Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Прарочы выпадак!.. Бо і да сённяшняга дня Стах няспынна выбіраецца наверх. І Бог ведае, што б мог зрабіць дзеля краю гэтакі чалавек, каб на кожным кроку не забіралі ў яго драбіну, каб не мусіў ён губляць сілы і час на адно толькі здабыванне новых пазіцый.

Калі ён перабраўся да мяне, працаваў дзень і ноч, аж зло мяне брала. Уставаў ён раней за шостую і чытаў, а дзясятай бег на лекцыі, потым зноў чытаў. Пасля чацвёртай было ў яго рэпетытарства ў некалькіх сям’ях (пераважна жыдоўскіх, з якімі звёў Шуман), калі ж вяртаўся дадому – зноў чытаў і чытаў, пакуль сон не зморыць ды не ляжа ён, нарэшце, спаць позна ўночы.

Меў бы ён з тых урокаў някепскі даход, каб раз-пораз не наведваўся да яго бацька, усіх зменаў у якога было толькі, што сурдут ён насіў ужо не светла-карычневы, а табачнага колеру, і паперы свае закручваў у блакітную хустку. А ў астатнім застаўся такі самы, як і тады, калі я першы раз яго ўбачыў. Ён сядаў да стала сына, клаў на калені паперы ды ціха і манатонна пачынаў:

– Кніжкі… усё кніжкі!.. Ты траціш грошы на навуку, а мне не стае на працэс. Нават як і два ўніверсітэты скончыш, не выграбешся з цяперашняе прыніжанасці, пакуль не вернем дзедавых маёнткаў. Тады людзі прызнаюць, што ты шляхціц, роўны іншым… Тады знойдзецца і радня…

Час, вольны ад навукі, Стах прысвячаў доследам з паветранымі балонамі. Ён узяў вялікі буталь, з дапамогаю купарвасу вытварыў там нейкі газ (ужо і не памятаю які) ды напоўніў ім балон, праўда, невялікі, але зроблены па-майстэрску. Была пад ім машынка з ветраком… Ну і лятаў ён пад столлю, пакуль не разбіваўся аб сцяну.

Тады Стах зноў штукаваў свой балон, рамантаваў машынку, напаўняў буталь розным паскудствам і зноў спрабаваў. І гэтак без канца. Раз буталь трэснуў, а купарвас ледзь не выпаліў яму вока. А яму хоць бы дзічкі! З дапамогаю, хіба, балона хацеў ён цяпер “вылезці” са свайго марнага становішча.

З таго часу, як Вакульскі пасяліўся ў мяне, з’явілася ў нашай краме новая пакупніца – Кася Гопфер. Не ведаю, што ёй так у нас прыпала да густу – маё шчацінне ці туша Яна Мінцля. Бо ў дзяўчыны было не менш за дваццаць крамак з рознаю драбязою паблізу дому, але хадзіла яна ў нашу. Некалькі разоў на тыдзень.

“А то воўны, а то ядвабу, а то іголак за дзевяць грошай…” Па такі справунак бегла яна вярсту дарогі і ў пагоду, і ў непагадзь ды, купляючы на грош шпілек, прастойвала ў краме па паўгадзіны, размаўляючы са мною.

– Чаму ж пан ніколі не прыходзіць да нас з… панам Станіславам? – пыталася яна і чырванела. – Бацька гэтак паноў любіць і… мы ўсе…

Спачатку я дзівіўся гэтай неспадзяванай любові старога Гопфера і даводзіў панне Касі, што не ў такім добрым мы знаёмстве з яе бацькам, каб рабіць яму візіты. А яна ўсё сваё:

– Пан Станіслаў, хіба, гневацца на нас, хоць і не ведаю за што, бо татка і… мы ўсе вельмі сумуем па ім. Пан Станіслаў, хіба, не можа скардзіцца, каб зазнаў з нашага боку нейкую прыкрасць… Пан Станіслаў…

І гэтак бясконца згадваючы пана Станіслава, купляла яна ядваб замест пражы або іголкі замест нажніц.

А горш за ўсё, што з дня на дзень бедачына марнела. Калі заходзіла яна да нас па свае дробныя пакупкі, здавалася мне, што выгляд у яе нішто сабе, але як знікаў румянец хвіліннае ўзрушанасці, бачыў я, які бяскроўны ў яе твар, а вочы сумныя ды западаюць усё глыбей і глыбей.

А як яна выпытвала: “Ці пан Станіслаў ніколі не заходзіць сюды, у краму?..” Як узіралася ў дзверы, дзе за некалькі крокаў Вакульскі, засяроджаны ў сваіх фантазіях ды кніжках, нават не здагадваўся, што яна гэтак тужыць па ім.

Шкада мне зрабілася гаротніцу, дык аднойчы ўвечары, калі мы з Вакульскім пілі гарбату, я сказаў:

– Не будзь жа ты гэтакім дурнем, зайдзі калі да Гопфера. У старога шмат грошай.

– Чаго мне хадзіць да яго? – адказаў ён. – Быў ужо, хопіць…

Аж скаланула яго.

– Таму схадзі, што Кася ў цябе закаханая, – сказаў я.

– Не чапіся ты да мяне з Касяю!.. – абарваў ён мяне. – Дзяўчына яна добрая, не раз крадком прышывала мне адарваны гузік да паліто або пакідала кветку на вакне, але яна не для мяне, а я не для яе.

– Галубка, а не дзіця, – уздыхнуў я.

– У тым і бяда, бо я не галубок. Мяне магла б прывабіць толькі такая кабета, як я сам. А такой я не спаткаў яшчэ.

(Спаткаў ён такую праз шаснаццаць гадоў і, далібог, няма чым цешыцца.)

Кася ўсё радзей і радзей заходзіла ў нашу краму, а замест яе прыйшоў раз з візітам да панства Мінцляў стары Гопфер. Відаць, сказаў ён ім нешта пра Стаха, бо ўжо на другі дзень збегла ўніз пані Малгажата Мінцаль ды кінулася да мяне з прэтэнзіямі:

– Што гэта за кватарант у пана Ігнацыя, за якім панны шалеюць?.. Што гэта за Вакульскі?.. Ясю, – звярнулася яна да мужа, – чаму гэты пан да нас не заходзіў? Мы павінны яго сасватаць, Ясю… Няхай ён прыйдзе наверх…

– Няхай сабе і наверх ідзе, – адказаў Ян Мінцаль, – але ўжо сватаць яго я не буду. Я пачцівы купец і займацца зводніцтвам не збіраюся.

Пані Малгажата пацалавала яго ў мокры ад поту твар, нібы гэта быў яшчэ мядовы месяц, а ён лагодна адсунуў яе і абцёрся хусткаю.

Перейти на страницу:

Похожие книги