Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– У даўнія часы, калі яшчэ дзядуля мой лавіў птушак у дубах, па тых камянях, што мы ішлі, цякла вада. Цяпер яна тут толькі ўвесну або пасля моцнага дажджу, але ў маленстве майго дзядулі не высыхала цэлы год. У гэтым месцы быў струмень.

На дне струменя яшчэ ў дзядулевым маленстве ляжаў вялікі камень, нібы хто дзірку ім хацеў заткнуць. І праўда, была там дзірка, уласна, нават акно ў падзямелле, дзе схаваныя былі вялікія скарбы, якіх ніхто на свеце не бачыў. А сярод таго дабра на ложку з чыстага золата спіць панна, можа, нават нейкая графіня, надта прыгожая і багата ўбраная. Кажуць, што за адны аздобы ў яе валасах можна было купіць усе землі ад Заслаўля да Атроча.

А тая панна спіць вось з-за якое справы: нехта ўсадзіў ёй залатую шпільку ў галаву – можа, свавольства, а можа, і з нянавісці. Бог іх там ведае. Гэтак яна спіць і не абудзіцца да таго часу, пакуль хто тую шпільку ёй з галавы не выцягне, а потым з ёю не ажэніцца. Але гэта небяспечна, бо там, пад зямлёю, скарбы і самую панну пільнуюць розныя страшыдлы. А якія яны, мне добра вядома, бо пакуль мая хата не згарэла, хаваў я адзін зуб – з кулак. Гэты зуб дзядуля тут знайшоў (праўду кажу, не маню). А калі зуб быў, як кулак (бо я ж яго бачыў і ў руках трымаў), дык ужо галава мусіла быць, як печ, а туша, хіба, як стадола… Дык ваяваць з такім было цяжка, а ён жа не адзін, іх жа шмат. Таму самы смелы чалавек, хоць бы яму і надта спадабалася тая панна, а яшчэ больш яе дабро, не меў адвагі спусціцца ў падзямелле, каб яго там не ўгрызла нешта…

– Пра тую панну і пра тыя скарбы, – правіў далей Венгелек, – ведалі людзі здаўна, бо два разы на год – на Вялікдзень і на Святога Яна – адсоўваўся камень, што ляжаў на дне струменя, і хто стаяў тады над вадою, мог зазірнуць у прорву і ўбачыць тыя дзівосы.

Аднаго Вялікадня (дзядулі яшчэ на свеце тады не было) прыйшоў сюды, да замка, малады каваль з Заслаўля. Стаў ён над струменем і думае: “А што, каб паказаліся мне тыя скарбы?.. Зараз жа палез бы туды, нават у шчыліну, напхаў бы поўныя кішэні, і ўжо не пакутаваў б, раздуваючы мяхі”. Ледзьве ён так падумаў, аж раптам адсоўваецца камень, і бачыць каваль мяхі грошай, місы з чыстага золата і столькі дарагое адзежы, як на кірмашы…

Але спачатку ўгледзеў ён панну, якая спала, а была яна гэткая прыгожая, як казаў дзядуля, што каваль аслупянеў. Яна спала, і слёзы ў яе цяклі, а калі сляза падала ёй на кашулю ці на ложак, ці на падлогу, адразу ж замянялася на каштоўны камень. Спала яна і стагнала ад болю з-за шпількі, і кожны раз, як яна застогне, на дрэвах над струменем зашамаціць лісце ад жалю, што яна так пакутуе.

Ужо каваль наважыўся лезці ў падзямелле, але час мінуў, дык камень зноў закрыўся, аж струмень забулькатаў.

З таго часу мой каваль месца сабе не знаходзіў. Работа валілася ў яго з рук. Куды ні зірне, бачыць кругом той струмень, як шыбу, а за ёю – панну, у якой слёзы цякуць. Аж высах увесь, бо нешта трымала яго ўвесь час за сэрца распаленымі абцугамі. Вядома, зачаравала яна яго.

Калі туга ўжо стала зусім невыносная, пайшоў ён да аднае бабы, што зналася на зёлках, даў ёй срэбнага рубля і просіць парады.

– Анягож! – кажа баба. – Што тут парадзіш? Трэба дачакацца Святога Яна, а тады, як камень адсунецца, мусіш лезці ў прорву. Калі выцягнеш у панны з галавы шпільку, яна абудзіцца. Ажэнішся з ёю і будзеш вялікім панам, якога свет не бачыў. Толькі на мяне тады не забудзься, што я табе добра парадзіла. І яшчэ запомні: калі цябе жахі аточаць і пачнеш баяцца, зараз жа перахрысціся і бяжы з імем Божым… Уся штука ў тым, каб не спалохацца, зло не мае сілы над чалавекам, які не баіцца.

– А скажы ты мне, – пытаецца каваль, – як пазнаць, што чалавека страх даймае?..

– Хочаш ведаць?.. – кажа баба. – Ну дык ідзі да прорвы, а як вернешся, памятай пра мяне.

Два месяцы хадзіў каваль да струменя, а за тыдзень да Святога Яна ўжо і зусім адтуль не вяртаўся, толькі чакаў. І дачакаўся. У самы поўдзень камень адваліўся, і мой каваль з сякераю ў руцэ скочыў у яму.

Што там толькі (казаў дзядуля) вакол яго не дзеялася, валасы дыбарам на галаве ўстаюць. Бо атачылі яго гэткія пачвары, што іншы памёр бы, каб толькі зірнуў на іх. Былі там (казаў дзядуля) кажаны, вялікія, як сабакі, але яны толькі махалі над ім крыламі. А то загарадзіла яму дарогу рапуха, вялізная, як вось гэты камень. То змяя спавіла яму ногі, а варта было кавалю выцяць яе, як змяя заенчыла чалавечым голасам. Былі ваўкі, гэткія злосныя, што аж пена ў іх з пысы цякла і раптам выбухала полымем ды выпальвала дзіркі ў скале.

Усе гэтыя пачвары лезлі яму на карак, хапалі за сурдут, за рукавы, але аніводная не насмельвалася яму нічога зрабіць. Бо яны бачылі, што каваль не баіцца, а ад таго, хто не баіцца, зло ўцякае, як цень ад чалавека. “Загінеш тут, каваль,” – крычалі страхі, але ён толькі сціскаў сякеру ў руцэ і… перапрашаю, гэтак ім адказваў, што сорамна мне тут панству паўтарыць…

Перейти на страницу:

Похожие книги