Бывала, звычайна зімою, Стах збягаў на тыдзень з дому да знаёмага лесніка, паляваў там і падоўгу блукаў па лесе. Тады пані ўжо на трэці дзень імчалася ў пагоню за сваім каханым уцекачом, сноўдалася следам за ім па гушчары і, нарэшце, прывозіла дзецюка ў Варшаву.
Першыя два гады гэткага рэжыму Вакульскі маўчаў. На трэці год пачаў штовечар прыходзіць да мяне – пагутарыць пра палітыку. Часам, пачнём мы гамонку пра былое, а ён азірнецца раптам, спыніцца на паўслове і толькі паспее сказаць: “Слухай, Ігнацы…”, як у той жа момант, нібы па камандзе, улятае ў пакой служанка з крыкам:
– Пані просіць!.. Пані занядужала!..
І ён, бядак, махне рукою ды ідзе да еймосці, не дагаворваючы таго, што хацеў сказаць.
Праз тры гады гэткага жыцця, зрэшты, беззаганнага, убачыў я, што сталёвы гэты чалавек пачынае гнуцца ў аксамітных абдымках еймосці. Ён зблажэў, згорбіўся, закінуў свае навуковыя кніжкі, а чытаць пачаў газеты ды кожную вольную хвіліну праводзіў у размовах са мною пра палітыку. Здаралася, што ён пакідаў краму раней за восьмую і разам з еймосцю ішоў у тэатр або з візітам. Нарэшце, пачалі яны ладзіць у сябе прыёмы па вечарах, на якія збіраліся дамы – старыя, як смяротны грэх, і паны, якія атрымлівалі ўжо пенсію ды гулялі ў віст.
Стах з імі яшчэ не гуляў, а толькі хадзіў вакол столікаў ды прыглядаўся.
– Стаху, – казаў я не раз, – сцеражыся!.. Табе сорак тры гады… У гэтым узросце Бісмарк толькі пачынаў кар’еру…
Гэтыя словы ці падобныя ім абуджалі яго на момант. Кідаўся ён тады ў фатэль і, абапёршы галаву на руку, думаў. Але бегла ўжо да яго пані Малгажата з крыкам:
– Стасічак, зноў ты задумаўся, гэта вельмі кепска… А там панове не маюць віна…
Стах падымаўся, даставаў з буфета новую бутэльку, наліваў віно ў восем кілішкаў і абыходзіў сталы, прыглядаючыся, як панове гуляюць у віст.
Гэткім чынам, паволі і паступова, леў ператвараўся ў вала. Каб убачыў я цяпер яго ў турэцкім халаце, у расшытых пацеркамі пантофлях ды ў каўпаку з ядвабным кутасом, дык і не пазнаў бы таго Вакульскага, які чатырнаццаць гадоў таму ў склепе Махальскага выгукнуў: “Я!”
Калі Каханоўскі пісаў: “На ільва жахлівага без страху сядзеш і на вялізным цмоку ездзіць будзеш”180
, дакладна ён меў на ўвазе кабету... Гэта яны асядлалі і захамуталі мужчынскі род!Тым часам на пяты год сумеснага жыцця пані Малгажата раптам пачала фарбавацца… Адразу нязначна, потым усё больш энергічна і штораз – то новымі сродкамі… Раз пачула яна пра нейкі ліквор, які дамам ва ўзросце вяртаў свежасць і прывабнасць маладосці, дык нацерлася ім аднойчы ўвечары з галавы да пят гэтак старанна, што выкліканыя на дапамогу лекары ў тую ж самую ноч ужо не маглі яе выратаваць. І сканала, гаротніца, менш, чым за двое сутак, ад заражэння крыві. Толькі і паспела, пакуль была ў прытомнасці, выклікаць натарыуса ды перапісаць увесь маёнтак на свайго Стасічка.
І пасля гэтага няшчасця Стах маўчаў, але асалавеў яшчэ больш. Маючы некалькі тысяч рублёў даходу, перастаў ён займацца гандлем, стаў цурацца знаёмых і занурыўся ў навуковыя кніжкі.
Я не раз казаў яму, каб ён выйшаў на людзі, каб бавіўся, бо яшчэ ён малады і можа другі раз ажаніцца…
Без толку…
Аднойчы (праз паўгода пасля смерці пані Малгажаты), гледзячы, як хлопец на вачах ператвараецца ў старога дзеда, я параіў яму:
– Схадзі, Стаху, у тэатр… Даюць сёння якраз “Віялету”, вы былі з нябожчыцаю апошні раз…
Ускочыў ён з канапы, дзе чытаў кніжку, і сказаў:
– Ведаеш… твая праўда…. Пагляджу, на што цяпер гэта падобна…
Пайшоў ён у тэатр і… на другі дзень не пазнаў я яго. У старцы абудзіўся мой Стах Вакульскі. Выпрастаўся ён, вочы заблішчалі, голас набраў сілы…
З тае пары стаў ён хадзіць на ўсе паказы, на ўсе канцэрты і лекцыі.
Хутка ён паехаў у Балгарыю, дзе здабыў свой вялізны капітал, а праз пару месяцаў пасля ягонага вяртання адна старая пляткарка (пані Мэлітан) намякнула мне, што Стах закаханы…
Зарагатаў я з гэткае лухты, бо хто кахае, той, прынамсі, не едзе на вайну. Але цяпер, на жаль, я пачынаю дапускаць, што баба не памылілася…
Хоць з тым адроджаным Стахам Вакульскім чалавеку няма ніякае пэўнасці. А раптам?.. О, пасмяяўся б я тады з доктара Шумана, які з палітыкі кепікі строіць!..
ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА
Палітычная сітуацыя такая няпэўная, што мяне зусім бы не здзівіла, каб выбухнула вайна дзесьці бліжэй да снежня.
Людзі звычайна думаць, што вайны трэба чакаць толькі ўвесну, відаць, яны забыліся, што пруская і французская войны пачаліся ўлетку. І я не разумею, адкуль гэтая прадузятасць супраць зімовых кампаній? Зімою стадолы поўныя, дарогі, як мур. Тым часам, увесну ў сялян нішчымніца, а дарогі, як цеста. Праедзе батарэя – і можна ў гэтым месцы купацца.
Але, з іншага боку, зімовыя ночы цягнуцца больш за дванаццаць гадзін, патрэбна цёплая вопратка і кватэры для войска, ды яшчэ тыф… Сапраўды, не раз дзякаваў я Богу, што не стварыў мяне Мольткам181
, які мусіць ламаць сабе галаву, небарака.