Пасля тае бяседы ў склепе некалькі дзён Стах не паказваўся дома. Нарэшце, прыйшоў – у чужым адзенні, зблажэлы, але з высока задзёртаю галавою. Тады першы раз пачуў я ў ягоным голасе тую цвёрдасць, якая да сённяшняга дня робіць на мяне прыкрае ўражанне.
З гэтага часу зусім змянілася яго жыццё174
. Свой паветраны балон з ветраком закінуў ён у кут, дзе зацягнула яго павуцінне, бутлі для вытворчасці газу аддаў вартаўніку пад ваду, у кніжкі нават не зазіраў. Так і ляжалі тыя скарбніцы чалавечае мудрасці: адны – на паліцы, другія – на стале, адны – закрытыя, іншыя – разгорнутыя, а ён тым часам…Бывала, па некалькі дзён не стыкаўся ён дома, нават начаваць не прыходзіў, а потым з’явіцца ўвечары і проста ў адзёжы кінецца на ложак, які нават не рассцілае. Часам замест яго прыходзілі нейкія незнаёмыя мне паны, якія начавалі на канапе, на ложку Стаха, нават – на маім уласным, не толькі не падзякаваўшы мне, але нават не кажучы, як іх клічуць і дзе яны працуюць. Здаралася, што завітваў і сам Стах ды сядзеў у пакоі па некалькі дзён без ніякага занятку, сярдзіты, насцярожаны, як каханак, што прыйшоў на спатканне да маладзіцы, але баіцца сустрэчы з яе мужам.
Не думаю, каб Малгося Мінцлёва магла быць тою маладзіцаю, хоць і яна мела выгляд, нібы яе гусак ушчыкнуў.
З раніцы аббягала кабета не менш за тры касцёлы, несумненна, з намерам з усіх бакоў назаляць міласэрнаму Богу. Адразу па абедзе збіраліся ў яе на нейкую сходку дамы, якія ў чаканні важных падзеяў пакідалі мужоў і дзяцей, каб заняць час плёткамі. Пад вечар сыходзіліся панове, але тыя без лішніх слоў адразу выпраўлялі пані Малгажату на кухню.
Нічога дзіўнага, што пры такім бязладдзі дома і ў мяне пачалі думкі ў галаве мяшацца. Здавалася мне, што ў Варшаве стала неяк цясней, што ўсе кругом здурнелі. З гадзіны на гадзіну чакаў я нечага неакрэсленага, неспадзяванага, але ва ўсіх нас быў выдатны настрой і ў галовах вірылася безліч планаў.
Тым часам Ясь Мінцаль, якому жонка жыцця не давала, з самага ранку сыходзіў з дому на піва, а вяртаўся ўжо ўвечары. Нават прымаўку сабе знайшоў: “Чаго ўжо там! Адзін раз казе смерць…”, якую паўтараў да канца жыцця.
Нарэшце, пэўнага дня Стах Вакульскі зусім знік з вачэй. Толькі праз два гады напісаў ён мне з Іркуцка175
, а ў лісце прасіў даслаць ягоныя кніжкі.Увосень 1870 года (якраз вярнуўся я ад Яся Мінцля, бо той ужо злёг), сяджу ў сваім пакойчыку пасля вячэрняе гарбаты, як раптам стукаецца нехта ў дзверы.
– Herrein!176
– кажу я.Дзверы рып… гляджу, стаіць на парозе нейкая барадатая шэльма ў маржовым футры поўсцю наверх.
– Ну, – кажу я, – каб мяне д’яблы забралі, калі ты не Вакульскі…
– Ён, – адказвае ягамосць у маржовым футры.
– У імя Айца і Сына!.. – кажу я. – Жарцікі строіш ці дарогу пытаешся?.. Адкуль ты ўзяўся? Хіба, душа памерлага…
– Я жывы, – кажа ён, – нават есці хачу.
Зняў шапку, зняў футра, сеў пры свечцы. Праўда, Вакульскі. Барада, як у разбойніка, пыса, як у Лангіна таго, што Хрысту бок прапароў, але – праўда, Вакульскі…
– Вярнуўся, – пытаюся я, – ці толькі так прыехаў?
– Вярнуўся.
– Як той край?
– Нічога.
– Уга!.. А людзі? – пытаюся.
– Нішто сабе.
– Уга!.. А з чаго ж ты жыў?
– З урокаў, – кажа ён. – Нават рублёў шэсцьсот з сабою прывёз.
– Авой!.. А чым думаеш заняцца?
– Ну, да Гопфера ўжо я не вярнуся, – адказаў ён ды грукнуў кулаком па стале. – Але ж ты не ведаеш, што я цяпер вучоны. У мяне нават падзякі з розных пецярбургскіх навуковых таварыстваў ёсць…
“Крамнік Гопфера стаў вучоным!.. Стах Вакульскі мае падзякі з пецярбургскіх навуковых таварыстваў!.. Вось дык штука…” – падумаў я.
Што тут казаць. Атабарыўся хлапец недзе ў Старым Горадзе і паўгода жыў на свае грошы, купляючы шмат кніжак і мала харчу. Калі патраціў усё, што меў, пачаў ён шукаць працу, і тады здарылася дзіўная рэч: купцы не бралі яго, бо ён быў вучоны, і вучоныя таксама не бралі як былога крамніка. Завіс ён, нібы Твардоўскі177
, паміж небам і зямлёю. Можа, разбіў бы ён сабе галаву дзесьці пад Новым З’яздам, каб час ад часу я не дапамагаў яму, чым мог.Страшна ўспомніць, якое цяжкае было ў яго жыццё. Змарнеў, спахмурнеў, здзічэў… Але не наракаў. Раз толькі, калі яму сказалі, што такім, як ён, няма тут месца, ён ціха прамовіў:
– Ашукалі мяне…
Тым часам памёр Ясь Мінцаль. Удава пахавала яго па-хрысціянску, тыдзень не выходзіла са сваіх пакояў, а праз тыдзень паклікала мяне на нараду.
Я думаў, мы з ёю пагаворым пра тое, што далей рабіць з крамаю, бо заўважыў бутэльку добрага венгерскага на стале, але пані Малгажата пра справы нават не заікнулася. Яна заплакала, як мяне ўбачыла, нібы я нагадаў ёй тыдзень таму пахаванага нябожчыка, наліла мне ладны келіх віна і пачала, хліпаючы:
– Калі згас мой анёл, я думала, што толькі адна я такая няшчасная…
– Які анёл, – не вытрымаў я. – Можа, Ясь Мінцаль?.. З дазволу пані, але, хоць і быў я шчырым прыяцелем нябожчыка, не збіраюся называць анёлам асобу, якая нават пасля смерці важыла больш за дзвесце фунтаў…
– Пры жыцці ён важыў пад трыста… чуў пан? – заўважыла несуцешная ўдава.
Потым яна зноў закрыла твар хусткаю і заенчыла: