Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Цырк з гэтымі бабамі! – сказаў ён. – Абавязкова ім зацягнуць чалавека ў бяду. Сватай сабе, сватай, нават Гопфера, а не толькі Вакульскага, але памятай, я за гэта плаціць не буду.

З тае пары, варта было Ясю Мінцлю пайсці на піва або ў рэстарацыю, як пані Малгажата звала нас з Вакульскім да сябе на вечар. Стах звычайна выпіваў гарбату і нават не глядзеў на пані Мінцлёву, а потым сядзеў з рукамі ў кішэнях, думаючы, напэўна, пра свае паветраныя балоны, ды маўчаў, як камень, а наша гаспадыня схіляла яго да кахання.

– Як можна, пане Вакульскі, каб пан не быў яшчэ закаханы? – казала яна. – Пану, наколькі мне вядома, дваццаць восем гадоў, амаль, як мне… Дык я даўно ўжо лічуся старою бабаю, а пан усё яшчэ сама нявіннасць…

Вакульскі закладаў нагу на нагу, але нічога не адказваў.

– О, пані Катажына – проста любата, – працягвала гаспадыня. – Вочы прыгожыя… Хоць, здаецца мне, левае трохі крывое… Ці правае?.. Фігурка ніштаватая, хоць адна лапатка крыху вышэй (але гэта дадае грацыі). Носік не ў маім гусце, праўда, а рот крыху велікаваты, але якая яна добрая дзяўчына!.. Каб яшчэ трохі розуму… Ну, але розум, пане Вакульскі, з’яўляецца ў кабет гадоў каля трыццаці… Я сама ў веку Касі была дурненькая, як канарэйка… Закахалася ў майго цяперашняга мужа!..

Ужо падчас трэцяга візіту прыняла нас пані Малгажата ў шлафроку (быў гэта вельмі прыгожы шлафрок, абшыты карункамі), а на чацвёрты раз я зусім не быў запрошаны, толькі адзін Стах. Не ведаю, далібог, пра што яны там гутарылі. Стах, праўда, вяртаўся дадому ўсё больш пахмурны, наракаючы, што баба час забірае. А пані Малгажата тлумачыла мужу, што Вакульскі надта няцямлівы, і ёй шмат яшчэ трэба папрацаваць, пакуль яна яго сасватае.

– Працуй, каханая, працуй над ім, – заахвочваў яе муж, – бо шкода дзяўчыну, ну і Вакульскага. Страшна падумаць, што гэтакі прыстойны хлопец, які столькі гадоў быў крамнікам, які можа атрымаць краму ў спадчыну па Гопферы, змарнуецца ва ўніверсітэце. Цьху!..

Падтрыманая ў сваіх добрых намерах пані Мінцлёва ўжо не толькі запрашала Вакульскага ўвечары на гарбату, на якую ён унікаў хадзіць, але сама стала прыбягаць у мой пакойчык, клапатліва распытваючы Стаха, ці ён не захварэў, і дзівілася, што той яшчэ не закахаўся. Ён, амаль старэйшы за яе! (Я думаю, што яна сама была крыху старэйшая.) Апроч таго, пачала кабета то плакаць, то смяяцца, то сварыцца на мужа, які на цэлыя дні ўцякаў з дому, то выказваць прэтэнзіі мне, што я недарэка, што не ведаю жыцця, што прымаю кватарантамі людзей падазроных…

Словам, пачаўся гэткі вэрхал у доме, што Ясь Мінцаль спаў з цела, хоць піў усё больш піва, а я ўжо думаў: адно з двух… або звольнюся ад Мінцля, або адмоўлю ў кватэры Вакульскаму.

Адкуль, ліха на яе, даведалася пра маю заклапочанасць пані Малгажата? Уявіць сабе не магу. Але зайшла яна раз увечары да мяне ў пакой, заявіла, што я яе вораг і, відаць, вельмі паганы чалавек, калі адмаўляю гэткаму добраму чалавеку, як Вакульскі… Потым яна заявіла, што яе муж паганы, што Вакульскі паганы, што ўсе мужчыны паганыя і, нарэшце, на маёй уласнай канапе пачаліся ў яе канвульсіі.

Сцэны гэткія паўтараліся ўжо ледзьве не кожны дзень, і не ведаю, да чаго б дайшло, каб не паклаў ім канец адзін з самых дзіўных выпадкаў, якія давялося мне бачыць.

Аднаго разу запрасіў мяне з Вакульскім да сябе на вечар Махальскі.

Мінула ўжо дзявятая, калі мы пайшлі, і куды ж, як не ў яго любімы склеп, дзе пры мігатлівым святле трох лоевых свечак убачыў я пару дзясяткаў чалавек, а між імі – пана Леона. Ніколі, пэўна, не забыць мне тых маладых, у большасці, твараў, якія высоўваліся з-за акаваных бочак або ледзь заўважныя былі ў цемры.

Мушу прызнаць, гасцінны Махальскі ўжо на прыступках прывітаў нас вялізным келіхам віна (і досыць добрага), а мяне яшчэ ўзяў пад сваю асаблівую апеку, дык адразу зашумела мне ў галаве, і праз некалькі хвілін быў я моцна захмялелы. Таму сеў я здаля ад бяседнікаў у глыбокай нішы і ў нейкім паўсне назіраў за імі.

Што там рабілася, я добра не ведаю, бо самыя дзікія фантазіі віравалі ў маёй галаве. Мроілася мне, што пан Леон зноў прамаўляе пра сілу веры, пра ўпадак духу і пра неабходнасць ахвярнасці, а яго гучна падтрымліваюць прысутныя. Згодны хор, аднак, пацішэў, калі пан Леон пачаў пераконваць, што час, нарэшце, выпрабаваць гатоўнасць да дзеяння. Я мусіў быць надта нецвярозым, бо мне падалося, што пан Леон прапануе, каб нехта з прысутных скочыў з Новага З’язду173 на брук вуліцы, якая праходзіла пад ім. Тут усе, як адзін, змоўклі, а шмат хто схаваўся за бочкі.

– Дык ніхто не наважыцца на пробу?! – крычаў пан Леон.

Маўчанне было яму адказам. Склеп нібы апусцеў.

– Дык ніхто?.. Ніхто?..

– Я, – азваўся нейкі амаль незнаёмы мне голас.

Азірнуўся – у мігатлівым святле стаяў Вакульскі.

Віно Махальскага было гэткае моцнае, што ў гэты момант прытомнасць мяне пакінула.

Перейти на страницу:

Похожие книги