Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Аўстрыякі, а хутчэй, венгры ўлезлі ўжо ў Боснію і Герцагавіну, дзе іх вельмі негасцінна прымаюць. Знайшоўся нават нейкі Хаджы Лоя182, падобна, слынны партызан, які ім дужа назаляе. Шкада мне венгерскае пяхоты, але цяперашнія венгры нікуды не вартыя. Калі іх у 49-м годзе душыў чорна-жоўты183, яны крычалі: кожны народ мае права бараніць сваю вольнасць!.. А цяпер што?.. Самі лезуць у Боснію, куды іх ніхто не клікаў, а баснійцаў, якія бароняцца, называюць злодзеямі ды разбойнікамі.

Далібог, я ўсё менш разумею палітыку! І хто ведае, можа, Стах Вакульскі мае рацыю, што перастаў ёю займацца (калі перастаў).

Але што я тут разважаю пра палітыку, калі ў маім уласным жыцці адбыліся вялікія перамены. Хто б паверыў, што ўжо тыдзень як перастаў я займацца крамаю, часова, вядома, бо іначай ашалеў бы з нуды.

Справа такая. Піша мне Стах з Парыжа (прасіў ён мяне пра гэта і перад ад’ездам), каб заняўся я камяніцаю Ленцкіх, якую ён купіў. “Не мела баба клопату!..”, – думаю я сабе, але што тут зробіш?.. Здаў я краму Лісецкаму і Шлянгбаўму, а сам – ходу ў Алеі Ерусалімскія на выведку.

Спачатку, праўда, пытаюся ў Клейна, які жыве ў стахавай камяніцы, што там робіцца. Замест адказу той схапіўся за галаву.

– Ёсць там які адміністратар?

– Ёсць, – кажа Клейн і крывіцца. – Жыве на чацвёртым паверсе.

– Досыць!.. – кажу я, – досыць, пане Клейн…

(Бо мне не падабаецца слухаць чужыя меркаванні раней, чым я не ўбачу ўсё на ўласныя вочы. Зрэшты, Клейн – хлопец малады, ён лёгка мог бы заганарыцца, каб падумаў, што старэйшыя выпытваюць у яго нейкую інфармацыю.)

Гэх! Няма рады... Дык аддаю адпрасаваць мой капялюш, плачу два злотыя, кладу на ўсялякі выпадак у кішэню пісталет і маршырую кудысьці аж за касцёл Аляксандра184.

Гляджу: дом жоўты на чатыры паверхі, нумар той… Авой! Нават ужо і таблічка з прозвішчам Станіслава Вакульскага… (Не іначай, загадаў прыбіць яе стары Шлянгбаўм.)

Заходжу я на падворак… вох! нядобра… Смярдзіць, шэльма, як аптэка. Гара смецця аж да другога паверху, а па рынштоку плыве мыльная пена. Агледзеўся я, на дзядзінцы – “Парыжская пральня” з дзявухамі, як двухгорбыя вярблюды. Гэта мяне падбадзёрыла.

Дык я крычу: “Вартаўнік!..” Пару хвілін нікога не відаць, нарэшце, паказваецца тоўстая баба, гэткая замурзаная, што аж дзіўна, як столькі бруду можа знаходзіцца побач з пральняю, да таго ж – парыжскаю.

– Дзе вартаўнік? – пытаюся я, дакранаючыся рукою да капелюша.

– А навошта?.. – буркнула баба.

– Я прыйшоў ад імя гаспадара дома.

– Вартаўнік сядзіць у арышце, – кажа баба.

– За што ж гэта?

– Ого, які пан цікаўны!.. – закрычала яна. – За тое, што яму гаспадар заробак не плаціць.

Добры пачатак!

Ясная рэч, няма вартаўніка, дык пайшоў я да адміністратара на чацвёрты паверх. Ужо на другім паверсе чую дзіцячы крык, плескачы і кабечую лаянку:

– Галганы!.. Лайдакі!.. А вось табе!.. А вось!..

Дзверы адчыненыя, у дзвярах нейкая еймосць у белай некалі хатняй кофтачцы лупцуе траіх дзяцей дзягаю.

– Перапрашаю, – кажу, – я не перашкодзіў?..

Дзеці, як убачылі мяне, пабеглі ў пакоі, а еймосць у каптаніку, хаваючы за спіну рэмень, збянтэжана запыталася:

– Ці не пан гаспадар гэта?..

– Не гаспадар, але… я прыйшоў ад яго імя да шаноўнага мужа пані… Я – Жэцкі…

Еймосць хвіліну разглядала мяне з недаверам, нарэшце, сказала:

– Віцек, бяжы на склад па бацьку… А пан, калі ласка, у салон…

Паміж мною і дзвярыма праскочыў малы абадранец, дабег да сходаў і па парэнчы кінуўся з’язджаць у дол. А я, збянтэжаны, увайшоў у салон, галоўнаю аздобаю якога была канапа з падранаю пасярэдзіне абіўкаю.

– Вось якая доля ў адміністратара, – азвалася пані, запрашаючы мяне сесці на крыху лепшае крэсла. – Мой муж служыць нібы ў багатых паноў, а каб не хадзіў ён на вугальны склад і не перапісваў у адвакатаў, дык не было б нам чаго есці. Вось наша кватэра, няхай пан паглядзіць. За тры катухі плацім сто восемдзясят рублёў у год…

Раптам з кухні пачулася нейкае трывожнае шыпенне. Еймосць у кофтачцы пабегла туды, а на хаду ціха загадала:

– Казю! Ідзі ў салон і сачы за тым панам…

Сапраўды, увайшла ў пакой вельмі худзенькая дзяўчынка ў карычневай сукенцы і брудных панчошках. Яна села на крэсла каля дзвярэй і пазірала на мяне недаверліва і смутна. “Вось дажыўся, – падумаў я, – на старасці гадоў лічаць мяне злодзеем…”

Сядзелі мы хвілін з пяць, моўчкі, прыглядаючыся адно да аднаго, як раптам – крык і грукат на сходах, і адразу ўбег той малы абадранец, якога звалі Віцекам, і на якога нехта злосна крычаў:

– Ах ты шэльма!.. Я ж табе дам…

Я здагадаўся, што ў гэтага Віцека, падобна, жвавы тэмперамент, а той, хто на яго сварыцца, відаць, ягоны бацька. І праўда, з’явіўся сам пан адміністратар у заплямленым сурдуце і пашарпаных знізу штанах. Была ў яго густое сівое шчацінне на твары і стомленыя вочы.

Ён увайшоў, ветліва пакланіўся і спытаў:

– Дык я маю гонар бачыць пана Вакульскага?

– Не, пане, я толькі калега і ўпаўнаважаны пана Вакульскага.

Перейти на страницу:

Похожие книги