– Праз паўгадзіны, – працягваў адміністратар, – былі мы ўжо ў мястэчку. Вуліца вузкая, народу скрозь – процьма, ледзь праціснуцца, а ў вокнах і на балконах – кабеты… Якія кабеты, пане Жэцкі!.. У кожнай у руках – букет руж. Тыя, што стаяць на вуліцы, ані гуку… бо аўстрыякі блізка… А тыя, што на балконах, скубуць, пане, свае букеты і спацелых, запыленых кірасіраў засыпаюць пялёсткамі руж, як снегам… Ах, пане Жэцкі, каб ты бачыў той снег – чырвоны, ружовы, белы – і тыя рукі, і тых італьянак… Палкоўнік раз-пораз дакранаецца да вуснаў ды пасыле паветраныя пацалункі направа і налева. А тым часам снег з ружовых пялёсткаў засыпае залатыя кірасы, шлемы і коней… А тут яшчэ нейкі стары італьянец з крывым кійком і сівымі валасамі да каўняра заступіў дарогу палкоўніку. Схапіў ён за шыю ягонага каня, пацалаваў і паспеў толькі крыкнуць: “Eviva Italia!”187
, як нежывы ўпаў на месцы… Былі мы напярэдадні бітвы пад Маджэнтай!Расказваў экс-землеўласнік, і слёзы капалі яму на заплямлены сурдут.
– А каб на мяне д’ябал, пане Вірскі, – узрушыўся я, – калі Стах не аддасць пану задарма гэтае памяшканне.
– Сто восемдзясят рублёў плачу! – зашморгаў носам адміністратар.
Выцерлі мы вочы.
– Пане, – кажу я, – Маджэнта Маджэнтай, а справа справаю. Можа, прадставіш мяне, пан, некаму з кватарантаў.
– Хадзем, пан, – адказаў адміністратар, падымаючыся з абшарпанага фатэля. – Хадзем жа, пан, пакажу я табе самых арыгінальных…
Ён падхапіўся, падбег да дзвярэй, здаецца мне, на кухню ды гукнуў у сярэдзіну:
– Маня! Я выходжу… А з табою, Віцек, разлічымся ўвечары.
– Я не гаспадар, каб татка са мной разлічваўся, – адказаў яму дзіцячы голас.
– Даруй яму, пан, – ціха звярнуўся я да адміністратара.
– Акурат!.. – адказаў той. – Ён не засне, пакуль не атрымае лупцоўкі. Добры хлопец, спрытны хлопец, але шэльма!..
Мы выйшлі з кватэры і спыніліся перад дзвярыма пры лесвіцы. Адміністратар асцярожна пастукаўся, а ў мяне кроў з галавы адплыла ў сэрца, а з сэрца – у ногі. Можа, нават паплыла б яна з ног у чаравікі, а там – аж да брамы па сходах, каб не адказалі з сярэдзіны:
– Калі ласка!..
Уваходзім.
Тры ложкі. На адным з кніжкаю ў руках і задранымі на спінку нагамі ляжыць нейкі даўно няголены малады чалавек у студэнцкім мундзіры, а пасцелі на двух іншых ложках выглядаюць так, нібы праз той пакой праляцеў ураган і перавярнуў ўсё дагары нагамі. Бачу: стаіць там яшчэ куфар ды пустая валіза і ляжыць шмат кніжак – на паліцах, на куфры ды на падлозе. Апроч таго, некалькі плеценых крэслаў і просты непаліраваны стол, на якім я, прыгледзеўшыся, заўважыў намаляваную шахматную дошку, а побач – параскіданыя шахматы.
І тут ледзь я не самлеў, бо каля шахмат угледзеў два чарапы: адзін – з тытунём, а другі… з цукрам!..
– Што трэба? – запытаўся даўно няголены малады чалавек, не падымаючыся з ложка.
– Пан Жэцкі, упаўнаважаны гаспадара… – прадставіў мяне адміністратар.
Малады чалавек абапёрся на локаць, зіркнуў на мяне і сказаў:
– Гаспадара?.. Зараз я тут гаспадар і нешта не памятаю, каб прызначаў гэтага пана ўпаўнаважаным…
Адказ яго быў гэткі надзіва просты, што мы з Вірскім аслупянелі. Малады чалавек тым часам цяжка падняўся з ложка і няспешна пачаў зашпільваць штаны і камізэльку. Нягледзячы на ўсю засяроджанасць, з якою ён гэта рабіў, я ўпэўнены, што, прынамсі, палова гузікаў засталася не зашпіленая.
– Ааа! – пазяхнуў ён і прапанаваў: – Няхай панове сядаюць, – тут ён і зрабіў рукою такі жэст, што было не зразумела, дзе ён загадвае нам размясціцца – на валізе ці на падлозе.
– Спёка, пане Вірскі, праўда?.. – спытаў ён і зноў пазяхнуў.
– Якраз сусед насупраць скардзіцца на паноў дабрадзеяў, – усміхнуўся адміністратар.
– За што ж?
– Што паны ходзяць голыя па пакоі…
Малады чалавек абурыўся:
– Ашалеў стары ці што?.. Можа, ён хоча, каб мы футры апранулі ў такую гарачыню?.. Нахабства, слова гонару!..
– Ну, – працягваў адміністратар, – панове не павінны забывацца, што ў яго дарослая дачка.
– А мне што?.. Я не бацька ёй. Стары блазан, слова гонару! Яшчэ і маніць, бо мы голыя не ходзім.
– Я сам бачыў… – заўважыў адміністратар.
– Слова даю, падман! – закрычаў малады чалавек і стаў чырвоны ад злосці. – Малескі, праўда, ходзіць без кашулі, але ў майтках, а Паткевіч ходзіць без майткоў, затое ў кашулі. Дык панна Леакадыя можа бачыць цэлы гарнітур…
– Так. І вымушаная завешваць усе вокны, – адказаў адміністратар.
– Гэта стары закрывае вокны, а не яна, – адказаў студэнт і махнуў рукою. – Яна падглядвае ў шчыліны паміж фіранкамі на акне. Зрэшты, прашу прабачэння, але раз панне Леакадыі можна гарлаць на ўвесь двор, дык і Малескі з Паткевічам маюць права хадзіць па сваім пакоі, як ім хочацца.
Кажучы гэта, малады чалавек перамерваў пакой вялікімі крокамі. І кожны раз, як ён паварочваўся да нас спінаю, адміністратар падміргваў мне і рабіў безнадзейныя міны, а калі запанавала маўчанне, ён азваўся:
– Панове дабрадзеі павінны нам за чатыры месяцы…