Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– А, так!.. – прамовіў ён, працягваючы мне руку. – Я меў прыемнасць бачыць пана ў краме… Прыгожая крама! – ён уздыхнуў. – З гэтакіх крамаў нараджаюцца камяніцы, а з… зямельнае ўласнасці – гэткія вось пакоі…

– Пан дабрадзей меў уласнасць? – запытаўся я.

– Ах!.. Але што ж… Пэўна, хоча пан даведацца пра баланс гэтае камяніцы? – адказаў адміністратар. – Вось, калі казаць коратка, маем мы два віды кватарантаў: адны ўжо паўгода не плацяць нікому, іншыя плацяць штрафы ў магістратуру або не выплачаныя падаткі за гаспадара. Вартаўнік не атрымлівае заробку, дах цячэ, цыркул185 не дае жыцця, каб вывезлі смецце, адзін кватарант пачаў супраць нас працэс за сутарэнне, а два кватаранты судзяцца між сабою, бо пасварыліся за падстрэшак… А што тычыцца, – дадаў ён збянтэжана, – што тычыцца дзевяноста рублёў, якія я вінны пану Вакульскаму…

– Няхай пан не турбуецца, – спыніў я яго. – Стах… гэта значыць, пан Вакульскі, вядома, не будзе спаганяць доўг з пана да кастрычніка, а потым з панам будзе іншая дамова.

Збяднелы колішні землеўласнік сардэчна паціснуў мне абедзве рукі.

Гэтакі адміністратар, што меў колісь уласную зямлю, здаўся мне вельмі цікаваю асобаю, але яшчэ больш цікавым здаўся мне дом, які не прыносіў ніякага прыбытку. Ад прыроды я нясмелы, саромеюся размаўляць з незнаёмымі людзьмі і не наважваюся заходзіць у чужое жытло. (Божа міласэрны, як даўно я не быў у чужым жытле…) Тым разам, аднак, нейкі д’ябал пад’юдзіў мяне ісці знаёміцца з кватарантамі гэтае дзіўнае камяніцы.

У 1849 годзе бывала і гарачэй, але ж ішоў чалавек наперад!..

– Пане, – звярнуўся я да адміністратара, – ці не зрабіў бы ласку… прадставіць мяне некаторым кватарантам?.. Стах… значыць, пан Вакульскі… прасіў мяне заняцца ягонымі справамі, пакуль ён у Парыжы.

– Парыж!.. – уздыхнуў адміністратар. – Я ведаю Парыж з 1859 года. Памятаю, як сустракалі імператара Напалеона ІІІ, калі той вяртаўся пасля італьянскае кампаніі…

– Пане! – выгукнуў я. – Пан бачыў трыумфальнае вяртанне Напалеона ў Парыж?

Ён працягнуў мне руку і адказаў:

– Я бачыў і лепшае, пане… Падчас кампаніі я быў у Італіі ды бачыў, як італьянцы прымалі французаў напярэдадні бітвы пад Маджэнтай…186

– Пад Маджэнтай?.. У 1859 годзе?.. – удакладніў я.

– Пад Маджэнтай, пане…

Зірнулі мы адзін аднаму ў вочы з тым экс-землеўласнікам, якому цяпер не хапала грошай, каб вычысціць свой сурдут ад плямаў. Зірнулі ў вочы, кажу я. Маджэнта… Год 1859… Гэх! Божа міласэрны…

– Раскажы мне, пан, – папрасіў я, – як вас прымалі італьянцы напярэдадні бітвы пад Маджэнтай?

Збяднелы экс-землеўласнік сеў у пашарпаны фатэль і пачаў апавядаць:

– У 1859 годзе, пане Жэцкі… Здаецца, маю гонар…

– Так, пане, я – Жэцкі, паручнік венгерскае пяхоты, пане…

Зноў зірнулі мы адзін аднаму ў вочы. Гэх! Божа міласэрны…

– Расказвай далей, пане шляхціц, – сказаў я, паціскаючы яму руку.

– У 1859 годзе, – працягваў экс-землеўласнік, – быў я на дзевятнаццаць гадоў маладзейшы, чым цяпер, і было ў мяне з дзесяць тысяч рублёў гадавога даходу… На тыя часы, пане Жэцкі… Што праўда, браў я не толькі працэнт, але трохі і з капіталу. А як надышло вызваленне сялян…

– Ну, – сказаў я, – сяляне таксама людзі, пане…

– Вірскі, – падказаў адміністратар.

– Пане Вірскі, – сказаў я, – сяляне…

– Мне ўсё адно, – спыніў ён мяне, – што сабою ўяўляюць сяляне. Досыць таго, што ў 1859 годзе было ў мяне з дзесяць тысяч рублёў даходу (разам з пазыкамі), і быў я ў Італіі. Цікава мне было, як выглядае край, з якога гоняць шваба… А як не меў я тады ані жонкі, ані дзяцей, і не было мне дзеля каго ашчаджаць жыццё, дык па ўласнай ахвоце ехаў з перадавым атрадам французаў. Ішлі мы пад Маджэнту, пане Жэцкі, хоць не ведалі яшчэ, куды ідзём і хто з нас заўтра ўбачыць захад сонца… Пану вядомае гэта адчуванне, калі чалавек, сам не ўпэўнены ў заўтрашнім дні, знаходзіцца ў кампаніі людзей, таксама не ўпэўненых у заўтрашнім дні?..

– Ці мне вядома?! Далей, пане Вірскі…

– Няхай мяне качкі затопчуць, – казаў збяднелы экс-землеўласнік, – але гэта былі найлепшыя моманты жыцця. Яшчэ малады, вясёлы, здаровы, няма на карку ні жонкі, ні дзяцей, п’еш ды спяваеш, і ўсё стараешся зазірнуць за нейкую цёмную заслону, за якою хаваецца наша заўтра… “Гэй! – крычыш. – Наліце мне віна, бо я не ведаю, што за тою цёмнаю заслонаю… Гэй!.. Віна!” Нават пацалункаў… пане Жэцкі, – ціха прамовіў, нахіляючыся да мяне, адміністратар.

– Дык ішлі вы з перадавым атрадам пад Маджэнту... – паўтарыў я.

– Ішлі мы з кірасірамі, – працягваў адміністратар. – Пан ведае кірасіраў, пане Жэцкі?.. На небе свеціць адно сонца, а ў швадроне кірасіраў – сто сонцаў…

– Цяжка ім даводзіцца, – заўважыў я. – Пяхота грызе іх, як сталёвыя шчыпцы – арэхі…

– Дык вось, падыходзім мы, пане Жэцкі, да нейкага італьянскага паселішча, а тамтэйшыя сяляне паведамляюць нам, што непадалёк стаіць аўстрыйскі корпус. Пасылаем мы тады іх у мястэчка з загадам, а дакладней, з просьбаю, каб жыхары, калі нас убачаць, і гуку не падавалі…

– Вядома, – сказаў я, – калі непрыяцель паблізу…

Перейти на страницу:

Похожие книги