Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– О, зноў за сваё!.. – выгукнуў малады чалавек і запхнуў рукі ў кішэні. – Колькі разоў мне яшчэ паўтараць пану, каб пан з гэтым глупствам да мяне не чапляўся, а звяртаўся да Паткевіча або да Малескага?.. Гэта ж так лёгка запомніць: Малескі плаціць за цотныя месяцы – люты, красавік, чэрвень, а Паткевіч за няцотныя – сакавік, май, ліпень…

– Але ж ніхто з паноў не плаціць! – заявіў адміністратар.

– А хто вінаваты, што пан не прыходзіць своечасова?! – яшчэ гучней крыкнуў малады чалавек і паківаў нам пальцам. – Пан ужо сто разоў чуў, што Малескаму належаць цотныя месяцы, а Паткевічу – няцотныя.

– А пану дабрадзею?..

– А мне, ласкавы пане, ніякія, – крычаў малады чалавек, ківаючы пальцам ужо ў яго перад самым носам, – бо я прынцыпова не плачу за кватэру. Каму мне плаціць?.. За што?.. Ха-ха-ха! Бач ты!

Ён забегаў па пакоі яшчэ шпарчэй і пры гэтым рагатаў і нешта злосна бурчэў. Нарэшце, ён засвістаў і стаў глядзець у акно, з гонарам адвярнуўшыся ад нас…

Я не мог ужо стрываць.

– З дазволу пана мушу зрабіць заўвагу, – азваўся я. – Гэтак не шанаваць дамову – досыць арыгінальная з’ява… Нехта дае пану кватэру, а пан лічыць, што справядліва не плаціць яму…

– Хто дае мне кватэру?! – крыкнуў малады чалавек і сеў на падаконне, адхіляючыся назад, нібы меў намер скінуцца з чацвёртага паверха. – Я сам заняў гэту кватэру і буду ў ёй да тае пары, пакуль мяне не выганяць. Дамова!.. Разумныя якія са сваімі дамовамі… Калі грамадства хоча, каб я плаціў за кватэру, дык няхай само мне плаціць за рэпетытарства столькі, каб хапала на кватэрную плату… Разумнікі!.. За тры гадзіны ўрокаў кожны дзень я зарабляю пятнаццаць рублёў на месяц, за харчаванне бяруць з мяне дзевяць рублёў, каб памыць бялізну ды за розныя паслугі – тры… А мундзір, а плата за навуку?.. І яны яшчэ жадаюць кватэрнае платы. Выганіце мяне на вуліцу, – крычаў ён злосна, – няхай які гіцаль дасць мне даўбешкаю па галаве… На гэта вы маеце права, а на заўвагі ды вымовы – не…

– Я не разумею, чаму пан гэтак хвалюецца – сказаў я спакойна.

– Ёсць чаго хвалявацца! – адказаў малады чалавек, які ўсё мацней хістаўся на падваконні. – Грамадства, калі не забіла мяне пры нараджэнні, калі загадала мне вучыцца і здаваць дзясяткі іспытаў, узяло гэтым на сябе абавязак, што дасць мне працу, забяспечыць мой побыт… Тым часам яно або не дае мне працы, або ашуквае з платаю… Дык калі грамадства ў адносінах да мяне не выконвае дамову, чаму яно чакае, каб я выконваў? Зрэшты, няма чаго тут казаць, я прынцыпова не плачу за кватэру і баста. Да таго ж, цяперашні гаспадар не будаваў гэты дом, не абпальваў цэглу, не дабываў вапну, не вярэдзіў сабе карак. Прыйшоў з грашыма, можа, крадзенымі, заплаціў іншаму, які, можа, таксама некага абакраў, і на гэтай падставе хоча зрабіць мяне сваім нявольнікам. Здзек са здаровага розуму!

– Пан Вакульскі, – заявіў я, прыўстаючы з крэсла, – не абакраў нікога… Ён зарабіў свой капітал працаю і ашчаднасцю…

– Лухта, пане! – не даў мне скончыць малады чалавек. – Мой бацька быў добрым лекарам, працаваў дзень і ноч, меў нібы добрыя заробкі і ашчаджаў… ажно трыста рублёў у год! Дык калі ваша камяніца каштуе дзевяноста тысяч рублёў, купіць яе са сваіх заробкаў мой бацька змог бы, каб жыў і выпісваў рэцэпты трыста гадоў… Ніколі не паверу, што гэты новы гаспадар працаваў трыста гадоў…

У галаве мне ўжо шумела ад яго высноваў, а малады чалавек працягваў:

– Можаце нас выгнаць, чаму не!.. Тады пераканаецеся, што вы страцілі. Усе прачкі, усе кухаркі з гэтае камяніцы будуць не ў гуморы, а пані Кшэшоўская ўжо без перашкодаў будзе сачыць за суседзямі: палічыць кожнага госця, які прыходзіць з візітам, і кожнае каліва крупаў, якое паклалі ў гаршчок… Добра! Выганіце нас!.. Тады панна Леакадыя няспынна будзе распяваць свае гамы ды рулады: з ранку – сапрана, а пасля абеду – кантральта… І да д’ябла пойдзе дом, у якім адны мы сяк-так падтрымліваем парадак!

Мы падняліся, каб сыходзіць.

– Дык пан дакладна не заплаціць за кватэру? – спытаў я.

– І не падумаю.

– Можа, хоць з кастрычніка пачне пан плаціць?

– Не, пане. Нядоўга засталося мне жыць, дык я прагну датрымаць хоць адзін прынцып: калі грамадства хоча, каб адзінкі шанавалі дамову, няхай само выконвае дамову адносна іх. Калі я мушу некаму плаціць за кватэру, дык няхай іншыя плацяць мне за ўрокі, каб мне ставала на кватэрную плату. Разумее пан?..

– Не ўсё, пане, – адказаў я.

– Нічога дзіўнага, – сказаў малады чалавек. – Пад старасць бывае разрэджванне мазгоў, і яны ўжо не здольныя ўспрымаць новыя ідэі…

Мы з адміністратарм абмяняліся з ім паклонамі і вышлі. Малады чалавек замкнуў за намі дзверы, але праз момант выскачыў на лесвіцу з крыкам:

– І няхай каморнік вядзе з сабою двух гарадавых, бо мяне давядзецца з памяшкання выносіць…

– Хіба так, пане! – адказаў я з ветлівым паклонам, у глыбіні душы, аднак, адчуваючы, што не варта выганяць гэткага арыгінала.

Калі незвычайны дзяцюк вярнуўся, нарэшце, у пакой і замкнуў дзверы на ключ, паказваючы гэтым, што лічыць размову з намі скончанай, я спыніўся сярод лесвіцы і звярнуўся да адміністратара:

Перейти на страницу:

Похожие книги