– Што ж ты там рабіў?
– Трохі дапамагаў старому, а так – сядзеў. Няма дурных бадзяцца па горадзе, калі ёсць такі склеп.
Вось праўдзівы
Слова за слова, прасядзелі мы да гадзіны ночы. Махальскі пераначаваў у мяне і а шостай рана зноў паімчаў да Лесіша.
– Што ты будзеш рабіць пасля абеду? – пытаюся я ў яго.
– Пасля абеду зайду да Фукера166
, а на ноч вярнуся да цябе, – адказаў ён.Быў ён з тыдзень у Варшаве. Начаваў у мяне, а дняваў у склепах.
– Павесіўся б, – кажа ён, – каб цэлы тыдзень давялося мне швэндацца па вуліцах. Штурханіна, спёка, пыл!.. Сабачае жыццё. Нялюдскае.
Здаецца мне, ён перабольшвае. Бо хоць і мне лепш у краме, чым на Кракаўскім прадмесці, аднак крама – гэта не склеп. Дзіваком стаў хлапец на гэтым сваім
Вядома, пра што ж нам было размаўляць з Махальскім, як не пра даўніну ды не пра Стаха? І гэткім чынам паўстала ў мяне перад вачыма гісторыя яго маладосці, нібы здарылася гэта ўчора.
Памятаю (быў гэта год 1857, можа, 58), зайшоў я раз да Гопфера, у якога працаваў Махальскі.
– А дзе пан Ян? – пытаюся я ў слугі.
– У склепе.
Спускаюся я ў склеп. Бачу, гарыць лоевая свечка, мой пан Ян злівае леварам167
віно з бочкі ў бутэлькі, а ў нішы відны нейкія дзве постаці: сівы стары ў светлым сурдуце са стосам папер на каленях і малады хлапец з коратка стрыжанымі валасамі ды разбойніцкаю фізіяноміяй. Гэта быў Стах Вакульскі і яго бацька.Я ціха сеў (бо Махальскі не любіў, каб яму перашкаджалі пры зліванні віна), а сівы чалавек у светлым сурдуце манатонна даводзіў гэтаму дзецюку:
– Навошта ты марнуеш грошы на кніжкі?.. Мне давай, бо як давядзецца спыніць працэс – пішы прапала. Не кніжкі цябе выцягнуць з таго прыніжэння, у якое ты трапіў, а толькі працэс. Калі я выйграю і вернем мы дзедаў маёнтак, тады ўсе ўспомняць, што Вакульскія – старая шляхта і нават знойдзецца радня… У мінулым месяцы ты дваццаць злотых усадзіў на кніжкі, а мне акурат столькі не хапіла на адваката… Кніжкі! Адны кніжкі… Нават, каб стаў разумны, як Саламон, пакуль будзеш у краме, заўсёды будуць табою пагарджаць, хоць ты і шляхціц, а твой дзед па матцы быў кашталянам168
. А калі я выйграю працэс, калі перабяромся мы ў вёску…– Пойдзем адсюль, бацька, – буркнуў хлапец, зіркаючы на мяне з-пад ілба.
Стары, паслухмяны, як дзіця, завязаў свае паперы ў чырвоную хустку і пайшоў за сынам, які мусіў падтрымліваць яго на сходах.
– Што гэта за арыгіналы? – пытаюся я ў Махальскага, які скончыў ужо работу і прысеў на ўслончык.
– А! – махнуў ён рукою. – Старому клёпак у галаве не стае, а хлапец здатны. Завецца Станіслаў Вакульскі. Спрытны, шэльма.
– Зрабіў нешта? – пытаю я.
Махальскі зняў пальцамі нагар са свечкі, каб ясней гарэла, наліў мне кілішак віна і пачаў апавядаць:
– Ён тут у нас ужо чатыры гады. Да крамы або да склепа не надта… Але механік!.. Зрабіў гэткую машыну, што пампуе ваду з долу ўгару, а з гары лье на кола, якое якраз і рухае помпу. Гэткая машына можа круціцца і пампаваць да канца свету, але нешта ў ёй наперакос пайшло, дык рухалася яна толькі чвэрць гадзіны. Стаяла там, наверсе, у сталовым пакоі, і заваблівала гасцей да Гопфера, але ўжо з паўгода нешта ў ёй зламалася.
– Які хвацкі!.. – кажу я.
– Ну, яшчэ не аж такі, – адказаў Махальскі. – Быў тут адзін прафесар з рэальнага вучылішча, агледзеў ён помпу і сказаў, што яна нікуды не вартая, але хлопец здольны і мусіць вучыцца. З таго часу маем мы судны дзень у краме. Вакульскі заганарыўся, з гасцямі няветлівы, толькі і глядзіць, каб пакімарыць удзень, бо ўночы вучыцца і пачаў кніжкі купляць. А бацьку яго хочацца тыя грошы выкарыстаць на судовы працэс. Судзіцца ён за нейкі там дзедаў маёнтак… Ты ж чуў.
– А што ён думае пра навуку? – пытаю я.
– Кажа, што паедзе ў Кіеў ва ўніверсітэт. Во як! Хай едзе, – правіў Махальскі, – можа, хоць адзін крамнік у людзі выб’ецца. Я яму не перашкаджаю. Калі ён у склепе, дык не завальваю работай, хай хлопец пачытае. Але наверсе назаляюць яму крамнікі і госці.
– А што Гопфер?
– Нічога, – працягваў Махальскі, устаўляючы новую лоевую свечку ў жалезны ліхтар з ручкаю. – Гопфер баіцца адпудзіць Вакульскага, бо Кася Гопферава горнецца трохі да яго. Можа, хлопец і верне калі дзедаў маёнтак.
– І ён горнецца да Касі? – запытаўся я.
– Нават не зірне ў той бок, дзікая шэльма! – адказаў Махальскі.
Мне тады адразу падумалася, што хлопец з гэткаю галавой, які купляе кніжкі і не дбае пра дзяўчат, мог бы стаць добрым палітыкам. Дык я ў той самы дзень пазнаёміўся са Стахам, і з тае пары адносіны ў нас не найгоршыя…
Стах быў яшчэ гады тры ў Гопфера і за гэты час завёў шмат знаёмстваў сярод студэнтаў, маладых чыноўнікаў з розных установаў, якія навыперадкі неслі яму кнігі, каб ён здаў іспыты ва ўніверсітэт.