічанку.

Дык калі слабасць да кабет не кампраметуе Банапартаў, чаго мне папікаць гэтым Вакульскага?..

І якраз калі я гэтак разважаў, здарыўся адзін выпадак, які нагадаў мне падзеі амаль дваццацігадовае даўніны, а самога Стаха прадставіў у іншым святле. Ох, ён не палітык, ён – нехта зусім іншы, я нават не магу гэтага добра ўсвядоміць.

Мне здаецца часам, што ён – чалавек, пакрыўджаны грамадствам. Але… маўчу!.. Грамадства нікога не крыўдзіць… Каб раптам перасталі ў гэта верыць, дык Бог ведае, колькі б пасыпалася прэтэнзій. Можа, нават ніхто ўжо не займаўся б палітыкай, а толькі думаў бы, як паквітацца з бліжнімі. Дык лепш не кранаць гэтых пытанняў. (Які я стаў гаваркі пад старасць, а ўсё не пра тое, пра што хацелася б сказаць.)

Дык вось, аднойчы ўвечары п’ю я ў сябе гарбату (Ір увесь час нейкі асалавелы), аж адчыняюцца дзверы і нехта ўваходзіць. Гляджу: постаць мажная, твар наліты, нос чырвоны, галава сівая. Прынюхаўся: пахне ў пакоі нібы віном і цвіллю.

“Гэты шляхціц, – думаю я, – або нябожчык, або кіпер163 Бо ні ад каго іншага не несла б прытхласцю.”

– Да д’ябла! – дзівіцца прыбыш. – Гэтак ты ўжо заганарыўся, што людзей не пазнаеш?..

Працёр я вочы. Але ж гэта жывы Махальскі, кіпер Гопфера!.. Разам былі мы ў Венгрыі, пазней тут, у Варшаве, але ўжо гадоў з пятнаццаць не бачыліся, бо ён жыве ў Галіцыі, дзе па-ранейшаму – кіпер.

Вядома, павіталіся мы як родныя браты – раз, другі і трэці…

– Калі ты прыехаў? – пытаюся я.

– Сёння раніцаю, – адказвае ён.

– І дзе ж ты бадзяўся да гэтае пары?

– Заехаў на Дзеканку164, але было мне гэтак тужліва, што адразу пайшоў у склеп да Лесіша…165 Гэта, пане, склеп!.. Жыві ды радуйся…

Перейти на страницу:

Похожие книги