Сярод тае моладзі быў нейкі Леон169
, хлопец яшчэ малады (не было яму і дваццаці гадоў), прыгожы, а што ўжо разумны, а што задзірысты! Быў ён нібы маім памочнікам у палітычнай адукацыі Вакульскага, бо калі я расказваў таму пра Напалеона і пра вялікі запавет Банапартаў, дык пан Леон – пра Мадзіні170, Гарыбальдзі ды ім падобных. А як умеў ён натхняць!– Працуй, – не раз казаў ён Стаху, – і вер, бо моцная вера можа затрымаць рух Сонца, а не тое што палепшыць стасункі паміж людзьмі.
– Можа, мне даслаць дакументы ва ўніверсітэт? – спытаў Вакульскі.
– Я ўпэўнены, – адказаў Леон з бляскам у вачах, – каб хоць адну хвіліну была ў цябе гэткая ж вера, як у першых апосталаў, дык ужо сёння апынуўся б ты ва ўніверсітэце…
– Або ў вар’ятні, – прамармытаў Вакульскі.
Леон забегаў па пакоі і замахаў рукамі:
– Які лёд у гэтых сэрцах!.. Якая апатыя!.. Якая прыніжанасць!.. – крычаў ён. – Калі нават такі чалавек, як ты, не здольны верыць. Прыгадай, колькі ты ўжо паспеў зрабіць за гэткі кароткі час. Ты ўжо столькі ведаеш, што мог бы сёння паздаваць іспыты…
– Што я магу! – уздыхнуў Стах.
– Ты адзін – няшмат. Але некалькі дзясяткаў, некалькі сотняў такіх, як ты, як я… Ці ведаеш ты, што мы можам зрабіць?
Тут голас яму здрадзіў. У Леона пачаліся сутаргі. Ледзьве мы яго адхаялі.
Іншым разам пан Леон папікаў нас адсутнасцю ахвярных памкненняў.
– Хіба вы не ведаеце, – казаў ён, – што Хрыстос сілаю свае ахвярнасці адзін збавіў чалавецтва?.. Як палепшаў бы свет, каб у ім заўсёды былі асобы, гатовыя ахвяраваць жыццём!..
– Я мушу аддаваць жыццё за тых гасцей, што лаюцца на мяне, як на сабаку, ці за тых пасыльных і крамнікаў, што падымаюць мяне на смех? – запытаўся Вакульскі.
– Не шукай адгаворак! – закрычаў пан Леон. – Хрыстос загінуў нават за сваіх катаў… Але ў вас слабы дух… Дух ваш гнілы… А паслухай, што кажа Тыртэй171
: “О, Спарта, загінь, пакуль тваю веліч – магілу прадзедаў – не зруйнаваў месінскі молат. І не выкінуў сабакам святыя косці. І прашчураў цень не прагнаў ад сцен… А ты, народ, пакуль яшчэ вораг не закаваў цябе, зламі мячы бацькоў на парозе дому і кінь у прорву. Няхай не ведае свет, што ў вас былі мячы, але не хапіла вам мужнага сэрца”172. Сэрца, – паўтарыў Леон.Хоць і насцярожана слухаў Стах тэорыі Леона, але дзяцюк той, як Дэмасфен, здольны быў пераканаць кожнага.
Я памятаю, як аднаго вечара на шматлюдным сходзе плакалі мы ўсе, як адзін, і маладыя, і сталыя, калі Леон апавядаў нам пра той дасканалы свет, у якім не будзе месца дурноце, жабрацтву, несправядлівасці.
– З гэтае хвіліны, – казаў ён узнёсла, – не будзе ўжо розніцы паміж людзьмі. Шляхта і мяшчане, сяляне і жыды – усе будуць братамі…
– А крамнікі?.. – азваўся з кутка Вакульскі.
Але гэта заўвага не збянтэжыла пан Леона. Ён рэзка павярнуўся да Вакульскага, пералічыў усе прыкрасці, якія рабілі таму ў краме, усе перашкоды, якія паўставалі ў яго на шляху да навукі, і скончыў гэтак:
– А каб ты паверыў, што роўны з намі, што мы любім цябе, як брата, каб мог супакоіць сваё сэрца, поўнае гневу на нас, вось я… кленчу перад табою і ад імя чалавецтва малю прабачыць крыўды.
Сапраўды, ён укленчыў перад Стахам і пацалаваў яму руку. Усе на тым сходзе расчуліліся яшчэ больш, Стаха і Леона паднялі ўгору на руках і прысягнулі, што за такіх людзей, як яны, кожны аддаў бы жыццё.
Сёння, калі я прыгадваю тыя падзеі, здаецца мне часам, што быў гэта сон. Праўда, ніколі раней і ніколі пазней не сустракаў я гэткага энтузіяста, як пан Леон.
На пачатку 1861 года Стах адмовіўся ад месца ў Гопфера. Пасяліўся ён у мяне (у маім пакойчыку з закратаваным акном і зялёнымі фіранкамі), кінуў гандаль і пачаў хадзіць вольным слухачом на акадэмічныя лекцыі.
Дзіўным было яго развітанне з крамаю. Я памятаю, бо сам прыйшоў тады па яго. Ён пацалаваўся з Гопферам, а потым спусціўся ў склеп, каб абняць Махальскага, дзе затрымаўся на пару хвілін. Я сядзеў у сталовым пакоі і чуў нейкі шум, рогат крамнікаў ды гасцей, але не падазраваў фігляў. Раптам бачу (лаз у лёхі быў у тым самым пакоі), як са склепа высоўваецца пара чырвоных рук. Рукі тыя хапаюцца за падлогу, і за імі паказваецца ды зноў хаваецца галава Стаха – раз, другі. Госці і прыслуга рагочуць.
– Ага, – закрычаў адзін з гасцей, – бачыш, як цяжка без драбіны вылезці са склепа? А табе заманулася адразу з крамы ва ўніверсітэт скочыць!.. Вылазь, калі такі разумны…
Стах з глыбіні зноў высунуў рукі, зноў ухапіўся за край адтуліны і вылез напалову. Я думаў, што кроў пырсне ў яго з твару.
– Як ён стараецца… Цудоўна атрымліваецца!.. – закрычаў іншы госць.
Стах зачапіўся нагою за падлогу і праз момант быў ужо ў пакоі. Ён не злаваўся, але і рукі не падаў ніводнаму з калегаў, забраў сваю торбу ды пайшоў да дзвярэй.
– Чаго ж з намі не развітваешся, пане доктар!.. – крычалі яму ўслед госці Гопфера.
Мы ішлі вуліцаю моўчкі. Стах кусаў вусны, а мне тады падумалася: тое, як ён вылазіў са склепа – сімвал яго жыцця, мэтаю якога было выбрацца з крамы Гопфера на шырокі прастор.