Мы ўвайшлі ў кухню, дзе стаяла балея, поўная дзіцячае бялізны ў мыльнай пене. На вяроўцы пры коміне сушыліся дзіцячыя спаднічкі, кашулькі ды панчошкі. (Як адразу відаць, што ёсць дзіця ў доме!)
З-за прыадчыненых дзвярэй мы пачулі голас старое кабеты.
– З адміністратарам?.. Нейкі пан? – перапытвала невідочная дама. – Можа, гэта Людвічак, бо ён мне якраз сніўся…
– Няхай панове ўваходзяць, – прамовіла служанка, адчыняючы дзверы ў салон.
Сцены невялікага салоніка былі светла-шэрыя, абіўка мэблі – сіняя. Піяніна. На абодвух вокнах поўна белых і ружовых кветак, на сцяне – рэпрадукцыі, прэміі Мастацкага таварыства189
, на стале – лямпа ў форме цюльпана. Пасля салона пані Кшэшоўскае, падобнага на могілкі, з мэбляю ў цёмных чахлах, было мне тут весялей. Пакой выглядаў так, нібы тут чакалі госця. Але крэслы, якія занадта сіметрычна стаялі вакол стала, сведчылі, што госць яшчэ не прыехаў.Праз пару хвілін з супрацьлеглых дзвярэй выйшла асоба паважнага веку, убраная ў шэрую сукенку. Уразіў мяне белы колер яе валасоў і дробны твар – не надта маршчыністы, з правільнымі рысамі, якія я дзесьці бачыў.
Тым часам адміністратар зашпіліў свой заплямлены сурдут на два гузікі, пакланіўся з грацыяй прыроджанага шляхціца і сказаў:
– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара і мой сябра…
Зірнулі мы адзін аднаму ў вочы. Прызнаюся, быў я крыху здзіўлены нашым сяброўствам… Вірскі заўважыў гэта і ўсміхнуўся:
– Я кажу – сябра, бо абодва мы бачылі цікавыя рэчы, калі былі за мяжою.
– Шаноўны пан быў за мяжою? Вось як!.. – адзначыла старая.
– У 1849 годзе і крыху пазней, – растлумачыў я.
– А ці пан не сустрэўся дзесьці з Людвікам Стаўскім?
– Але ж, пані дабрадзейка, – зарагатаў Вірскі і пакланіўся. – Пан Жэцкі быў за мяжою трыццаць гадоў таму, а зяць пані толькі чатыры гады як з’ехаў…
Старая махнула рукою, нібы адганяючы муху.
– Праўда, – згадзілася яна. – Што гэта я пляту… Бо няспынна думаю пра Людвічка… Няхай жа панове маюць ласку прысесці…
Мы селі, экс-землеўласнік пры гэтым з пашанаю пакланіўся даме, а яна – яму.
Я заўважыў, што шэрая сукенка старое ў шмат якіх месцах зацыраваная, і дзіўная меланхолія агарнула мяне пры выглядзе гэтых дваіх – у заплямленым сурдуце і ў зацыраванай сукенцы, якія паводзілі сябе па-каралеўску. Над імі ўжо прайшоў плуг часу, які ўсё раўняе.
– Бо, пэўна, пан не ведае пра наша гора, – сказала старая дама, звяртаючыся да мяне. – З маім зяцем чатыры гады таму здарылася вельмі прыкрая гісторыя. Няслушным чынам… Забілі тут нейкую жахлівую ліхвярку… Ах, Божа! Няма тут чаго і казаць… Досыць, што нехта з блізкіх папярэдзіў яго, бо на яго якраз падала падазрэнне… На невінаватага, пане…
– Жэцкі, – падказаў экс-землеўласнік.
– Зусім несправядлівае, пане Жэцкі… Ну і ён… бядак уцёк за мяжу. Летась знайшоўся сапраўдны забойца, абвешчана было, што Людвік невінаваты, але што ж, як ён ужо два гады не піша…
Тут яна нахілілася да мяне і прашаптала:
– Гэленка, дачка мая, пане…
– Жэцкі, – падказаў адміністратар.
– Дачка мая, пане Жэцкі, не шкадуе грошай… шчыра кажу, не шкадуе на абвесткі ў замежныя часопісы, але ўсё марна… Кабета маладая, пане…
– Жэцкі, – падказаў адміністратар.
– Кабета маладая, пане Жэцкі, нябрыдкая.
– Прыгажуня! – горача ўдакладніў адміністратар.
– Я была крыху да яе падобная, – працягвала сівая дама, уздыхаючы і ківаючы галавою. – Дык вось, дачка мая маладая і нябрыдкая, мае адно дзіця і… можа, хоча яшчэ мець. Хоць, пане Вірскі, прысягаю, ніколі ні слова я пра гэта ад яе не чула… Пакутуе і маўчыць, але, што яна пакутуе, я здагадваюся. І мне было трыццаць гадоў…
– Каму з нас не было! – цяжка ўздыхнуў адміністратар.
Рыпнулі дзверы і прыбегла малая дзяўчынка з пруткамі ў руках.
– Бабуля, калі ласка, – закрычала яна, – я не магу скончыць каптанік маёй ляльцы.
– Гэлюня! – сурова спыніла яе бабуля. – Ты не пакланілася…
Дзяўчынка два разы крыху прысела і дрыгнула ножкаю ў наш бок (я адказаў нязграбна, а пан Вірскі, як граф) і працягвала, паказваючы бабулі пруткі, на якіх матляўся чорны ваўняны квадрацік:
– Калі ласка, бабуля, надыдзе зіма, і маёй ляльцы не будзе ў чым выйсці на вуліцу… Калі ласка, бабуля, зноў я вочка згубіла.
(Цудоўнае дзіця… Божа міласэрны! Чаму Стах не яе бацька? Можа, ён не вар’яцеў бы гэтак…)
Бабуля перапрасіла нас і ўзяла пруткі з воўнаю, а тым часам увайшла ў салон пані Стаўская.
Мушу прызнацца, я сустрэў яе годна, а Вірскі зусім згубіў галаву. Ён ускочыў з крэсла, як студэнт, зашпіліў сурдут яшчэ на адзін гузік, скажу нават – пачырванеў і забубніў:
– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара.
– Вельмі прыемна, – адказала пані Стаўская, апусціла вочы і пакланілася.
Але яе запунсавелы і крыху спалоханы твар сведчылі, што яна не лічыць мяне прыемным госцем.
“Пачакай жа! – думаю я і ўяўляю на сваім месцы Вакульскага. – Пачакай жа, зараз я цябе пераканаю, што няма чаго нас баяцца”.