Дабраўся, нарэшце, мой каваль да залатога ложка, куды ўжо пачвары не мелі ходу, а стаялі навокал ды толькі зубамі шчоўкалі. Ён адразу ж убачыў у галаве панны залатую шпільку, схапіў яе і выцягнуў да паловы…
Аж кроў паказалася… А панна цоп яго рукою за сурдут і як закрычыць, як загалосіць:
– Навошта мне так балюча робіш, чалавеку!..
Вось тады каваль спалохаўся… Задрыжаў ён, і рукі ў яго апусціліся. Страхам толькі гэта і трэба было. Адзін з самаю вялікаю пашчаю падскочыў да каваля і гэтак яго цапнуў зубамі, што кроў пырснула праз акно і папляміла камяні, якія панства на ўласныя вочы бачыла. Але пры гэтым шэльма выламала сабе зуб, вялізны, як кулак, які пазней мой дзядуля знайшоў у струмені.
З таго часу камень заваліў уваход у падзямелле, і ніхто ўжо яго знайсці яго не можа. Струмень высах, а панна засталася ў прорве, напалову абуджаная. Плача яна цяпер гэтак голасна, што часам і я, і пастухі на лугах чуюць. І плакацьме яна векі вечныя.
Венгелек скончыў. Панна Ізабэла апусціла галаву і канцом парасона выводзіла нейкія знакі на друзе. Вакульскі не смеў зірнуць на яе.
Пасля працяглага маўчання ён звярнуўся да Венгелька:
– Цікавая твая гісторыя… Але скажы мне, як ты мяркуеш узяцца за выбіванне надпісу?
– Але ж я не ведаю, што трэба выбіць.
– Праўда.
Вакульскі дастаў нататнік і аловак, нешта напісаў і аддаў хлопцу.
– Усяго чатыры радкі! – сказаў Венгелек. – Праз тры дні, пане, будзе гатова… На гэтым камені можна выбіць, бадай, літары аж у цалю… Авой, забыўся шнурок, каб памераць. Я спушчуся, пане, да фурмана, можа, мне дасць… Зараз вярнуся.
Венгелек збег з пагорка. Панна Ізабэла зірнула на Вакульскага. Была яна бледная і ўзрушаная.
– Што гэта за радкі?.. – спытала яна і працягнула руку.
Вакульскі падаў ёй лісток, яна пачала чытаць напаўголаса:
“Мясціны, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам”.
Скончыла яна шэптам. Вусны ў яе дрыжалі, у вачах стаялі слёзы. Хвіліну яна камячыла лісток у пальцах, потым павольна павярнула галаву. Паперчына ўпала на зямлю…
Вакульскі апусціўся на калена, каб падняць, а потым даткнуўся да сукенкі панны Ізабэлы і, ужо не ведаючы сам, што ён робіць, схапіў яе за руку.
– Ты абудзішся, мая каралеўна… – прамовіў ён.
– Не ведаю… можа, – адказала яна.
– Гэй!.. Гэй!.. – загукаў знізу Старскі. – А хадзіце ўжо сюды, панства, бо абед астыне…
Панна Ізабэла выцерла слёзы і хутка пайшла з руінаў. За ёю ішоў Вакульскі.
– Што ж вы, панства, гэтак доўга там рабілі? – рагатаў Старскі, падаючы руку панне Ізабэле, якая паспешліва прыняла яе.
– Слухалі мы незвычайную гісторыю!.. – адказала панна Ізабэла. – Сапраўды, ніколі я не думала, што ў гэтым краі могуць існаваць падобныя легенды і што могуць іх гэтак цікава расказваць простыя людзі… А што ж ты дасі нам на абед, кузіне? Ах, гэта выключны хлапец!.. Папрасіце яго, каб ён і вам паўтарыў…
На Вакульскага ўжо не рабіла прыкрага ўражання, што панна Ізабэла ідзе са Старскім пад руку, што абапіраецца на яго, нават какетнічае з ім. Узрушэнне, сведкам якога ён быў, і адно нязначнае яе слоўца развеяла ўсе ягоныя страхі. Апанаваў яго спакойны роздум, і ён перастаў зважаць не толькі на Старскага, але на ўсё таварыства.
Ён памятаў, што падняўся на ўзгорак пад дубы, нешта там еў са смакам, быў вясёлы, гаваркі і нават крыху жартаваў з паннаю Феліцыяй. Але пра што там гутарылі?.. Пра што ён сам распавядаў? Ён не памятаў…
Заходзіла сонца, на небе паказаліся хмары, і Старскі загадаў слугам скласці посуд, кашы і дываны, а паням збірацца.
Яны селі ў брычку ў тым самым парадку, што і раней. Атуліўшы Эвеліну шалем, барон нахіліўся да Вакульскага і прашаптаў з усмешкаю:
– Яшчэ хоць дзень пабудзеш, пан, у гэткім настроі, як сёння, і закружыш галовы ўсім паням.
– Ну што ж!.. – паціснуў плячыма Вакульскі.
Ён сеў у канцы брычкі, насупраць панны Феліцыі. Ахоцкі размясціўся побач з фурманам, і яны паехалі.
Неба спахмурнела, цемра насоўвалася ўсё хутчэй. Але ў брычцы было вельмі весела, дзякуючы сварцы пані Вансоўскае з Ахоцкім, які і думаць забыўся на свае лятаўцы ды, перакінуўшы ногі праз козлы, павярнуўся да таварыства. Раптам, запальваючы папяросу, ён шоргнуў запалкаю і асвятліў брычку, а, галоўнае, Старскага.
У гэты момант Вакульскі рэзка адхіснуўся. Нешта нібы прамільгнула перад яго вачыма.
“Не можа быць!.. – падумаў ён. – Я зашмат выпіў…”
Пані Вансоўская пырснула кароткім смяшком, але адразу ж авалодала сабою і прамовіла:
– Што ж гэта за арыгінальны спосаб сядзець так, пане Ахоцкі!.. Фу, заўтра мусіць пан адмольваць грахі!.. Ах, нягоднік, ён жа хутка паставіць ногі некаму на калені… Адвярніся, пан, зараз жа, бо загадаю фурману, каб пакінуў пана сярод дарогі…
У Вакульскага халодны пот выступіў на лбе, але ён паціснуў плячыма і падумаў: “Здалося… здалося… што за глупства…”
І нечалавечым намаганнем волі ён адагнаў, нарэшце, падазрэнні. Зноў да яго вярнуўся добры гумор, і ён завёў вельмі вясёлую гутарку з пані Вансоўскаю.
А калі позна ўночы вярнуліся ў Заславак, ён заснуў як забіты, і нават снілася яму нешта забаўнае.