– Калі не выпуклыя літары, а выбітыя… Што тут не здолець? Я нават на жалезе напісаў бы, нават на шкле, ды літарамі, якімі хочаш: прапіснымі, друкаванымі, нямецкімі, жыдоўскімі… Гэта ж я тут, не хвалячыся, усе шыльды намаляваў у мястэчку.
– І таго кракавяка, што вісіць над шынком?
– Няўжо ж.
– І дзе ж ты бачыў гэткага кракавяка?
– У пана Звольскага ёсць фурман з кракаўскіх, дык я на яго глядзеў.
– І ўбачыў, што ён мае абедзве нагі левыя?
– Прашу прабачэння, але людзі з правінцыі глядзяць не на ногі, а на бутэльку. Як убачыць хто з іх бутэльку ды кілішак, дык ужо не схібіць – проста да Шмуля трапіць.
Увішны хлопец усё больш падабаўся Вакульскаму.
– Ты не жанаты яшчэ? – спытаў ён.
– Не. З такою, што ходзіць у хустцы, я не ажанюся, а тая, што ў капелюшы, мяне не захоча.
– А што ж ты робіш, калі няма шыльдаў для малявання?
– О, пане, то тое, то сёе, а ўвогуле – нічога. Раней займаўся цяслярствам, не ўгнацца было за мною. За нейкіх пару гадоў адклаў тысячу рублёў. Але пагарэў летась, і з таго часу не магу ачомацца. Дрэва, варштаты – дымам пайшло. Быў гэткі пажар, што самыя цвёрдыя напільнікі расплавіліся, як смала. Калі ўбачыў я пажарышча, дык аж плюнуў ад злосці, а сёння мне і сліны той шкада…
– Адбудаваўся, маеш варштат?
– Гэ, пане!.. Паставіў я ў агародзе халупу, нібы хляўчук, каб матцы было дзе есці зварыць, але варштаты… На гэта ж трэба рублёў з пяцьсот, пане, гатоўкі, слова гонару, як мне Бог мілы… Гэта ж колькі гадоў бацьку нябожчыку давялося пагараваць, пакуль ён паставіў хату ды сабраў рыштунак.
Яны набліжаліся да руін. Вакульскі разважаў.
– Слухай, Венгелек, – сказаў ён нарэшце, – падабаешся ты мне. Я пабуду ў гэтай ваколіцы (ён ціха ўздыхнуў) яшчэ з тыдзень… А калі добра выб’еш мне надпіс на камені, на нейкі час вазьму цябе ў Варшаву… Там пагляджу, чаго ты варты, і… можа, знойдуцца твае варштаты.
Хлопец схіляў галаву з боку на бок, прыглядаючыся да Вакульскага. Яму чамусьці падумалася, што гэта можа быць вельмі заможны пан, нават з такіх паноў, якіх Бог пасылае, часам, каб яны апекаваліся людзьмі беднымі, і – зняў шапку.
– Чаго ж ты стаў? Накрый галаву… – сказаў Вакульскі.
– Перапрашаю пана… можа, я не так што сказаў?.. Але ў нас, пане, гэткіх паноў не бывае… Падобна, бывалі некалі даўней… Нават бацька-нябожчык казаў, што сам бачыў пана, які ўзяў у Заслаўлі сірату і зрабіў з яе вялікую пані, а ягамосці пакінуў столькі грошай, што пабудавалі за іх новую званіцу…
Вакульскі ўсміхаўся, пазіраючы на заклапочаную міну хлопца ды з дзіўным адчуваннем думаў, што яго даходу за адзін год хапіла б, каб ашчаслівіць больш за сто такіх вось, як гэты…
“Грошы, сапраўды, вялікая сіла, толькі трэба ўмець іх выкарыстаць…”
Яны падышлі ўжо да таго пагорка, на якім было замчышча, калі з суседняга пагорка пачуўся голас панны Феліцыі:
– Пане Вакульскі, мы тут!..
Вакульскі падняў вочы і ўбачыў паміж дубамі вогнішча, вакол якога сядзела заслаўская кампанія. За некалькі крокаў ад іх хлопец-буфетчык і пакаёўка ставілі самавар.
– Няхай пан пачакае мяне, я іду да пана! – загукала панна Ізабэла, падымаючыся з дывана.
Старскі падскочыў да яе.
– Я правяду кузіну, – сказаў ён.
– О, дзякуй, я сама спушчуся, – адказала панна Ізабэла, адпрэчваючы яго рухам рукі.
Потым яна пайшла ўніз па стромкаму схілу з такой грацыяй, нібы гэта былі прысады ў парку.
“Нягоднік я са сваімі падазрэннямі!” – падумаў Вакульскі.
У гэты момант здалося яму, што нейкі таямнічы голас загадвае зрабіць выбар паміж тысячамі такіх, як Венгелек, якім неабходна дапамога, і адной кабетаю, якая спускалася з гары.
“Я ўжо зрабіў выбар,” – падумаў Вакульскі.
– Але на замчышча мне самой не падняцца, мусіць пан даць мне руку, – сказала панна Ізабэла, калі параўнялася з Вакульскім.
– Можа, панства пажадае ісці лепшаю дарогаю, – азваўся Венгелек.
– Вядзі!
Яны абышлі гару і пачалі ўзбірацца наверх па высахлым рэчышчы раўчука.
– Які дзіўны колер маюць гэтыя камяні, – заўважыла панна Ізабэла пра вапняк у бурых плямах.
– Жалезная руда, – растлумачыў Вакульскі.
– О, не, – запярэчыў Венгелек. – Гэта не руда, гэта кроў…
Панна Ізабэла адхіснулася.
– Кроў?.. – паўтарыла яна.
Яны стаялі на вяршыні пагорка, ад рэшты кампаніі іх закрывала напалову разбураная сцяна. З гэтага месца відаць было замкавы дзядзінец, зарослы цярноўнікам ды барбарысам. Пад адною з вежаў ляжаў, прывалены да сцяны, вялізны кавалак граніту.
– Вось гэты камень, – сказаў Вакульскі.
– А, гэты… Хацела б я ведаць, як яго сюды зацягнулі... – прамовіла панна Ізабэла і звярнулася да Венгелька: – Мой чалавеку, што вы казалі пра кроў?
– Гэта даўняя гісторыя, – адказаў Венгелек. – Яшчэ мой дзед яе апавядаў… Зрэшты, тут усе яе ведаюць.
– Распавядзіце, – настойвала панна Ізабэла. – Сярод руін мне вельмі падабаецца слухаць легенды. Над Рэйнам іх шмат…
Яна зайшла на дзядзінец, асцярожна мінаючы цярністыя кусты, ды прысела на камень.
– Раскажыце гісторыю пра гэту кроў…
Венгелек ані кроплі не збянтэжыўся ад гэтае прапановы, наадварот, ён усміхнуўся і пачаў: